Гісторыя99

Выхадзец з беларускай шляхты 28 гадоў кіраваў савецкай замежнай палітыкай. Чым запомніўся Грамыка, які атрымаў мянушку Містар Не

Падзенне рэжыму ў Сірыі, нягледзячы на падтрымку расійскіх войскаў, прымусіла ўспомніць пра легендарнага экс-кіраўніка МЗС СССР Андрэя Грамыку: ён яшчэ ў 1982-м асцерагаўся, што савецкім салдатам давядзецца ваяваць замест сірыйцаў, абараняючы ўладу Хафеза Асада — бацькі ўжо зрынутага Башара Асада. Беларус Грамыка, які нарадзіўся на Гомельшчыне, 28 гадоў быў міністрам замежных спраў СССР. Без перабольшання яго можна назваць чалавекам-эпохай. Пачатак кар’еры дыпламата прыпаў на заканчэнне сталінскага Вялікага тэрору, а да перабудовы ён заняў пасаду старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета — то-бок фармальнага кіраўніка Савецкага Саюза. Як так атрымалася, што выхадзец з беларускай малазямельнай шляхты падпісаў ад імені СССР Статут ААН і стаў кіраўніком замежнай палітыкі камуністычнай звышдзяржавы? Чым ён запомніўся на гэтай пасадзе? «Люстэрка» расказвае пра чалавека, які атрымаў мянушку Містар Не.

Андрэй Грамыка. Фота: ООН / Ю. Нагата

Са Старых Грамыкаў у Нью-Ёрк

Беларускай вёскі Старыя Грамыкі, у якой 115 гадоў таму нарадзіўся будучы дыпламат і фармальны лідар СССР, ужо няма на карце. Знаходзілася яна на тэрыторыі цяперашняга Свяцілавіцкага сельсавета Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС ударыла па малой радзіме Андрэя Грамыкі акурат у момант, калі ён быў на піку сваёй кар’еры. Вёску, якая трапіла ў зону радыеактыўнага забруджання, рассялілі, а ў 2011 годзе ліквідавалі цалкам.

Шляхецкая ваколіца Старыя Гарамыкі (пазней Старыя Грамыкі) на карце Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі 1783 года. Фота: wikimedia.org

У савецкіх афіцыйных біяграфіях Грамыкі адзначалася, што ён нарадзіўся 18 ліпеня 1909 года ў сялянскай сям'і. Але ў сучасных жыццяпісах палітыка звычайна звяртаюць увагу на тое, што ён паходзіў са старадаўняга шляхецкага роду (хоць у публікацыі да 115-годдзя Грамыкі ў афіцыйнай газеце Адміністрацыі Лукашэнкі дэпутат і ідэолаг Вадзім Гігін пра гэта прадказальна прамаўчаў). Ніякай супярэчнасці тут няма: пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у Расійскай імперыі прайшлі так званыя разборы шляхты, калі значную частку гэтага шматлікага саслоўя перапісалі ў мяшчан і сялян. Як бы там ні было, род «Грамыка» фігуруе ў спісе прозвішчаў шляхты ВКЛ.

Як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі, бацька будучага дыпламата да рэвалюцыі ездзіў на заробкі ў Канаду, дзе вывучыў англійскую мову, але праз траўму рукі быў вымушаны вярнуцца на радзіму. Цалкам магчыма, што менавіта аповеды бацькі пра гэтае падарожжа і хатнія «ўрокі» англійскай паўплывалі на далейшы лёс хлопчыка.

Андрэй Грамыка, як і належыць вясковаму дзіцяці, з дзяцінства працаваў, з 13 гадоў разам з бацькам — на лесанарыхтоўках. Пасля заканчэння 7-гадовай вясковай школы ён адвучыўся ў ПТВ у Гомелі, а потым паступіў у Старабарысаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Паводле ўспамінаў дачкі дыпламата, Эміліі Грамыка-Піродавай, там здольны студэнт нават паспеў папрацаваць выкладчыкам. А яшчэ пазнаёміўся з будучай жонкай, Лідзіяй Грыневіч. Іх моцныя адносіны доўжыліся да канца жыцця Андрэя. Услед за мужам Лідзія Грамыка дасканала вывучыла англійскую і стала адной з тых жонак савецкіх палітыкаў, што падарожнічалі найбольш. Разам з Раісай Гарбачовай яна была сярод нямногіх жонак крамлёўскіх лідараў, якія рэгулярна паказваліся на публіцы.

Але пакуль усё гэта было ў далёкай будучыні. У многіх публікацыях пішуць, што пасля барысаўскага тэхнікума Грамыка з 1932 года вучыўся ў мінскім наргасе (Беларускім дзяржаўным універсітэце народнай гаспадаркі, цяпер БДЭУ). Гісторык Эмануіл Іофе звярнуў увагу, што такога не магло быць: наргас з’явіўся толькі ў 1933 годзе. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра Інстытут эканомікі Беларускай акадэміі навук, які адкрыўся акурат у сакавіку 1931 года. Пасля двух курсаў, працягваючы вучыцца ў інстытуце экстэрнам, Грамыка пайшоў працаваць дырэктарам мінскай школы. А ўжо адтуль таленавітага аспіранта-эканаміста перавялі ў НДІ сельскай гаспадаркі ў Маскву, дзе ў 1936 годзе 27-гадовы Грамыка абараніў кандыдацкую дысертацыю па сельскай гаспадарцы ЗША. Перад маладым чалавекам маячыла перспектыва паспяховай кар’еры навукоўца-эканаміста і выкладчыка.

Аўтамабілі на вуліцы Леніна (Францысканскай) у Мінску. 1935 г. Фота: wikimedia.org (Куркоў І. Мінск незнаёмы. 1920−1940. — Менск: Ураджай, 2002. С. 114)

Аднак у 1937 годзе ў СССР пачаўся Вялікі тэрор, падчас якога Народны камісарыят замежных спраў (савецкае МЗС) быў практычна разгромлены рэпрэсіямі. У свеце ў той час ужо выразна патыхала новай вялікай вайной, міжнародная абстаноўка напальвалася, і Сталіну тэрмінова спатрэбіліся кадры для запаўнення шматлікіх дыпламатычных вакансій. Андрэй Грамыка з яго афіцыйным сялянскім паходжаннем і свабоднай англійскай (да ўрокаў бацькі дадалося ўзмоцненае вывучэнне мовы падчас напісання дысертацыі пра ЗША) быў заўважаны наркамам замежных спраў Вячаславам Молатавым і трапіў на працу ў камісарыят.

У 1939 годзе «выпадковы» дыпламат ужо ўзначаліў аддзел амерыканскіх краін Наркамата замежных спраў. А потым скіраваўся ў ЗША на пасадзе дарадцы амбасады. Адносіны з тагачасным амбасадарам СССР у ЗША Максімам Літвінавым (дарэчы, выхадцам з габрэйскай сям'і, што нарадзіўся на Гродзеншчыне) у Грамыкі не склаліся. Але «пацярпелым» бокам у гэтым канфлікце стаў акурат яго начальнік — праз чатыры гады Літвінава адклікалі ў СССР, а Грамыка заняў пасаду амбасадара. І заставаўся на ёй да 1946 года.

Андрэй Грамыка (трэці справа) побач з Іосіфам Сталіным і прэзідэнтам ЗША Гары Трумэнам на Патсдамскай канферэнцыі ў ліпені 1945 года. Фота: U.S. National Archives and Records Administration / wikimedia.org

У ЗША Грамыка актыўна займаўся падрыхтоўкай Тэгеранскай, Патсдамскай і Ялцінскай канферэнцый, якія вызначылі пасляваенны лад свету. А ў дзвюх апошніх і сам браў актыўны ўдзел. Бліжэй да канца Другой сусветнай вайны, у кастрычніку 1944 года, 35-гадовы беларус узначаліў савецкую дэлегацыю на канферэнцыі ў Думбартан-Окс (ЗША), дзе краіны антыгітлераўскай кааліцыі дамовіліся пра стварэнне ААН. З гэтага моманту і да канца 1940-х Грамыка заставаўся тварам СССР у гэтай міжнароднай арганізацыі са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку. Пад Статутам ААН ад імені Савецкага Саюза стаіць яго подпіс.

Містар Не

Сталінская мадэль кіравання пакідала не асабліва шмат свабоды нават высокапастаўленым дыпламатам, якія заставаліся паслухмянымі выканаўцамі волі правадыра. Магчыма, менавіта ў сувязі з гэтым Грамыка праславіўся рэкорднай колькасцю блакаванняў рашэнняў Савета Бяспекі ААН — за першыя два гады працы арганізацыі ён 26 разоў карыстаўся правам вета. Адно з самых вядомых вета Грамыкі — блакаванне прапановы ўвесці міжнародны кантроль за атамнай зброяй. Сталінскі СССР, які ў першыя пасляваенныя гады з усёй сілы спяшаўся стварыць уласную ядзерную зброю, не мог пагадзіцца на такі крок.

Таксама шырока вядомай фішкай Грамыкі быў непранікальны выраз твару — толькі зрэдку ён асвятляўся нечым кшталту ўхмылкі. Але гэты «покерфэйс» дыпламат насіў менавіта на службе.

У той час штаб-кватэра ААН яшчэ не была адбудаваная, і паседжанні Савета Бяспекі праходзілі ў будынку каледжа Hunter у раёне Бронкс. Такая абстаноўка стварала нязмушаную атмасферу, у якой дыпламаты і службоўцы амбасадаў свабодна размаўлялі адно з адным, разам снедалі і абедалі, абменьваючыся ў буфеце плёткамі. Падчас перапынкаў паміж паседжаннямі Грамыка здымаў сваю непранікальную маску і быў не супраць адпусціць жарт. Расказваюць, што пасля аднаго асабліва працяглага і няўдалага паседжання Савета Бяспекі ён заявіў, што гатовы прагаласаваць за рэзалюцыю, прапанаваную апанентамі. Але толькі ў тым выпадку, калі перад усімі сцвярджальнымі прапановамі паставіць часціцу «не». З таго часу ў заходніх СМІ за Грамыкам замацавалася мянушка Містар Не.

Андрэй Грамыка і прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі. Фота: wikipedia.org

Ураджэнец вёсачкі на гомельскім Палессі аказаўся дзівосным палітычным доўгажыхаром як па мерках СССР, так і па агульнасусветных. З 1946 да 1952 года ён быў намеснікам міністра замежных справаў, у 1952−1953-м — амбасадарам СССР у Вялікабрытаніі. Пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе Грамыку зноў прызначылі намеснікам міністра. А ў 1957-м ён стаў кіраўніком савецкай дыпламатыі — і заставаўся на гэтай пасадзе 28 гадоў.

Беларус «перажыў» амаль усіх крамлёўскіх лідараў. Ён быў на пасляваенных канферэнцыях разам са Сталіным, а ўжо ў 1954-м рыхтаваў заяўку на сяброўства СССР у NATO. Гэты ж чалавек прысутнічаў на Генасамблеі ААН, калі Хрушчоў стукаў па стале чаравікам, і знаходзіўся ў Вене разам з Брэжневым, калі той падпісваў дамову пра стратэгічныя ўзбраенні з ЗША. Грамыка кіраваў савецкім МЗС і на піку халоднай вайны падчас Карыбскага крызісу, і падчас брэжнеўскай «разрадкі». Яму аднолькава паспяхова ўдавалася роля Містара Не для блакавання ініцыятыў заходніх дзяржаў — і ветлівага дыпламата перыяду пацяплення адносін паміж Усходам і Захадам.

Андрэй Грамыка з прэзідэнтам ЗША Джымі Картэрам у 1978 годзе. Белы дом, Вашынгтон, ЗША. Фота: U.S. National Archives and Records Administration / wikimedia.org

Сакрэтам гэтай зайздроснай выжывальнасці была вельмі высокая кампетэнтнасць. Андрэй Грамыка, які меў неверагодную памяць, авалодаў хітраспляценнямі міжнароднай палітыкі ў такой ступені, што гэта зрабіла яго незаменным для ўсіх крамлёўскіх правадыроў. І ў той жа час галоўны савецкі дыпламат ніколі не дэманстраваў палітычных амбіцый і не імкнуўся «падседзець» кагосьці з савецкіх лідараў. Ён быў выдатным экспертам — і адначасова паслухмяным выканаўцам волі сваіх кіраўнікоў. Магчыма, менавіта гэтую яго рысу ў канцы 30-х гадоў разгледзеў Сталін.

Зрэшты, дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы і дзяржаўны сакратар ЗША Генры Кісінджэр сведчыў, што гэтая паслухмянасць Грамыкі мела межы. Аднойчы Мікіта Хрушчоў прылюдна адпусціў грубы жарт на адрас свайго міністра замежных спраў. Ён назваў яго чалавекам, які па камандзе можа не пярэчачы сядзець на халодным лёдзе, пакуль яму не загадаюць устаць. Кісінджэр успамінаў, што пасля такіх жартаў «твар Грамыкі расплываўся ва ўсмешцы. Але вочы набывалі небяспечны і трохі меланхалічны выраз — як у бігля, які трываў усе невытлумачальныя дзівацтвы гаспадара, але навучыўся выкарыстоўваць іх у сваіх інтарэсах».

У заходніх СМІ стыль працы Андрэя Грамыкі характарызавалі як традыцыйны стыль «рускай дыпламатыі» — грунтоўны, раздражняльна павольны, цяжкі, скрупулёзны і непахісны. Журналісты звярталі ўвагу на яго па-ўсходняму ўважлівае стаўленне да дыпламатычнага рытуалу і выразу твару. Грамыка падыходзіў да кожнай гутаркі бездакорна падрыхтаваным, імкнуўся выцягнуць козыр праціўніка ў самым пачатку перамоў — але свой уласны даставаў толькі тады, калі ўжо не заставалася выбару, часу ці магчымасці для манеўру. На перамовах ён часта спрабаваў змарнаваць сваіх апанентаў, дамагчыся саступак настойлівасцю, а ў выпадку неабходнасці мог сімуляваць эмоцыі накшталт гневу. Але звычайна стараўся заставацца цалкам спакойным.

Андрэй Грамыка і прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі ў кастрычніку 1961 года. Белы дом, Вашынгтон, ЗША. Фота: Abbie Rowe — John F. Kennedy Presidential Library and Museum / wikimedia.org

Згаданы вышэй Кісінджэр адзначаў, што «весці перамовы з Грамыкам, не валодаючы ўсімі дэталямі праблемы, раўнялася самагубству».

Як беларус стаў намінальным кіраўніком СССР (і ледзь не стаў рэальным)

Нягледзячы на адсутныя да часу ўладныя амбіцыі, Грамыка ўрэшце ўзабраўся на фармальную вяршыню савецкага палітычнага алімпу. Першы крок у гэтым кірунку яму дапамог зрабіць Леанід Брэжнеў. У 1973 годзе гэты савецкі лідар вырашыў дадаць вагі кіраўнікам КДБ, міністэрстваў абароны і замежных справаў. Іх, у тым ліку Андрэя Грамыку, Брэжнеў запрасіў у Палітбюро ЦК КПСС — вузкі «клуб» партыйнага кіраўніцтва, які фактычна кіраваў Савецкім Саюзам.

У СССР таго часу існавала своеасаблівае двоеўладдзе. Намінальна кіраўніком дзяржавы быў старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (парламента). Але рэальныя рычагі ўлады меў генеральны сакратар Камуністычнай партыі СССР. Часта гэтыя пасады «сумяшчаў» адзін і той жа чалавек, але часам фармальную найвышэйшую дзяржаўную пасаду займалі іншыя людзі. Так, Брэжнеў быў і генеральным сакратаром, і старшынёй у 1977−1982 гадах. Але ў 1964−1965-м фармальным кіраўніком савецкай дзяржавы быў Анастас Мікаян, а ў 1965−1977-м — Мікалай Падгорны.

У 1984 годзе памёр Юрый Андропаў, савецкі лідар, які «для надзейнасці» займаў абедзве пасады. Тагачасны міністр абароны СССР Дзмітрый Усцінаў сцвярджаў, што пасля смерці Андропава Грамыка прэтэндаваў на пасаду генеральнага сакратара КПСС — то-бок рэальнага, а не намінальнага лідара дзяржавы. Але Усцінаў тады нібыта палічыў, што беларус не падыходзіць на гэтую пасаду праз свой характар. І прапанаваў кандыдатуру цяжка хворага Канстанціна Чарненкі, якую падтрымалі астатнія ўдзельнікі сустрэчы. Сам Грамыка, наадварот, у гутарцы з апошнім кіраўніком КДБ Уладзімірам Кручковым расказваў, што пасаду генеральнага сакратара яму прапаноўвалі чальцы Палітбюро — але ён адмовіўся ад яе.

На трыбуне Маўзалею чальцы Палітбюро ЦК КПСС: Канстанцін Чарненка, Мікалай Ціханаў, Леанід Брэжнеў, 1 траўня 1982 года. Фота: сайт Камуністычнай партыі Азербайджана

А ў 1985 годзе, пасля смерці Чарненкі, Грамыка сам прапанаваў Палітбюро абраць на пасаду генеральнага сакратара спрэчную на той момант кандыдатуру Міхаіла Гарбачова. Праз некалькі месяцаў пасля гэтага Гарбачоў аддзячыў яму, прызначыўшы на намінальна найвышэйшую дзяржаўную пасаду старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Зрэшты, адначасова з гэтым Гарбачоў вырашыў і іншую задачу. А менавіта — прыбраў Грамыку з МЗС, бо быў незадаволены «кансерватыўным і дагматычным падыходам Грамыкі» да замежнай палітыкі СССР.

Пакінуўшы МЗС, беларус быў фармальным кіраўніком Савецкага Саюза тры гады, да кастрычніка 1988 года. Не дажыўшы пару тыдняў да свайго 80-годдзя, 2 ліпеня 1989 года Грамыка памёр.

Лепш дзесяць гадоў перамоў, чым адзін дзень вайны

Андрэй Грамыка, як кіраўнік дыпламатыі адной са звышдзяржаў, ствараў эпоху, у якой існаваў. І адначасова быў яе прадуктам. Ён мае дачыненне да такіх драматычных праяў савецкай замежнай палітыкі, як увод войскаў у Чэхаславакію ў 1968 годзе і ў Афганістан у 1979-м. З іншага боку, шмат у чым дзякуючы яму адбылася вельмі важная для перыяду халоднай вайны разрадка ў адносінах паміж ЗША і СССР, якая цягнулася з канца 60-х да канца 70-х гадоў.

Нягледзячы на ўсе пагрозлівыя заявы і непахісную пазіцыю па многіх пытаннях, Грамыка быў прыхільнікам мірнага суіснавання з ЗША і іншымі краінамі Захаду. Ён ненавідзеў вайну, і ў яго была вельмі важкая прычына для гэтага: два яго браты, Андрэй і Фёдар, загінулі ў гады Другой сусветнай.

Леанід Брэжнеў і Андрэй Грамыка (другі і трэці справа) сустракаюцца з прэзідэнтам ЗША Джэральдам Фордам і Генры Кісінджэрам. Уладзівасток, СССР, 1974 год. Фота: David Hume Kennerly — Gerald R. Ford Presidential Library / wikimedia.org

Своеасаблівым дэвізам Андрэя Грамыкі сталі яго ж словы: «Лепш дзесяць гадоў перамоў, чым адзін дзень вайны», — якія ён вымавіў, атрымаўшы абвінавачанні ў зацягванні перамоўнага працэсу. Шмат у чым дзякуючы яго намаганням халодная вайна паміж Захадам і Усходам не ператварылася ў поўнамаштабную гарачую, хоць часам і моцна «іскрыла» па ўсім свеце.

На адкрыцці выставы ў гонар 110-годдзя з дня нараджэння дыпламата ў 2019 годзе генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш успомніў, як у 1982 годзе Грамыка ў якасці савецкага міністра замежных спраў абвясціў, што СССР не выкарыстае першым ядзернай зброі. А калі расійскі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў успомніў цытату Грамыкі пра перавагу дзесяцігадовых перамоў перад аднадзённай вайной, Гутэрыш паскардзіўся, што яму ўсё часцей даводзіцца мець дачыненне з палітыкамі, якія хутчэй пагодзяцца на 10 гадоў вайны, чым на адзін дзень перамоў.

Каментары9

  • беларус 80-я
    15.12.2024
    Чым запомніўся гомельскі калхазан? Так служыў Маскве, а потым прыехаў у канцы 1980-х у Беларусь, а там Беларускі Народны Фронт і маскоўскі камунізм пасыпаўся, то ён толькі маўчаў ад шоку.
  • Car
    15.12.2024
    Усё ж недзе раней чытаў што як раз Грамыка быў супраць ўводу савецкіх войскаў у Аўганістан ў адрозненні ад тагачаснага міністра абароны Усцінава і шэрагу іншых крамлёўскіх старцаў разам з Брэжневым.
  • бабруйчанін
    15.12.2024
    Трапіць у мзс сесесер " кубло" дзе кіравалі " з каранямі у Беларусі" затрымацца узначаліць і столькі год кіраваць ??? На гэта здольны толькі беларус..Які пра сябе пасміхнецца на словы " гаспадара" і праз " дзесяць год перамоў..." у зручны час нагадае...усім усе.

Кім аказаўся той беларус, што ў адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх5

Кім аказаўся той беларус, што ў адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, ці пакаралі правадніцу, якая нібыта выкінула з вагона на мароз ката Твікса2

У ЗША знайшлі 12 касет з нявыдадзенымі запісамі Майкла Джэксана

Сірыйскія друзы просяцца ў Ізраіль4

Палякі працягваюць масава цалаваць ручку дамам. Часам гэта прыводзіць да канфузаў10

У Мазыры будуць судзіць за карупцыю былых членаў антыкарупцыйных камісій2

У Варонежскай вобласці аўтобус з параненымі на вайне ўрэзаўся ва «Урал» з іншымі расійскімі вайскоўцамі4

Як торт, фота ў ванне і святочны манікюр дапамагаюць раскрыць здраду? Сюжэты з жыцця беларусаў, якім пазайздросціла б Агата Крысці20

Ці сапраўды карысна адмаўляцца ад салодкага?2

Як выглядае ўнутры гандлёвы цэнтр у Віцебску пасля пажару ФОТЫ2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кім аказаўся той беларус, што ў адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх5

Кім аказаўся той беларус, што ў адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх

Галоўнае
Усе навіны →