«Зрабіць са свайго жыцця рэаліці-шоу». Беларус, які апынуўся на вуліцы, збірае грошы на прытулак для бяздомных у Варшаве
«Тое, што маё жыццё выглядае так маргінальна — гэта ўсяго толькі вокладка. Ні кроплі не сумняюся, што мая бяздомнасць — гэта часовая прыгода…» — кажа нам Віктар Блаславёны вандроўнік, які ўжо два гады жыве на вуліцы. Беларус марыць зрабіць са свайго жыцця сусветна вядомае рэаліці-шоу, каб зарабіць грошай і адкрыць у Варшаве прытулак сямейнага тыпу для бяздомных, піша Белсат.
Калі адчыняю цяжкія дзверы касцёлу святога Андрэя Баболі на варшаўскай Празе, Віктар спіць на вазку пад аховай вялізнага распяцця на самым ўваходзе (на каленях — смартфон, падключаны да зарадкі).
«Самае месца для блажэннага», — жартую.
«А, гэта ты! — працірае вочы мужчына. — Дапамажы мне троху з торбамі, а тэлефон хай зараджаецца, але трэба вонкі вынесці, каб не скралі — да касцёлу таксама розныя людзі ходзяць», — пасміхаецца бяздомнік.
Сядаем на лаўку на дзядзінцы пры касцёле. Віктар прыкурвае «Marlboro». Будзе паліць падчас размовы амаль безупынна.
«Ні есці, ні піць, ні паліць — толькі спаць»
«Зашмат палю? Гэта замест кавы. Ты ж не ўзяў з сабой тэрмасу, не? Разумееш, большасць людзей, якія маюць праблемы са сном, пакутуюць на бяссонне. А ў мяне ўсё не як у людзей — маю гіперсанлівасць. Калі мяне не чапаць, магу цэлымі суткамі спаць. Ні есці, ні піць, ні паліць — толькі спаць. Не магу прачнуцца. Нейкае парушэнне псіхічнае. Я і зараз сплю. Размаўляю з табой, а вочы напалову заплюшчаныя», — кажа Віктар і трэ вочы тыльным бокам далоні.
«Ну, карацей, не ўпісваюся я ў рамкі грамадства. Цяжка мне ў іх упісацца», — прызнаецца наш суразмоўца.
Віктару Анікеенку 46 гадоў. Нарадзіўся, вырас і атрымаў адукацыю ў Гомлі. Як сцвярджае, мае аж тры вышэйшыя адукацыі: інжынера-фізіка, эканаміста-менеджара і псіхолага. Пасля вучобы з'ехаў з Гомля ў расейскую сталіцу («Маю 15 гадоў Масквы»). Працаваў там «па-чорнаму» (без працоўных дамоваў) гандлёвым прадстаўніком і забеспячэнцам у розных фірмах. Займаўся таксама рэпетытарствам. У нейкі момант — ішоў 2019-ы, надыходзіў COVID — упершыню апынуўся на вуліцы. Туляўся па Маскве паўгода.
«Гэта быў цікавы журналісцкі эксперымент», — заўважае з іроніяй наш суразмоўца.
Бадзяўся па Маскве, пакуль выпадкова не спаткаўся з даўняй сяброўкай (і каханнем) з Гомлю, якая «спакусіла зноў адведаць Гомель». Адведзіны радзімы расцягнуліся на паўтары гады. У 2020 годзе Віктара некалькі разоў затрымлівалі падчас маршаў пратэсту — агулам два тыдні ён адседзеў за кратамі гомельскага ІЧУ. У 2022-м Анікеенка з'ехаў з Беларусі.
У Варшаве беларус зарабляў на жыццё дастаўкай ежы. Аднойчы, спяшаючыся давезці замову, заехаў колам самакату ў яміну і зламаў нагу. Мінакі выклікалі хуткую. Потым быў шпіталь, аперацыя і рахунак на 15 тысяч злотых (на сёння — больш за 3500 еўраў) за лячэнне (страхоўкі не меў). Складаны пералом.
Гэтак Віктар апынуўся ў інвалідным вазку ды ў ролі Блаславеннага вандроўніка.
Расказвае, што першы вазок падарылі яму добрыя людзі яшчэ ў шпіталі. З таго часу змяніў пяць ці шэсць вазкоў. Адзін з іх, прыкуты да слупа ля касцёлу, стаіць непадалёку ад нас.
«Той вунь — пра запас. Калі што з гэтым станецца, то каб было на што перасесці. У мяне часта вазкі ламаліся. Аднаго разу проста з падворку скралі і выкінулі на сметнік ўсе мае рэчы, якія на ім былі навешаныя», — распавядае Віктар.
«Я працаголік, для мяне праца важней за начлег»
Торбы і рэчы ў іх — найважнейшае для чалавека вуліцы. Без іх ён ніхто. Гэта ягоны скарб, набытак і маёнтак адначасова. Дом.
На вазку торбы вазіць лягчэй і зручней. Віктар ужо можа хадзіць, але «не пацягнуў бы ўсяго на сваіх дваіх». Пасля пералому нагі мае праблемы з пазваночнікам, запісаўся на рэабілітацыю, але чарга даўжэзная — не дачакацца.
У торбах і сумках Блаславеннага вандроўніка: ежа ў пакунках, бутэлькі з вадой, планшэт (падарунак польскага журналіста Барташа Ганзалеса, як сцвярджае), гукаўзмацняльнік на 500 ват і мікрафон (для спявання і стэндапаў — збіраецца выступіць ва ўкраінскім клубе на «адкрытым мікрафоне»), дыванок, пакрыты фольгай («для спання на бетоне»), машынка для стрыжкі, вопратка, іншыя рэчы.
Пакінуць торбы без нагляду — значыцца страціць назаўсёды. У гэтым праблема варшаўскіх начлежак і прытулкаў для бяздомных, дзе рэчы ўвогуле пакідаць не дазваляюць, кажа Віктар. Да таго ж пасля 22:00 у варшаўскія начлежкі ўжо не трапіш — дзверы замыкаюцца. А менавіта пасля 22-й гадзіны Віктар выязджае на свае «вандраванні».
«Я ж начны лад жыцця вяду: лажу па «кнайпах» (значыць, па недарагіх рэстаранах — рэд.), камунікую з людзьмі. Усё залежыць ад таго, што для цябе каштоўней: проста паспаць ці завязаць новыя кантакты, зарабіць новыя грошы і новых падпісчыкаў на свой «Ютуб». Я ж працаголік, для мяне праца важней, чым начлег. А пераначаваць я магу і ў пад'ездзе», — з усмешкай на вуснах тлумачыць Віктар.
Папярэднюю ноч ён спаў у пад'ездзе дому на плошчы Трох крыжоў, код ад якога падказаў яму «адзін чалавек з «П'янай вішні». Коды ад некаторых камяніц Віктар ведае яшчэ з часоў працы кур'ерам.
З намі ён гутарыць па-беларуску, і ягонай беларускай маглі б пазайздросціць некаторыя сябры Каардынацыйнай рады. Але ўначы, падчас «працы на кнайпах», карыстаецца яшчэ польскай, расейскай, украінскай, ангельскай ды нямецкай мовамі. Не крыўдзіцца, калі хтосьці называе яго па-расейску «бамжом».
«Ну, гэта ж традыцыя усяго СНД. Я, наадварот, бывае, з гумарам і добрай іроніяй прадстаўляюся як «самы прасунуты бомж Варшавы». Бо, мне здаецца, я тут па-за канкурэнцыяй. Не ведаю нікога са сваіх калегаў, хто б вёў свой блог на «Youtube». Ёсць такі маргінал-алкаголік Максимус-Максимка, але ён на «ТыкТок», і ў яго шмат мацюкоў. А я да такога не апускаюся», — расказвае Віктар.
«Хачу замуціць праект, у межах якога бяздомнікам давалі б не рыбу, а вуду»
«Прошэ грошык! Прошэ пана грошык для бяздомнага інфлюенсера, псіхолага і блогера», — змяняе інтанацыю Віктар, калі бачыць, што да касцельнай брамы набліжаецца мужчына сярэдніх гадоў. Праходзіць міма, але кідае позірк на жабрака, вяртаецца і сыпле яму ў далонь манеты. Віктар пералічвае: восем злотых.
Падыходзіць пажылая жанчына — пані Эльжбэта. Пытаецца, адкуль мы і, даведаўшыся, што з Беларусі, раіць «горача маліцца Богу, бо не маем іншага выйсця». Віктар неяк аж занадта іранічна пасміхаецца і ўступае ў палеміку. Кажа, што злыя людзі ёсць усюды. Распавядае жанчыне, як нядаўна палякі яго выгналі з пад'езду, а потым дагналі і вылілі коўш халоднай вады на галаву.
Жанчына са скрухай ківае галавой. Парыруе: маўляў, ёсць жа ў Польшчы адмысловыя прытулкі «для такіх бедалагаў, як пан».
«Ёсць, але ў каталіцкім «Карытасе» патрабуюць накіравання з сацыяльнай службы, а ў сацыяльнай службе для накіравання патрабуюць карту побыту. А калі не маеш карты, то не маеш ніякіх шанцаў і правоў на дах над галавой…» — спрабуе тлумачыць Віктар.
Бабуля зноў ківае галавой і пакідае «бяздомнаму інтэлігенту» з Беларусі 20 злотых (каля 5 еўраў). Абяцае маліцца за ягонае здароўе.
Віктар хавае грошы і расказвае, што са жніўня 2023-га жыве без пашпарту. Пэўна, выпаў калісьці з дзіравай кішэні курткі. Але ён паспеў падацца на міжнародную абарону і на днях атрымаў станоўчае рашэнне. Так што неўзабаве будзе гатовая і карта побыту (від на жыхарства).
Гэта, па словах Віктара, дапаможа яму ў ажыццяўленні ягонай мары. З сіняй сумкі з літарай «W» дастае планшэт і распавядае, што хоча зрабіць.
«Галоўная праблема ў тым, што грамадства і дзяржава дае бяздомным шмат рыбы, гэта значыць робіць, у прынцыпе, усё, каб мы не змерзлі і не падохлі з голаду, але не дае галоўнага — вуды. І я маю такую мару, якая афармляецца ўжо ў цвёрды намер і вымалёўваецца ў план, каб адкрыць свой цэнтр дапамогі бяздомным, а ў ідэале — прытулак «усё ў адным». Каб там не толькі пераначаваць і перакусіць можна было, а і зрабіць самае галоўнае — знайсці сябе, сваё прызначэнне, сэнс ў жыцці і працу, якая б пасавала і была б табе па душы», — тлумачыць Блаславенны вандроўнік.
«Гэта значыць, я хачу замуціць такі інавацыйны праект, дзе ў фокусе была б вуда, а не рыба», — закругляе Віктар.
«Вельмі наіўна гучыць, калі бяздомным раяць «узяць сябе ў рукі»
Толькі ў гэты момант мужчына, здаецца, канчаткова прачынаецца. Разумныя і крыху усмешлівыя вочы, якія пазіраюць на мяне з адценнем пагарды (як вайсковец на цывільнага, які ніколі ў жыцці не спаў на бетоне), шырока расплюшчваюцца. Голас набірае моцы.
«Ведаеш, вельмі наіўна гучыць з боку абывацеляў, якія так натхнёна, а часам агрэсіўна раяць бяздомным «узяць сябе ў рукі» і знайсці нарэшце працу і жытло. Чаму наіўна? Таму што, з маіх назіранняў, абсалютная большасць выпадкаў бяздомнасці ёсць наступствамі нейкіх ментальных зрухаў, псіхічных парушэнняў, а то і псіхічных захворванняў. Разумееш? Яны не здолелі развязаць нейкія праблемы, штосьці іх падкасіла, а сіл падняцца ўжо няма. А грамадства ім у гэтым не дапамагае — яно іх проста тупа корміць і апранае. А далей — твае асабістыя праблемы…» — паясняе Блажэнны валацуга.
Акурат псіхалагічная, псіхатэрапеўтычная, а пры неабходнасці і псіхіятрычная дапамога мае быць у фокусе паслугаў прытулку, пра які марыць Віктар Анікеенка. Уяўляе яго як «прытулак сямейнага тыпу», у якім ментары будуць за ручку весці кожнага бяздомніка «да самога сябе». І так, там можна будзе знайсці працу, «якая пасуе».
На думку Віктара, самы танны варыянт, з якога можна было б пачаць, — рэарганізаваць нейкі ўжо існы прытулак ці начлежку ў Варшаве.
«Вось таму я і хачу са свайго жыцця зрабіць сусветна вядомае рэаліці-шоу на некалькі мільёнаў праглядаў, дзякуючы якому ў мяне атрымалася б зарабіць грошы не толькі на кватэру і на добры бізнес, але і на дабрачыннасць», — кажа бяздомнік Віктар.
Не проста самому выйсці з бяздомнасці а выцягнуць за сабой «цэлую армію бедакоў», якія хочуць змяніць сваё жыццё.
Дасягнуць гэтай мэты могуць дапамагчы і беларусы, мяркуе Віктар. Падпіскамі на канал і праглядамі кантэнту, а таксама данатамі. Канал «Wiktor Błogosławiony Wędrowiec» мае на сёння 1400 падпісчыкаў.
«Я б хацеў на пачатку ў якасці пілотнага праекту стварыць супольнасць энтузіастаў, валанцёраў, каб адрасна дапамагаць канкрэтным людзям. Шукаю таксама спонсара і прадзюсара для свайго блога пра жыццё вачыма бяздомнага інтэлігента», — кажа Віктар.
Хоча, напрыклад, дапамагчы бяздомнаму паляку Антоніа, якім, як кажа, «трэба апекавацца як малым дзіцём», бо «ў жабрацтве ён — поўны лузер». Па словах Віктара, той варочаў калісьці вялікімі грашыма і маёмасцю, а зараз яму нават «грошык» не даюць. Хоча знайсці для Антоніа працу, набыць яму тэлефон і ровар, каб мог зарабляць на дастаўцы ці прадаваць свае рэчы на сэрвісе «OLX»…
«У мяне кулацкая пазіцыя: жыць з прафіцытам бюджэту»
«Віктар, слухай, у мяне ніяк не знікае ўражанне, што бяздомнасць для цябе — гэта нейкі свабодны выбар. Я памыляюся?» — пытаюся ў суразмоўцы.
«Скажам так, гэта мой выбар з эканамічных меркаванняў. Таму што 800 злотых ў месяц за нейкі адстойны хостэл — гэта 2,5 штукі баксаў за год. На хостэл мяне б хапіла і нават на пакой назбіраў бы, але выдаваць усе грошы на жытло і жыць ў ноль — дык я лепш пажыву на вуліцы і буду ў плюсе. Разумееш мяне?» — пытаецца ў адказ.
Прызнаюся, што не, бо дах над галавой — каштоўная рэч…
«Тлумачу яшчэ раз. Я не прывык жыць у нуль. У мяне прынцыповая кулацкая пазіцыя. Хутарская. Жыць з прафіцытам бюджэту. Інакш якой халеры я тады прыехаў за мяжу? Каб мець тут менш, чым ў Маскве меў? Ну не», — амаль абураецца Віктар.
Цяпер, прызнаецца ён, прафіцыт абсалютны.
Траціцца зусім ні на што не трэба, нават на «Мальбара» (свае дакурыў, страляе ў нас). Усё даюць людзі — адзенне, ежу, грошы. Кватэрнае пытанне развязваецца сном у пад'ездзе. Чысты плюс… Нават польская паліцыя ўспрымаецца Віктарам як усяго толькі «бясплатны будзільнік» — «самыя бяскрыўдныя органы ў гэтай краіне».
Але гаворыць, што рана ці позна з'едзе адсюль у Нямеччыну, бо — «адурманены нямецкай сацыяльнай халявай». Да гэтага паўгода правёў у Нюрнбергу: асобны пакой, харчаванне, догляд і магчымасць выправіцца ў цэнтр гораду падзарабіць («Я ж казаў: я страшны працаголік»).
Колькі там «зарабіў»? Беларус сцвярджае, што, калі яго дэпартавалі з Нямеччыны, то на мяжы паліцыянты канфіскавалі ў яго больш за 17 тысячаў еўраў (западозрылі ў адмыванні сродкаў)…
«Пакуль я свабодны і нежанаты, магу сабе дазволіць жыць так, як хачу»
Размаўляем больш за дзве гадзіны, і тэму прафіцыту больш не закранаем. Трэба развітвацца. Я змёрз як цуцык (у Варшаве — плюс тры). Віктар здзіўляцца маёй нетрываласці (адценне пагарды ў вачах).
«Слухай, заўтра ГУБАЗіК прачытае гэты прамёрзлы тэкст пра цябе і ўключыць прапаганду: глядзіце, беларусы, што здараецца з тымі, хто збег з нашай сінявокай радзімы ў галодную Еўропу. Што скажаш на гэта?» — запытваюся ў бяздомнага блогера.
«Скажу, што тут я насамрэч знайшоў шчасце вольнасці і свабоду рабіць кар'еру па сваім пакліканні. А тое, што жыццё маё выглядае так маргінальна, дык гэта ўсяго толькі вокладка. І толькі пачатак. Ані кроплі не сумняваюся, што мая бяздомнасць — гэта толькі часовая прыгода, і рана ці позна яна скончыцца», — адказвае Віктар.
«Маю ў планах знайсці жонку і нарадзіць дзяцей, ну а для гэтага ж трэба будзе нейкі дах над галавой, не?.. А пакуль я свабодны і нежанаты, магу сабе дазволіць жыць так, як хачу», — дадае Блажэнны вандроўнік.
«І не страшна так жыць?» — апошняе нашае пытанне.
«Нічога страшнага няма! Калі людзі пытаюцца, як гэта ты, я кажу: цяжка, але вельмі цікава. Вялізная колькасць контактаў — просто кландайк для журналіста. Май на ўвазе…» — рэкамендуе Віктар і хітра пасміхаецца.
«Буду мець, бо і ў мяне ёсць праблемы з прафіцытам», — смяюся і дзялюся з Віктарам дробяззю і цыгарэтамі. Абяцаю прыхапіць наступным разам тэрмас з кавай. Сам увесь трасуся ад холаду. Ужо за брамай абарочваюся. «Прошэ пана грошык, прошэ пана…» — чуецца з дзядзінца.
-
Выхадзец з беларускай шляхты 28 гадоў кіраваў савецкай замежнай палітыкай. Чым запомніўся Грамыка, які атрымаў мянушку Містар Не
-
Дырэктара сеткі будаўнічых крам «Мацярык» будуць судзіць за ўдзел у маршах пратэсту
-
Спявак Руслан Аляхно: З 2022 года я быў на Данбасе дзевяць разоў. А ў 2014-м паехаў у Крым з Кабзонам
Каментары
На абарону можна падавацца ўвогуле без дакументаў, бо гэты механізм распрацаваны для бежанцаў, якія могуць апынуцца ў Польшчы безь нічога.