Эдуарда Бабарыку зноў будуць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі». Аказваецца, ён у турме ў Ваўкавыску
Эдуарда ўтрымліваюць у зняволенні ўжо больш за чатыры з паловай гады, калі ў чэрвені 2020 года арыштавалі разам з бацькам.

У ліпені 2024 года яму дадалі да васьмі гадоў пазбаўлення волі яшчэ два гады паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі).
Для адбыцця тэрміна палітвязня перавялі ў ваўкавыскую калонію № 11, дзе менш чым за паўгода па ініцыятыве адміністрацыі супраць яго ўзбудзілі другую запар справу па ч. 2 арт. 411 КК. Суд над ім распачнецца ўжо 20 лютага, піша «Вясна».
Эдуарда ў ліпені 2023 года асудзілі да 8 гадоў зняволення. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ па першапачатковым абвінавачванні — паўтара года. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Тэрмін палітвязень спачатку адбываў у бабруйскай калоніі № 2. Там на яго ўвесь час ціснула адміністрацыя калоніі: змяшчала яго ў ШІЗА і ПКТ.
9 ліпеня 2024 у Бабруйску над Эдуардам адбыўся суд паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Павел Карцінін прызнаў Эдуарда вінаватым і прызначыў яму яшчэ два гады зняволення.
У верасні ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Эдуарда. Пасля гэтага яго перавялі ў папраўчую калонію для строгага рэжыму ў Ваўкавыск.
За пяць месяцаў утрымання там Эдуарда адміністрацыя калоніі ініцыявала ўзбуджэнне ўжо другой справы паводле ч. 2 арт. 411 КК. Працэс над палітвязнем пачнецца 20 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёна. Суддзя — Мікалай Сяргейка, які летам 2024 года асудзіў па гэтым жа артыкуле анархіста Аляксандра Францкевіча. Эдуарду Бабарыку могуць дадаць яшчэ два гады калоніі.
Цяпер чытаюць
«Соевыя экстрэмісты павінны адпрацаваць міску клубніц». Скардзіўся на ўмовы працы ў КДБ, а цяпер уцюхвае трэнінгі сілавікам — хто такі Антон Шабуневіч
Каментары