Завадчанін з Гомеля стаў зоркай тыктоку дзякуючы распакоўцы ссабоек, якія яму збірае на працу жонка
Руслан Багдановіч скарыў сацсеткі тым, як пяшчотна раскладвае на газеце кантэйнеры з ежай, якую прыгатавала любімая жонка.

На тыкток гамельчука Руслана Багдановіча падпісана больш за 44 тысячы чалавек. Ён не паказвае гламурнага жыцця і не расказвае пра паспяховы поспех.
Мужчына працуе адразу на двух заводах. Мяркуючы па фотаздымках у яго сацсетках, адзін з іх — гэта Гомельскі тлушчавы камбінат. На працу жонка збірае Руслану ссабойкі — менавіта на іх ён робіць сакавітыя агляды, на трасянцы апісваючы немударгелістыя, але апетытныя стравы. Такі вось «мішлен» у абедзенны час!

Самы папулярны ролік набраў 2,2 мільёна праглядаў і амаль 47 тысяч лайкаў.
«Мойва смажаная. Пра мойву гэта асобная размова. Не магу ўтрымацца, каб не з'есці яе. Вось гэта тэма! Хлеб з каўбасой усяму галава! Хлеб з вяндлінай усяму галава! Бліны. Цешчыны агурочкі. Бульба беларуская. Печыва ў клетачку. Садавіна. Ну і на ўсякі выпадак «Ралтон», — дэманструе ў відэа Руслан свае багацці.
Каментатары ў захапленні. Нехта, праўда, удакладняе — на колькі дзён Руслан пайшоў з дому на працу. Высветлілася, што запасы ўсяго на восме гадзін.
Шмат хто жартуе: «Я мужу сказала, што гэта штучны інтэлект», «Пакуль тармазок з'ясі, ужо і працаваць няма калі будзе, дамоў пара ісці», «Здаецца, яна яго назаўсёды адправіла».
Раней у інтэрв’ю мужчына расказваў, што першае відэа зняў для дачкі — і нечакана стаў зоркай тыктоку. Прызнаваўся, што блізкія спачатку лічылі яго хобі, мякка кажучы, дзіўным. Але калі ролікі сталі залятаць на мільёны праглядаў і Руслана пачалі пазнаваць на вуліцы, родныя змянілі сваё меркаванне.
На пытанне пра трасянку мужчына адказваў, што сапраўды размаўляе так у паўсядзённым жыцці — гэта не вобраз для сацсетак.

Дарэчы, Руслан сцвярджае, што яго блог заўважыў зямляк — скандальна вядомы трэш-блогер Мелстрой. Завадчанін распавядаў у тыктоку, што той у 2024 годзе падарыў яму машыну (на ёй мужчына нядаўна трапіў у ДТЗ) і канверт з грашыма — быццам бы за шчырасць.
А летась ужо Руслан прадэманстраваў тоўсты стос даляраў — казаў, што таксама падарунак ад Мелстроя.
«Андруха, ты сапраўды хочаш, каб у мяне сэрца спынілася. У мяне трасецца ўсё ўнутры, жонка таксама ўся ў перапалоху, усё ў шоку, не ведаем, што рабіць. Ізноў гэта ўсё на ноч гледзячы… Зямляк, ты сапраўды хочаш мяне загнаць у магілу. Вось быў бы ты побач, я б цябе сціснуў так. Дай Бог табе здароўя, каб у цябе па жыцці ўсё было добра. Дзякуй. Ты маё жыццё падняў на новы ўзровень», — распавядаў у відэа Руслан.
З таго моманту Руслан называе Мелстроя Андрэй-Цудатворац. Праўда, сярод каментатараў хапае скептыкаў, якія не вераць у тое, што трэш-блогер сапраўды мог асыпаць дарагімі падарункамі завадчаніна.
Каментары