Новая GTA 6 ледзь не паралізавала свет: ужо пасля рэлізу ў Новай Зеландыі мільёны па ўсёй планеце глядзелі трансляцыі з гульнёй. Доўгачаканую гульню афіцыйна не прадаюць у Беларусі, але ёсць абходныя варыянты.

Гульню GTA 6, новы рэліз у серыі Grand Theft Auto, чакалі 13 гадоў. Мінулыя гульні ўжо зрабілі яе культавай: з 1997 года было прададзена больш за 470 мільёнаў копій розных гульняў з той серыі.
Яшчэ да рэлізу GTA 6 здзіўляла лічбамі вакол яе. Першы ж трэйлер гульні сабраў за суткі 90 мільёнаў праглядаў на Youtube, што з’яўляецца рэкордам для гульнявога трэйлера. У гісторыі PlayStation Store ні адну іншую гульню не замаўлялі так шмат, а ўсе відэа пра GTA 6 на Youtube сабралі да рэлізу больш за 40 мільярдаў праглядаў.
Студэнт Уроцлаўскага ўніверсітэта, беларус, нават сабраў 1555 подпісаў пад петыцыяй з просьбай адмяніць заняткі ў дзень рэлізу гульні — прадказальна, што нічога ў яго не атрымалася.
Тым жа беларусам, хто жыве не ў эміграцыі, згуляць у GTA 6 можа быць складана яшчэ і таму, што Беларусь не ўваходзіць у спіс краін, дзе афіцыйна прадаюць гульню. Пры гэтым не ўсё так дрэнна: няма пацвярджэння, што гульню забаронена запускаць у Беларусі. Няма, аднак, і пацвярджэння, што GTA 6 абавязкова запрацуе з беларускага IP-адраса.
Што ж рабіць? Усё залежыць ад таго, якая ў вас гульнявая кансоль — пакуль што можна згуляць у GTA 6 толькі на PlayStation 5, Xbox Series X ці Series S. Пазней могуць з’явіцца версіі гульні для ноўтбукаў, камп'ютараў і больш старых мадэляў PlayStation ці Xbox, але пакуль даты іх выхаду няма.
Як гуляць, калі ў вас Xbox Series X ці Series S
Афіцыйнай беларускай крамы Xbox не існуе. Можна, вядома, набываць гульню ў крамах іншых краін — можа спрацаваць, напрыклад, Турцыя ці ЗША.
Галоўная праблема — як аплаціць, таму што, як пішуць на геймерскіх форумах, беларускія карты ў крамах Xbox не праходзяць. Тут ёсць некалькі варыянтаў. Мы раскажам пра самыя простыя, але ж ёсць і больш складаныя схемы: напрыклад, адзін геймер набываў гульні Xbox у турэцкай краме сэрвісу, калі сам знаходзіўся ў Беларусі і меў профіль, зарэгістраваны на Беларусь. Для гэтага ён выкарыстоўваў турэцкі плацежны сэрвіс.
Вы можаце набыць GTA 6 у пасрэдніка, які часам гатовы нават стварыць для вас уліковы запіс з належным рэгіёнам. Ёсць шмат варыянтаў. Напрыклад, калі набываць версію гульні для Інданэзіі, давядзецца выдаткаваць каля 270 рублёў, а калі для ЗША, то рыхтуйце 299 рублёў. Вядома, калі сістэма пабачыць, што ў вас пазначаны несапраўдны рэгіён, гэта можа выклікаць наступствы — напрыклад, могуць заблакаваць аплату або блакаваць акаўнт, хаця апошняе і бывае нячаста.
Іншы варыянт — набыць гатовы ключ гульні і самастойна яго актываваць. Калі вы ўжо маеце ўліковы запіс у Xbox і гатовыя набыць гульню самі, можаце набываць у пасярэднікаў падарункавыя карты, каб выкарыстоўваць іх для аплаты ў Xbox. Але ж для падарункавых карт важна пазначаць краіну: напрыклад, польская карта дапаможа папоўніць баланс у польскай краме.
Вядома, спрацуе і дапамога сяброў за мяжой. Самае простае — знаёмы набывае афіцыйны гульнявы код і дасылае яго вам, а вы яго ўводзіце ў сваёй улікоўцы Microsoft. Можна і папрасіць яго набыць падарункавую карту, код з якой вы выкарыстаеце, каб папоўніць баланс у краме той жа краіны, дзе набытая карта.
А што калі ў вас PlayStation 5?
Найбольш зразумелы варыянт — набыць гульню праз карту папаўнення. Беларусі няма ў спісе рэгіёнаў PlayStation, таму давядзецца стварыць уліковы запіс на іншую краіну, напрыклад, на Польшчу. Вядома, гэта разыходзіцца з патрабаваннямі Sony.
Калі акаўнт гатовы, можна набыць у беларускіх пасрэднікаў карту — але глядзіце, каб карта была выдадзеная для таго рэгіёна, на які ў вас зарэгістраваны ўліковы запіс. Памяняць краіну пасля рэгістрацыі акаўнта нельга. Некаторыя пасрэднікі прапануюць проста доступ да гульні праз ужо гатовы акаўнт, а некаторыя прадаюць код актывацыі гульні.
Бывалыя геймеры, аднак, даюць рады і без пасрэднікаў. На адным з форумаў ёсць пост чалавека, які аплаціў падпіску PlayStation Plus на польскім акаўнце картай Visa ад беларускага БСБ банка. Рабіў ён гэта праз браўзер тэлефона з уключаным польскім VPN.
І зноў жа, могуць дапамагчы сябры за мяжой. Але важна, якое выданне гульні яны набудуць: код з брытанскага выдання, напрыклад, не спрацуе ў выпадку з польскім акаўнтам.
У апошнія тыдні з'явіліся паведамленні, што ў замежных рэгіёнах PS Store, напрыклад у Індыі ці Турцыі, пачала праходзіць аплата з картак СНД, у тым ліку і з беларускіх. Невядома, якіх канкрэтна банкаў гэта датычыць, і, магчыма, гэта ненадоўга, але варта паспрабаваць і аплаціць беларускай карткай.
Што ў выніку?
Самы надзейны варыянт — знаёмы за мяжой, які набудзе гульнявы код ці код для папаўнення ўліковага запісу і дашле вам. Калі код падыходзіць пад рэгіён вашага акаўнта, рызыка невялікая.
Можна набываць гульню ў пасрэднікаў, але пытанне ў тым, наколькі гэты сэрвіс варты даверу. На Kufar, напрыклад, ужо цяпер ёсць шмат прапановаў.
Перад тым, як аплачваць, спытайце ў пасрэдніка, што дакладна вы атрымаеце. Калі пасрэднік абяцае аформіць гульню на ваш акаўнт, спытайце, ці спатрэбіцца яму ўваход у профіль і ці верне ён грошы, калі нешта пойдзе не так. Калі вам прапануюць гатовы акаўнт з гульнёй, пасрэднік у любы момант можа закрыць доступ, нават калі вы ўжо спампавалі гульню. Таму лепш за ўсё, калі вам перададуць гульнявы код, з якім вы самі актывуеце гульню.
Можна, вядома, шукаць і іншыя магчымасці — напрыклад, пагуляць з VPN і пашукаць плацежныя сервісы, праз якія тэарэтычна можа прайсці аплата беларускай картай. Але ж гэта латарэя, і такія схемы не могуць быць універсальнымі.
Нарэшце, калі ў вас раптам аказалася картка, выдадзеная ў той жа краіне, да якой належыць рэгіён вашага ўліковага запісу, вы зможаце аплаціць гульню самастойна. Але ж спецыяльна афармляць такую картку для гульні было б занадта складана, і пасрэднікі — больш хуткі варыянт.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары