Грамадства55

«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве

Дзяніс Іваноў — былы саліст дзяржаўнага камернага хору. У Мінскай філармоніі ён адпрацаваў 10 гадоў. У 2020‑м мужчына прыдумляў вулічныя акцыі хору, які стаў адным з сімвалаў пратэсту. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Дзяніс расказвае, як склалася яго жыццё пасля.

Дзяніс Іваноў. Фото: by_culture / Telegram

Заробак у філармоніі ў Літве — 1200 еўра

У снежні 2022 года Дзяніс пераехаў у Літву, дзе ўладкаваўся працаваць у Дзяржаўны хор горада Шаўляй. З мінскай філармоніі яго звольнілі яшчэ восенню 2021‑га — дамовіліся, каб пайшоў па згодзе бакоў. А потым унеслі ў «чорныя спісы» Мінкультуры.

У Мінску ў філармоніі мужчына атрымліваў 200 еўра.

«Тут — 1200 еўра пасля падаткаў, працоўны дзень з 9 да 13 гадзіны, — расказвае ён. — Кватэру арандую ў самым цэнтры горада за 300 еўра (Шаўляй — чацвёрты па велічыні горад Літвы, там жыве 117 тысяч чалавек. — НН), такія ж грошы каштуе жытло ў цэнтры Мінска.

Адразу кінулася ў вочы, як яны адносяцца да працы і да супрацоўнікаў. Я прывык у Беларусі адчуваць сябе прыгонным, абавязаным. Напрыклад, трэба было падымаць руку і пытацца, ці можна выйсці ў прыбіральню. А тут свабода.

Наступнае: мае ініцыятывы — напрыклад, зрабіць відэа на канцэрт — аплачваюцца. У Беларусі такое было як абявязак, даходзіла нават да таго, што мне «дзякуй» не казалі. Тут нармальны капіталістычны падыход. Калі захварэў, то дакладна ніхто не будзе прымушаць ісці працаваць. А там заўсёды было пытанне, хто будзе тады спяваць. Даводзілася выходзіць з ангінай».

Але і мінусы працы ў Літве ёсць. «Часам бяруць спяваць на пэўныя выступы людзей, якія робяць гэта горш за мяне, але яны літоўцы. Мабыць, беларуса не хочуць уключаць», — мяркуе Дзяніс.

На канцэрце ў Шаўляі, Літва. Фота: асабісты архіў

Пры такім нізкім заробку ў сталічнай філармоніі Дзяніса ратавала тое, што яшчэ ў 2013 годзе ён разам з партнёрам Антонам адкрыў кандытарскі бізнэс і стаў пячы тарты на замову. У 2014 годзе яны адкрылі кавярню-майстэрню «Да» ў Мінску, дзе праводзілі кулінарныя майстар-класы для дзяцей. Да 2018 года засяродзіліся выключна на вялікіх, вясельных і карпаратыўных тортах, адмовіўшыся ад дробнай выпечкі. А пасля сталі навучаць іншых кандытараў.

У 2023 годзе хлопцы выстаўлялі торты, падобныя да сапраўдных скульптур, у цэнтры Мілана. 

«У ГУМе ў касцюме Чырвонага Каптурка раздаваў піражкі»

У Літву Дзяніс пераехаў пасля некалькіх затрыманняў і сутак на Акрэсціна, на якія трапіў за спевы з хорам.

Але, прызнаецца, ездзіў у Беларусі да пачатку 2024-га, пакуль у адну з паездак яго не запрасілі на допыт на мяжы. Яму паказалі відэа з акцый, а таксама іншыя матэрыялы з яго ўдзелам. Пасля гэтага Дзяніс у Беларусь больш не прыязджаў. 

Мужчына дадае, што яго шлях у палітычную актыўнасць быў спантанны. Сам ён нарадзіўся ў Расіі, яго мама па нацыянальнасці азербайджанка, дзяцінства хлопец правёў ва Украіне і толькі ў юнацтве пераехаў разам з сям’ёй у Беларусь, у Гомель. 

«Мама і сястра выдатна разумелі, што ў нас дыктатура, хто такі Лукашэнка. Ніколі не было разладаў з гэтай нагоды. Але нашы настроі ніколі не заходзілі далёка. Калі мяне спрабавалі запрасіць у нейкую палітызаваную тусоўку, я там не прыжываўся, напэўна, таму што ў мяне няма беларускіх каранёў», — кажа ён. 

Фота: асабісты архіў

Упершыню Дзяніс і яго калегі выйшлі на акцыю на прыступкі Мінскай філармоніі 13 жніўня 2020 года. Праз пару дзён далучыўся і Оперны тэатр, які паўтарыў іх учынак. 

Сілавікі зацікавіліся Дзянісам 21 жніўня 2020-га, выклікалі на размову ў РУУС, але не затрымлівалі.

«За гэтыя выходныя, 22‑23 жніўня, у чатах пачаліся страхі. Усе сталі гаварыць: «Мы баімся выходзіць на прыступкі філармоніі, мы больш не пойдзем».

І ў панядзелак, 24 жніўня, раніцай мяне гэта проста дастала, я напісаў у чаце, што яны жаляцца як авечкі, а трэба збірацца і выходзіць. Прапаноўваў сабрацца ў гандлёвым цэнтры «Сталіца», надзець маскі. Так і зрабілі. Я дырыжыраваў, спелі дзве песні — «Магутны Божа» і «Пагоня» — і разышліся. Пасля гэтага ў чаце быў проста ўсплёск эйфарыі, ва ўсіх было вялікае ўзрушэнне і натхненне.

Уласна, з гэтага ўсё пачалося, і я стаў галоўным арганізатарам», — расказвае ён.

Да падрыхтоўкі наступнай акцыі, якую правялі праз некалькі дзён у ГЦ «Галерэя» на Нямізе, Дзяніс падышоў ужо больш творча. Былы аніматар, ён апрануўся зайцам: надзеў шапку з вушамі, белыя штаны, белыя пальчаткі і чырвоную вадалазку. З таблічкай «Далучайся» ён выйшаў да людзей. Гэтая акцыя таксама прайшла паспяхова, і пасля яе рух набраў яшчэ большыя абароты.

На акцыю пратэсту на Нямізе Дзяніс пераапранаўся ў Ніну Багінскую, а ў ГУМе стаў Чырвоным Каптурком, раздаваў піражкі з надпісам «Далучайся».

«Дарэчы, адзенне хору — чырвоныя маскі і белыя байкі — мая задумка і рэалізацыя. Пасля перавозіў дваццаць баек праз мяжу ў валізцы ў Варшаву зімой 2021‑2022 для здымак каляднага канцэрта. Іншая музыка займалася пошукам аптовай замовы, і гэта яшчэ было ў Беларусі вясной 2021-га, на свае страх і рызыку», — кажа ён. 

«Цяпер засяроджаны на пераездзе ў Ніцу»

У верасні 2020-га, па словах Дзяніса, кіраўніца на той момант хору «Канкордыя» Галіна Казіміроўская звярнулася да яго і калег з просьбай дапамагчы запісаць беларускія песні.

Тады з’явілася назва «Вольны хор»: беларусы ў каментарах да відэа на Tut.by называлі спевакоў «хорам вольных людзей».

«Галіна прапаноўвала сабраць прафесійных спевакоў і запісаць паўнавартасны дыск з вольнымі песнямі. Мы запісалі, прадзюсаваў тады Сяргей Доўгушаў. Але ж мае акцыі ўсё роўна працягваліся, мінімум двойчы на тыдзень. 

У сярэдзіне кастрычніка ўжо наўпрост на акцыях пачалі з'яўляцца амапаўцы. Яны ў нас стралялі нейкай аранжавай вадой. І на адной з акцый я пераапрануўся ў амапаўца, напісаў сабе на майцы «ПЯЕМ» замест «АМАП». Дырыжыраваў чорнай дубінкай. Пасля гэтага мяне затрымалі першы раз, далі 15 сутак.

Я не спыніўся і пасля гэтага. Толькі калегі сталі казаць, каб я быў больш асцярожны, замест мяне дырыжыраваць сталі выходзіць іншыя, а самі канцэпцыі працягваў прыдумляць я. Так, у студзені 2021‑га я пашыў 12‑метровы бел-чырвона-белы сцяг на акцыю ў «Дана Моле», пасля яе было маё другое затрыманне».

Другі раз мужчыну пратрымалі на Акрэсціна 7 дзён (суды пераносілі і справы адпраўлялі на дапрацоўку, пасля першых 72 гадзін яго перазатрымалі).

Як кажа Дзяніс, з далучэннем Галіны Казіміроўскай з’явілася ідэя адбіраць з хору людзей, якія хацелі б спяваць на сцэне, прапаноўвалі зрабіць праслухоўванне.

«Я быў супраць, бо мая ідэя заключалася ў тым, што ў «Вольным хоры» ўдзельнічаюць усе, хто хоча, — тлумачыць ён. — Але праслухоўванне ўсё ж правялі, без майго ўдзелу. І летам я ўжо амаль адышоў ад хору, таму што фармат змяніўся, адрозніваўся ад таго, які я першапачаткова задумваў. Апошняя наша акцыя была на Камароўскім рынку, пасля якой мяне зноў затрымалі, трэці раз, далі 15 сутак. Тады ж прайшла вялікая аблава, і многія з’ехалі ў Варшаву.

Тое, што Галіна зрабіла з «Вольным хорам», — яе заслуга, я супраць нічога не маю, у мяне, напэўна, так бы не атрымалася, і ў цэлым такіх планаў не было. Мая планка — толькі вулічныя акцыі».

На пытанне, ці хацеў бы вярнуцца ў беларускі рух, але ўжо ў эміграцыі, Дзяніс адказвае, што спрабаваў далучыцца, але канкрэтнай працы ці праект яму не прапанавалі, бо, мяркуе ён, у многіх апусціліся рукі. 

«Я цяпер засяроджаны на пераездзе ў Ніцу, Францыю. Там жыве мой партнёр, займаецца кандытарствам. Цяпер я ў працэсе атрымання бізнэс-візы. Калі ў новым горадзе будзе для мяне нейкая магчымасць рэалізацыі ў беларускім руху, то я буду толькі рады.

Але я не хачу кідаць займацца музыкай. Харавыя акадэмічныя спевы — гэта тое, без чаго я жыць не магу. Думаю, як быць, магчыма, буду на паўстаўкі ў філармоніі ў Шаўляі. А можа, знайду працу ў гэтай сферы ў Францыі, хаця гэта нашмат цяжэй, канечне, чым у Літве», — падсумоўвае Дзяніс. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • Прапанова
    13.10.2025
    Хай бы гэты хлопец і Прэзідэнтку нашую Ціханоўскую там уладкаваў у тым хоры. Спяваць яна добра навучылася за 5 гадоў, жытло ў 300 еўраў ёй вельмі зараз прыдалося б, а ў тым Шаўляі яе дакладна ніхто і шукаць ня будзе. Міл’ён еўра ў год ашчадзім прынамсі да кучы!
  • беларус
    13.10.2025
    Прапанова,
    зайздросці Святлане моўчкі!!!!!
  • Простой беларус или Сложный?
    13.10.2025
    беларус, кому там завидовать?

Цяпер чытаюць

Бабарыка расказаў, што будзе рабіць далей10

Бабарыка расказаў, што будзе рабіць далей

Усе навіны →
Усе навіны

У Дзень святога Валянціна абрынулася знакамітая Арка закаханых у Італіі1

Малпачка з Японіі расчуліла ўвесь свет сваёй любоўю да плюшавай цацкі ФОТЫ3

«Ну да». Два словы, якія могуць змяніць жыццё беларуса — прынамсі, варта паспрабаваць13

На «Мегатоп» склалі пратакол за надпіс на кедах і пагражаюць «аргвысновамі»12

Тэкст беларускай дыктоўкі ў Варшаве будзе чытаць Зянон Пазняк11

Рубіа: Толькі ЗША змогуць спыніць канфлікт ва Украіне2

«Цяпер адумаўся Макрон». Лукашэнка сказаў, што перадаваў французам меседж ад Пуціна2

«Мегатоп» прадаваў кеды з палітычнай абрэвіятурай — прыбралі праз 30 хвілін пасля паста ў Азаронка19

Маркаў: «Замірыцца» — гэта каварная тактыка Захаду, яны хочуць легалізаваць новыя СМІ пад выглядам канструктыўных14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка расказаў, што будзе рабіць далей10

Бабарыка расказаў, што будзе рабіць далей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць