«Дапамога прыйшла, адкуль не чакалі». Украінцы ў захапленні ад таго, што беларусы збіраюць грошы на электрагенератары
Публікацыя «Нашай Нівы» пра гэта сабрала дзясяткі тысяч рэакцый.

Беларусы запусцілі збор на генератары для ўкраінцаў пад назвай «Цяпло для Украіны». Відэа «Нашай Нівы» пра гэта ў TikTok набрала амаль 43 тысячы лайкаў і больш за 950 каментароў — і большасць з іх пішуць украінцы.
Самы залайканы каментар — «Дапамога прыйшла, адкуль не чакалі» — сабраў амаль 21 тысячу сэрцаў.
Пад ім разгарэлася спрэчка: адна з чытачак убачыла ў ім спробу абясцэніць падзею: «Марна. Бо ўлада Беларусі і народ — гэта дзве розныя рэчы».
«Зраду не разганяйце, нічога я не абясцэньваю» — адказаў аўтар. «Зрадай» ва ўкраінскім інтэрнэце называюць панічныя пошукі здрады.
Іншыя ўдакладнялі, што гэта «проста нечакана», хтосьці запярэчыў, што «якраз такі чакалі».

Другі па папулярнасці каментар (7,8 тысячы) — «Украіна вас любіць». Аднак не ўсе з аўтарам згодны.
«А калі праз іх войскі ішлі, таксама любіў?», — задае пынанне адзін з гледачоў.
Аднак яму пярэчаць іншыя. «Я з Украіны і нават тады, калі праз Беларусь шлі войскі, я не лічыў іх дрэннымі», — даводзіць нехта.
А іншы прапануе ўявіць, што было б з беларусамі, калі б яны не прапусцілі войскі.

Вялікую колькасць лайкаў (звыш 1650) сабраў каментар ад саміх беларусаў:
«Сіл і стойкасці ўкраінцам гэтай зімой. Няхай беражэ вас лёс. Вы неверагодныя, мы з вамі!».
Украінцы адказвалі «Дзякую, трымайцеся», «Дзякуй табе вялікі, брат». А нехта напісаў па-беларуску: «Дзякуй за дапамогу, прывітанне з Украіны».

Пра тое, навошта генератары, найлепш расказала ўкраінка, чый каментар сабраў звыш 200 лайкаў:
«Дзякую. Гэтая зіма вельмі цяжкая, бо сёлета няма не толькі святла, але і вады. Мне вельмі сумна ад гэтага, гэта жахліва. Яшчэ й «звычайныя» расіяне смяюцца з гэтага… Гэта жах».

Знайшліся і тыя, хто засумняваўся, што грошы дойдуць да адрасатаў. «Не трэба нічога збіраць, у нас улада ўсё скрадзе», — напісаў адзін з украінцаў. Яму запярэчылі, што ён «пераацэньвае карупцыю», а самога назвалі «канапавым палітыкам».

Каментары