Грамадства44

«За мой кошт каталі незразумела каго». Беларуска заўважыла, што з яе польскай карты спісваюцца грошы за чужыя паездкі ў таксі па Тбілісі

Мінус 12 злотых за паездку ў таксі па Тбілісі. Убачыўшы такое апавяшчэнне ў мабільнай праграме польскага банка, Марына (імя зменена) падумала, што адбылася памылка. Сама яна жыве ў Беластоку і ў Грузіі вельмі даўно не была. Але неўзабаве аказалася, што яна аплаціла яшчэ адну паездку. Не на жарт спалохаўшыся, беларуска стала змагацца з невядомымі пасажырамі. Яна расказала выданню Most, як ёй удалося вырашыць праблему.

Фота: wander-lush.org

Спалохалася, што ашуканцы звядуць 8 тысяч злотых

Калісьці Марына сапраўды жыла ў Грузіі. Яна выехала туды з Беларусі ў 2023 годзе і правяла ў гэтай краіне тры месяцы. А пасля атрымала польскую візу і перабралася ў Польшчу.

У Грузіі ў яе быў рахунак сэрвісу таксі Bolt, прывязаны да грузінскага нумара тэлефона. Пасля яна памяняла нумар тэлефона на польскі.

Першае апавяшчэнне ад польскага банка PKO Марына праігнаравала. Але праз пару гадзін невядомы зноў скарыстаўся паслугамі таксі ў Тбілісі. Гэтым разам з рахунку Марыны спісалі каля 8 злотых.

«Сума невялікая, але сітуацыя мяне насцярожыла. Як людзі ў Грузіі атрымалі доступ да майго польскага акаўнта? — здзіўляецца беларуска. — Акрамя таго, на маім рахунку ляжала крыху больш за 8 тысяч злотых. Я спалохалася, што калі ў ашуканцаў ёсць доступ да маіх акаўнтаў, яны звядуць усю суму».

Кагосьці каталі Давіці і Арташа

У той жа дзень Марына зняла ўсе грошы з рахунку і звязалася са службай падтрымкі Bolt. Апісала праблему і пацікавілася, як сэрвіс мог спісаць грошы за паездкі, якія яна не здзяйсняла.

«Служба падтрымкі адказвала вельмі павольна — па адным паведамленні ў тры-чатыры гадзіны. Яны папрасілі выслаць ім выпіску з інтэрнэт-банкінгу, якая пацвердзіла б спісанне сродкаў. У якасці яшчэ аднаго доказу я прыклала ім лісты (паведамленні ад сэрвісу Bolt. — Заўв. Most), якія атрымлівала на электронную пошту. Там было відаць, што за мой кошт кіроўцы Давіці і Арташа каталі незразумела каго па Тбілісі».

Хтосьці заказаў у Грузіі таксі — і панізіў рэйтынг рэальнаму ўладальніку акаўнта

Пакуль Марына чакала адказ ад службы падтрымкі, яна расказала пра тое, што здарылася, сваім знаёмым. Аказалася, праблема не такая ўжо і рэдкая.

«У майго сябра карта літоўскага банка. Аднойчы з яе спісалі грошы, таму што хтосьці, зноў-такі ў Грузіі, заказаў Bolt — больш за тое, пасля паездкі ва ўладальніка акаўнта панізіўся рэйтынг. Сябар параіў адвязаць нумар ад сэрвісу і тым самым вырашыць праблему», — расказвае Марына.

Але ёй такі варыянт здаўся неэфектыўным. Марына не разумела, якая сувязь паміж польскім нумарам і спісаннем сродкаў з яе польскай карты.

«Напэўна, праблема альбо з самім сэрвісам Bolt, альбо з уцечкай даных маёй карты», — разважае яна.

Тады беларуска пачала шукаць у інтэрнэце інфармацыю пра падобныя выпадкі і пра тое, як уладальнікі картаў спраўляліся з праблемай.

Больш за ўсё гісторый было звязана з літоўскімі банкамі — іх кліенты скардзіліся, што сэрвісы таксі спісваюць грошы за паездкі, якіх яны не здзяйснялі. Служба падтрымкі нічым ім толкам не дапамагала, а ў паліцыі раілі заблакаваць карту.

«Нейкі грузін зноў захацеў пракаціцца па Тбілісі»

Марына спачатку не хацела блакаваць карту — усё яшчэ спадзявалася, што спісанні больш не паўторацца.

«У інтэрнэт-банкінгу PKO я паставіла ліміты на правядзенне анлайн-аперацый, а ў праграме Bolt уключыла двухэтапную верыфікацыю. Здавалася, я сябе засцерагла. Але праз два дні нейкі грузін зноў захацеў пракаціцца па Тбілісі. Праўда, у яго гэта не выйшла — спрацавалі ўстаноўленыя ліміты. Невядомы спрабаваў выклікаць таксі некалькі разоў», — кажа Марына.

Хоць гэтым разам абышлося без страт, дзяўчына спалохалася. Яна пайшла ў банк, каб разабрацца.

«Карту маглі дзесьці адсканаваць»

У PKO не змаглі высветліць, як невядомыя атрымалі доступ да яе карты. Але выказалі здагадку, што карту «маглі дзесьці адсканаваць».

У Марыны іншае меркаванне.

«Я амаль ніколі не карыстаюся фізічнай картай — плачу Apple Pay. Таму ў версію са «сканаваннем» карты веру з цяжкасцю. Грашу на тое, што падключалася да гарадскіх неабароненых сетак Wi-Fi і расплачвалася картай на маркетплэйсах. Верагодна, уцечка даных магла адбыцца праз гэта», — мяркуе дзяўчына.

У банку ёй сказалі тэрмінова блакаваць карту і выпусціць новую да таго ж рахунку. Праз пяць дзён Марыне прыйшла новая картка — пакуль падазроных спісанняў не адбывалася.

«Калі старая картка ўжо была заблакаваная, Bolt папрасіў ацаніць, на якім узроўні мне была аказаная падтрымка. Паставіла адзінку», — не хавае эмоцый Марына.

Каментары4

  • .
    12.12.2025
    Гэтыя факты сведчаць пра тое, што скрадзены менавіта акаўнт Bolt, а не толькі даныя карткі:
    1) нехта змяніў як рэйтынг у праграме Bolt;
    2) Bolt ведае яе электронную пошту і адсылае ёй паведамленні аб паездках.

    Тое, што паставіла двухэтапную верыфікацыю, магло яшчэ не паўплываць на карыстальніка ў Грузіі, у якога праграма ўжо стаіць на тэлефоне.

    Варыянты:
    1) Нехта ў Грузіі купіў яе былы тэлефонны нумар і зайшоў у Bolt па смс. Гэта адбылося яшчэ да таго, як яна змяніла нумар у Bolt на польскі.
    2) У Bolt можа быць памылка, якая дазваляе заходзіць па старому нумару акаўнта, хоць ён ужо і зменены.
    3) Была ўцечка даных акаўнтаў Bolt.

    Гэтая прывязка да тэлефонаў нічога добрага не нясе.
    Пры змене нумара думайце пра перанос або выдаленне даных з усіх сэрвісаў, якія былі да яго прывязаны. Пры адсутнасці 2 фактару новы ўладальнік нумара аднавіць доступ да вашых даных праз смс.
  • Змiцер
    12.12.2025
    У мяне тры разы скрадалi грошы з карткi ў Грузii. Ведаю людзей, у каторых знiкалi па некалькi тысяч даляраў. У мяне максiмум быў - 700. Па-першае - неабходна страхаваць картку, калi гэта магчыма. Мяне гэта ратавала. Па-другое - аплата ў сетцы толькi вiртуальнай карткай, якую лепш знiшчыць пасля аплаты. Iстотныя сумы не захоўваць на рахунку з доступам для картак. Iснуюць два асноўных шляхi для крадзежу картак, якiя выкарыстоўваюць злачынцы ў Грузii. Iнфакiёскi i Booking.com.Пры аплаце праз Booking дадзеныя карты нярэдка трапяць да супрацоўнiкаў гатэлю ў незашыфраваным выглядзе. I ёсць шанец, што яны будуць потым выкарастаны цi прададзены. Я шмат вандрую па свеце. Па 30 пералётаў за год. Але толькi ў Грузii скрадалi дадзеныя маiх карт.
  • Хутка жутка
    12.12.2025
    Экаунты Балта і Глова зліваюць толькі так.
    Проста калі ў ЕС потым штрафуюць кампаніі на мільёны, тое ў Грузіі ўсё неяк выбачэннямі абыходзіцца.

Цяпер чытаюць

Што Бабарыка і Калеснікава адказалі на пытанні пра вайну97

Што Бабарыка і Калеснікава адказалі на пытанні пра вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Стральба ў адным з найстарэйшых універсітэтаў ЗША — загінулі двое студэнтаў

Як доўга можна прымаць антыдэпрэсанты?12

«Дзень, калі ў крамах скончыцца памада». Беларускі вітаюць Марыю Калеснікаву на волі, масава фарбуючы вусны ў чырвоны ФОТЫ19

Пазняк парадаваўся толькі за Севярынца і Бяляцкага88

Валерый Цапкала павіншаваў палітвязняў з вызваленнем і намякнуў, хто насамрэч дабіўся іх свабоды27

«Столькі гадоў іх чакалі, і гэта ўжо неяк вырашым». Сястра Калеснікавай адказала, калі зможа сустрэцца з Марыяй

Што азначае зняцце амерыканскіх санкцый для беларускага калію14

«А што мы маглі ўвогуле чакаць ад Лукашэнкі? Што ён не будзе здзекавацца?» Ціханоўская пра вызваленне палітвязняў і высылку іх ва Украіну3

Поўны спіс палітвязняў, вызваленых 13 снежня9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што Бабарыка і Калеснікава адказалі на пытанні пра вайну97

Што Бабарыка і Калеснікава адказалі на пытанні пра вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць