Грамадства5252

Андрэя Пачобута памянялі на лукашэнкаўскіх шпіёнаў, арыштаваных у Польшчы

Палітзняволены журналіст выйшаў на волю ў выніку абмену на шпіёнаў. Абмен, які ўдалося арганізаваць дзякуючы ўдзелу 7 краін, прайшоў па формуле «пяць на пяць». Пачобута на мяжы сустракаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск сустрэў Пачобута на мяжы. «Сардэчна запрашаем у польскі дом, сябар», — падпісаў ён фота ў твітары

Андрэй Пачобут — журналіст з Гродна, даўні карэспандэнт польскага выдання Gazeta Wyborcza і член «Саюза палякаў Беларусі». За яго вызваленне беларусы і Польшча змагаліся пяць гадоў.

Як піша БелТА, на мяжы Беларусі і Польшчы прайшоў абмен затрыманымі па формуле «пяць на пяць». 

«Тое, што адбываецца, з'яўляецца кульмінацыяй складанага і працяглага перамоўнага працэсу паміж КДБ Беларусі і Агенцтвам разведкі Польшчы», — піша БелТА. 

Паводле інфармацыі агенцтва, перамовы пачаліся ў верасні 2025 года. «Адпраўным пунктам да іх арганізацыі паслужыў зварот да Аляксандра Лукашэнкі асобных лідараў дружалюбных нам краін», — перадае Белта словы суразмоўцы. Імаверна, маецца на ўвазе зварот ЗША. 

У абмене, паводле дзяржагенцтва, удзельнічалі спецслужбы сямі дзяржаў.

«Дзякуючы ўзважанай пазіцыі і нацэленасці бакоў на пошук узаемавыгадных рашэнняў, удалося пераадолець рознагалоссі і дасягнуць станоўчага выніку», — піша Белта.

У выніку аперацыі дзесяць грамадзян розных краін былі вызвалены. Беларусь і Расія вызвалілі трох грамадзян Польшчы і двух грамадзян Малдовы. Сярод грамадзян Польшчы маецца на ўвазе і Андрэй Пачобут. Выглядае, у яго два грамадзянствы, беларускае і польскае.

Узамен з Еўрасаюза паехалі пяць грамадзян, «затрыманых на тэрыторыі розных краін ЕС і іншых дзяржаў». Гэта грамадзяне Беларусі, Расіі і іншых краін СНД. У тым ліку Польшча аддала Расіі арыштаванага археолага Аляксандра Буцягіна. Яго арыштоўвалі па просьбе Украіны за раскопкі ў Крыме.

Паводле Белта, Андрэя Пачобута вызвалілі на просьбу яго маці і Анжалікі Борыс.

Абмен Пачобута адбыўся ў Белавежскай пушчы на пешаходна-веласіпедным пункце пропуску Перароў — Белавежа.

Пачобута на волі вітаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. У руках Пачобут трымаў беларускі пашпарт.

Раней сёння ў Варшаве адбылася сустрэча міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі. «Важныя справы», — так Сікорскі пракаментаваў іх сустрэчу ў X. 

«Мая каманда і я дапамаглі дамагчыся вызвалення трох грамадзян Польшчы і двух грамадзян Малдовы. Гэты гістарычны вынік стаў магчымы дзякуючы лідарству прэзідэнта Трампа, Крысу Сміту і яго камандзе ў Дзярждэпартаменце, а таксама цеснай каардынацыі з некалькімі надзейнымі партнёрамі. Мы дзякуем Польшчы, Малдове і Румыніі за неацэнную падтрымку ў гэтых намаганнях, а таксама прэзідэнту Лукашэнку за гатоўнасць да канструктыўнага ўзаемадзеяння са Злучанымі Штатамі», — напісаў Коўл у X.

Пачобут (справа) з журналістам польскай «Газеты Выборчай»

Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Гродне. Сілавікі зладзілі ў яго дома доўгі вобшук, а потым павезлі мужчыну ў мінскі Следчы камітэт на допыт і ў выніку пакінулі на Валадарцы.

На яго завялі крыміналку па ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варажнечы). У абвінавачванні згадалі, што журналіст у адным са сваіх тэкстаў называў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе, таксама дадалі да абвінавачвання яго тэксты пра беларускія пратэсты, выказванні ў абарону польскай меншасці ў Беларусі і яго артыкул ажно 2006 года пра аднаго з кіраўнікоў польскага антыкамуністычнага падполля ў Гродзенскай вобласці. Пазней дадалі абвінавачванне па ч.3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый).

У 2023‑м Пачобуту прысудзілі 8 гадоў зняволення, якія ён адбываў у наваполацкай калоніі №1.

Пачобут падчас суда. Фота: sb.by

Падчас тэрміну палітвязень правёў як мінімум год у ПКТ, перажыў аперацыю на скуры, пакутаваў на арытмію і гіпертанію. 

Польскія палітыкі і дыпламаты шмат змагаліся за тое, каб Пачобут выйшаў на волю, у тым ліку нават закрывалі памежны пераход «Баброўнікі». Падчас зняволення Андрэя ўзнагародзілі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы — ордэнам Белага арла. Таксама яму прысудзілі прэмію Сахарава — Еўрапарламент дае яе тым асобам, якія зрабілі выключны ўнёсак у барацьбу за правы чалавека.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары52

  • Малайцы, хлопцы!
    28.04.2026
    Ціханоўская! Коўл! Сміт!
    Разам да перамогі!
  • а
    28.04.2026
    Стоп, як гэта абмену? Я думаў, яго не выпускалі таму што ён выязджаць не хацеў?
  • Grodnianin
    28.04.2026
    Andrzej jest na wolności! Wspaniała wiadomość!

Цяпер чытаюць

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў9

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў

Усе навіны →
Усе навіны

Вокны павыбівала, кватэры заліло. Хто і як будзе кампенсаваць шкоду ад «фантана» на Жукоўскага ў Мінску1

Тэйлар Свіфт атрымала ўзнагароду MTV за відэа года6

Не дачакаў заканчэння кантролю на мяжы і паехаў. 22‑гадовага кіроўцу з пагоняй затрымалі ў Беластоку2

58‑гадовую мінчанку асудзілі за пратэсты і «абразу Лукашэнкі»6

Статкевіч апублікаваў фоты іх новага з Марынай Адамовіч дома14

Гамельчука затрымалі на трасе на Чарнігаў і асудзілі нібыта за спробу далучыцца да Палка Каліноўскага. Ён расказаў, што было1

Саладуха распавёў, як Лукашэнка спяваў разам з ім «Чужую мілую»25

Што не так з ідэяй, быццам нацыі ўзніклі толькі ў ХІХ стагоддзі?48

Трамп заявіў, што папрасіў Зяленскага зменшыць атакі на НПЗ у Расіі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў9

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць