Грамадства

Беларусы з якіх рэгіёнаў загінулі на вайне за Расію КАРТА

Заўважна, што сярод загінулых на расійскім баку беларусаў шмат выхадцаў з усходніх раёнаў. Але не толькі адтуль.

Пасля ўзлому Расстата групамі «Кіберпартызаны» і Silent Crow сталі даступныя новыя даныя пра загінулых на расійскім баку ў вайне грамадзян Беларусі.

«Наша Ніва» прааналізавала злітую базу, прадастаўленую «Кіберпартызанамі», каб зразумець, адкуль паходзяць беларусы, якія едуць ваяваць за Расію. Па нашых падліках, у выніку вайны загінулі 452 грамадзяніна Беларусі, народжаных у Беларусі (у базе ёсць таксама грамадзяне Беларусі, народжаныя ў іншых краінах).

Каго ўключылі ў гэтыя 452 чалавекі? Гэта памерлыя пасля 24 лютага 2022 года ва ўзросце ад 18 да 63 гадоў. Першая смерць датуецца 14 жніўня 2022 года, апошняя — 3 верасня 2026 года.

У прычынах смерці большасці (420) пазначаныя ваенныя дзеянні ці ваенная аперацыя. У спіс таксама ўключаныя тыя, у каго канкрэтная прычына смерці не названая, але ў апісанні згадваюцца асколачныя ці выбуховыя раненні (7), або тыя, хто загінуў у прыфрантавых «ДНР», «ЛНР», Белгародскай, Курскай, Бранскай абласцях, акупаваных частках Запарожскай, Херсонскай абласцей Украіны або на іншай тэрыторыі Украіны (25).

Адзначым, што ў гэтую выбарку маглі трапіць і некаторыя мірныя жыхары, загінулыя ў выніку ваенных дзеянняў, хоць відавочныя выпадкі з аналізу выключаныя.

Колькасць загінулых у вайне ўраджэнцаў Беларусі з беларускім грамадзянствам на расійскім баку па раёнах. Інфаграфіка зроблена з дапамогай Claude

Заўважна, што сярод загінулых на расійскім баку беларусаў шмат выхадцаў з усходніх рэгіёнаў. Але не толькі адтуль — многія родам з Мінска. Ехалі на фронт і з Заходняй Беларусі.

Разбіўка па абласцях і сталіцы:

  • Віцебская вобласць — 61 чалавек;
  • Магілёўская вобласць — 59;
  • Гомельская вобласць — 56;
  • Мінская вобласць — 47;
  • Брэсцкая вобласць — 34;
  • Гродзенская вобласць — 27;
  • Мінск — 25.

Трэба адначыць, што не заўсёды вядомы канкрэтны раён. У 143 чалавек з нашай выбаркі месцам нараджэння пазначана проста Беларусь.

Як выглядае топ-рэгіёнаў, адкуль родам загінулыя на вайне на баку Расіі:

  • Мінск — 25 чалавек;
  • Гомельскі раён — 16;
  • Магілёўскі раён — 16;
  • Бабруйскі раён — 13;
  • Аршанскі раён — 12;
  • Віцебскі раён — 12;
  • Барысаўскі раён — 11;
  • Полацкі раён — 8;
  • Баранавіцкі, Брэсцкі і Гродзенскі раёны — па 6.
Узрост і самыя частыя раёны нараджэння загінулых у вайне ўраджэнцаў Беларусі з беларускім грамадзянствам на расійскім баку. Інфаграфіка зроблена з дапамогай Claude

Калі ж пералічыць колькасць загінулых ураджэнцаў Беларусі на 100 тысяч насельніцтва кожнай вобласці і Мінска, то атрымліваецца выразная карціна. На Магілёўскую і Віцебскую вобласці прыпадае ў 2—2,5 раза больш загінулых на душу насельніцтва, чым на Брэсцкую і Гродзенскую. У Мінску гэты паказчык мінімальны.

Медыянны ўзрост загінулых — 39 гадоў. Ва ўзросце 18‑29 гадоў памерлі 22% са спісу, 30‑39 гадоў — 30%, 40‑49 гадоў — 29%.

Раней «Кіберпартызаны» публікавалі агульныя падлікі загінулых на расійскім баку грамадзян Беларусі — 730 смерцяў. Гэта выпадкі пацверджаныя расійскімі, украінскімі і беларускімі базамі.

Геаграфія ўсіх ураджэнцаў Беларусі, у тым ліку з расійскім грамадзянствам

Для цікавасці мы таксама паглядзелі геаграфію загінулых ураджэнцаў Беларусі з любым грамадзянствам. Па базе налічваецца 1300 такіх чалавек, чыя смерць звязаная з вайной. У спіс не ўключалі тых, хто найхутчэй быў мірным жыхаром, хоць не ўсе выпадкі магчыма адсартаваць дакладна.

Сярод гэтых 1300 чалавек расійскае грамадзянства маюць 739. У 109 выпадках грамадзянства не пазначанае.

У людзей у спісе ў прычынах смерці названыя ваенныя дзеянні (1177), ёсць выбуховыя ці агнястрэльныя раненні (19) або прычына невядомая, а месца смерці — у прыфрантавым рэгіёне (104).

Самая ранняя смерць датаваная 20 красавіка 2022 года, самая позняя — 13 верасня 2026 года.

Колькасць загінулых у вайне ўраджэнцаў Беларусі з любым грамадзянствам на расійскім баку ў пераліку на 100 тысяч насельніцтва. Інфаграфіка зроблена з дапамогай Claude

Адкуль часцей паходзілі гэтыя людзі?

Па абласцях і сталіцы карціна наступная:

  • Гомельская вобласць — 215 чалавек;
  • Віцебская вобласць — 206;
  • Магілёўская вобласць — 191;
  • Мінская вобласць — 174;
  • Брэсцкая вобласць — 161;
  • Гродзенская вобласць — 126;
  • Мінск — 61.

Яшчэ ў 166 чалавек месцам нараджэння пазначана проста Беларусь, без удакладнення рэгіёна.

Колькасць загінулых у вайне ўраджэнцаў Беларусі з любым грамадзянствам на расійскім баку па рэгіёнах. Інфаграфіка зроблена з дапамогай Claude

Топ раёнаў:

  • Мінск — 61 чалавек;
  • Гомельскі раён — 57 чалавек;
  • Віцебскі раён — 40 чалавек;
  • Барысаўскі раён — 35 чалавек;
  • Бабруйскі раён — 34 чалавек;
  • Магілёўскі раён — 34 чалавекі;
  • Аршанскі раён — 33 чалавекі;
  • Баранавіцкі раён — 29 чалавек;
  • Полацкі раён — 29 чалавек;
  • Брэсцкі раён — 24 чалавекі.
Узрост і самыя частыя раёны нараджэння загінулых у вайне ўраджэнцаў Беларусі з любым грамадзянствам на расійскім баку. Інфаграфіка зроблена з дапамогай Claude

Медыянны ўзрост загінулых — 43 гады. Часцей за ўсё паміралі ва ўзросце 30‑30 гадоў (27%), 40‑40 гадоў (33%) і 50‑59 гадоў (25%).

Каментары

Беларусы з якіх рэгіёнаў загінулі на вайне за Расію КАРТА

Беларусы з якіх рэгіёнаў загінулі на вайне за Расію КАРТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць