«Сяджу ў трусах, замярзаю». У сацсетках высмеялі чарговую страшылку АНТ пра «замярзаючую Еўропу»
Тэма «загніваючага» і «замярзаючага» Захаду даўно стала класікай беларускай дзяржпрапаганды. З надыходам зімы тэлеканалы пачынаюць палохаць гледачоў холадам у кватэрах еўрапейцаў і непасільнымі камунальнымі тарыфамі. Чарговы сюжэт АНТ выклікаў шквал эмоцый гледачоў.

«Паводле даных Еўрастата, больш за 41 мільён чалавек у ЕС не могуць дазволіць сабе падтрымліваць належнае ацяпленне. Пры гэтым дзве траціны тых, хто знаходзіцца ў так званай энергетычнай беднасці, жывуць у чатырох найбуйнейшых эканоміках ЕС.
Працэнт такіх людзей у краінах вагаецца ад менш чым 3 да 19 працэнтаў. Паказчык у 10 працэнтаў перавышаны ў Літве, Іспаніі, Партугаліі, на Кіпры і ў Францыі. Так, у Іспаніі 8,5 мільёна чалавек не змаглі ацяпляць свае дамы. У Францыі гэтая лічба склала 8,1 мільёна», — паведамілі прапагандысты.
Рэакцыя аўдыторыі не прымусіла сябе чакаць: пад відэа з’явіўся шквал негатыўных і іранічных каментароў. Мы сабралі самыя паказальныя з іх.
«На каго гэта разлічана?»
Гледачоў шчыра здзівіла адарванасць навіны ад рэальнасці.
«А еўрапейцы пра гэта ведаюць?» — пытаюцца ў каментарах.
«А мы ў Еўропе гэтага і не ведаем», — адказваюць ім жыхары ЕС.
«Адкуль такая прапаганда?», «Нудзіць ад такой хлусні», «Брахня», — абураюцца карыстальнікі.
Адзін з гледачоў задаецца пытаннем:
«Божа, на каго гэта разлічана?».
Яму тут жа даюць вычарпальны адказ:
«Гэта разлічана на сваіх. Каб думалі, што яны жывуць лепш за ўсіх! Для тых, хто наогул не ведае, дзе знаходзіцца Іспанія і ў Еўропе зроду не быў».
«У Іспаніі і на Кіпры асабліва холадна»
Асаблівую весялосць у каментатараў выклікала згадка паўднёвых краін як месцаў, дзе людзі пакутуюць ад холаду. Карыстальнікі іранізуюць з нагоды клімату:
«У Іспаніі і на Кіпры асабліва холадна», «У Іспаніі. Ну так, там жа -40».
Жыхары згаданых краін спяшаюцца абвергнуць тэзісы прапаганды рэальнымі зводкамі надвор'я:
«У Іспаніі людзі мерзнуць! Вось гэта анекдот! Зіма ў Іспаніі цёплая, больш падобная да расійскай вясны. На вуліцы да +15°C, бываюць вятры і дажджы, але ў цэлым знаходзіцца на вуліцы камфортна».
Іншыя дадаюць канкрэтыкі: «Жыву ў Іспаніі. Сёння 15 снежня — 15 градусаў цяпла. Замярзаюць», «Сяджу ў Мадрыдзе, у доме, замярзаю, у футболцы, на вуліцы +12, дома +22, божа, якая бяда».
Рэальныя лічбы
Каб не быць галаслоўнымі, жыхары краін ЕС — ад Польшчы да Скандынавіі — пачалі дзяліцца лічбамі са сваіх жыровак і паказчыкамі тэрмометраў.
Вось весткі з краін Балтыі:
«У Латвіі плачу за газ 170 еўра. Дом 160 квадратаў. Дома 23 градусы», «Жыву ў Рызе. Тэрмагалоўка радыятара адрэгуляваная на 3.5, інакш у пакоі горача. Праблем з ацяпленнем ніколі не было», «У Літве з новага года газ для спажыўцоў таннее на 10 працэнтаў. Дома горача. У майках ходзім»,
«Латвія — адна з самых халодных краін у Еўропе. У суботу толькі другі раз за гэты год убачыў на вуліцы снег, у кватэры 19‑22 градусы, і гэта я нават батарэі яшчэ не ўключаў», «Літва, дом 160 м2, у месяц гарачая вада і ацяпленне мне абыходзяцца ў 150 еўра»,
«Супакойцеся, у кватэры +22 у снежні, Літва. Я разумею, што вы б хацелі, каб было інакш».
Сітуацыя ў Польшчы выглядае падобным чынам:
«Польшча, у доме 23 градусы, за месяц плацім каля 150 еўра за газ (дом 120 м кв., уцеплены). Зарплата ў мяне 1800 еўра, у мужа 3000 еўра. На каго разлічана ваша прапаганда?»,
«Жыву ў Польшчы, вокны ўсю зіму адчыненыя», «Варшава, вокны на праветрыванні. Ацяпленне амаль не ўключаем, рэдка. У пакоях цёпла, ходзім у футболках і шортах».
Не змаўчалі і жыхары поўначы Еўропы:
«Сяджу ў Хельсінкі ў кватэры ў трусах…. 21 градус….. холадна!…. трэба, напэўна, шкарпэткі і кашулю апрануць….. як яны так усё ведаюць?»,
«Жыву ў Швецыі. Газавага ацяплення не бачыла. Усё на электрычнасці. Агні ззяюць і гірлянды на кожным балконе. На каго гэтая локшына разлічана?»
«А як справы ў Расіі?»
Частка гледачоў прапанавала аўтарам сюжэта паглядзець на сітуацыю бліжэй да ўсходніх межаў, замест таго каб хвалявацца за Еўрасаюз.
«Што яшчэ выдумаюць? А як справы ў Расіі? Ёсць статыстыка?», — пытаюцца ў каментарыях.
Людзі цікавяцца: «А чаму ў «вялікай газавай дзяржаве» людзі мерзнуць?» — і раяць: «Лепш бы сказалі, колькі ў Расіі людзей без газа ў халодных дамах».
«35 гадоў адна і тая ж пласцінка»
Многія звярнулі ўвагу нават не столькі на глупства самой навіны, колькі на яе назойлівую цыклічнасць. Каментатары адзначаюць, што беларускае тэлебачанне працуе паводле старых, правераных дзесяцігоддзямі метадычак: як толькі надыходзіць зіма, у эфір запускаюцца страшылкі пра «замярзаючы Захад».
«Кожны год адно і тое ж», «Зноў замярзаюць», «Што, зноў?», «Што, зноў? Кожны год адно і тое ж», — пішуць карыстальнікі.
«Адгадай краіну па навінах», — іранізуе нехта з гледачоў.
Пры гэтым у старэйшага пакалення такая рыторыка дзяржканала выклікала ўстойлівыя флэшбэкі з савецкага мінулага.
«Як гэта мне нагадала праграму «Время» ў сссраўскім дзяцінстве. Вечна галодная і замярзаючая Еўропа і Амерыка. Колькі гадоў прайшло, а прапаганда ўсё тая ж», —
дзеліцца ўражаннямі адзін з гледачоў.
«35 гадоў адна і тая ж пласцінка», — дадае іншы.
Ціханоўская застаецца для прапаганды ворагам нумар адзін. Вось новыя метадычкі, яны датычаць партрэтаў і аховы
«Я тая самая ў футры». Маладая швачка працавала ў футры, пакуль дзяржТБ расказвала, што на фабрыцы ў Жлобіне не холадна
«Новых пятрушак выпусцілі, хутка пасмяёмся». Боты як па метадычцы каментуюць вызваленне палітвязняў
Каментары
Не ведаю як на Кіпры, а ў Іспаніі беларусы сапраўды мерзнуць. Ніякага цэнтральнага атаплення няма, а тапіцца электрычнасцю даволі дорага. Плюс вялікая вільгаць у дамах. Самі іспанцы гэта не блага пераносяць, а вось беларусы пакутуюць.