Грамадства2424

«Даўлюся ласосем, бо на карпа не хапіла»: беларусы высмейваюць чарговы фэйк прапаганды

Сюжэт СТБ пра тое, як палякі «галадаюць» перад Калядамі, выклікаў буру сарказму ў сацсетках. Карыстальнікі Threads на розныя лады расказваюць, як выжываюць.

Скрын відэа: CTVBYvideo / TouTube

«Калядныя святы для палякаў суправаджаюцца фінансавым напружаннем. Паводле апытанняў, усё больш сем’яў не могуць сабе дазволіць звычайныя падарункі і прадукты. Цэны ў краіне растуць хутчэй за калядныя чаканні», — з сур’ёзнымі тварамі заявілі вядучыя праграмы «24 гадзіны» на СТБ.

«У краіне на 13% выраслі цэны на прадукты. Асабліва падаражэлі мяса, сыры, шакалад і рыба. Так, кілаграм карпа ў Польшчы каля 60 злотых. Гэта амаль 50 беларускіх рублёў», — расказвалі ў праграме.

Гэты сюжэт заўважыў адзін з карыстальнікаў Threads і іранічна запытаўся ў суполкі:

«Можа, хто ведае, на якім сметніку ў Польшчы можна пратэрміноўкі набраць да навагодняга стала? Хацелася б скуркі ад мандарынаў знайсці, каб хоць пах быў да Новага года».

«Зусім ашалелі. Як з такімі цэнамі Новы год сустракаць?»

Допіс не застаўся без увагі іншых беларусаў, сярод якіх шмат тых, хто жыве ў Польшчы. Яны абурыліся нахабнай хлуснёй пра цэны і пачалі спаборнічаць у «трагічных» гісторыях пра сваё гаротнае жыццё, стылізуючы каментары пад наратывы дзяржТБ.

«Мы на рынку бралі скрыню мандарынаў (10 кг) за 15 злотых (каля 12 рублёў — НН), а ў краме яны ўжо ў два разы даражэйшыя! Цэны непад’ёмныя! Свежае мяса ўчора ў «Бедронцы» па 6 зл/кг (4,80 рубля — НН) прадавалі… Зусім ашалелі. Як з такімі цэнамі Новы год сустракаць?»

«Так, рыба вельмі дарагая. Філе ахалоджанага ласося без костак — 49,9 злотага (40 рублёў — НН). А перад Калядамі ў «Бедронцы» яшчэ і другое бясплатна давалі. Муж як прынёс мне 2 кг па цане аднаго, дык я плакаць пачала… Усю зарплату патраціў! І карпа па 17 злотых (каля 14 рублёў — НН) купілі ўсяго 5 кг, а не больш, як я хацела. Вось у Беларусі ласось наогул задарма, напэўна…»

«Не змагла сабе дазволіць карпа, прыйшлося давіцца філе ласося. Каўбаса дарагая, прыйшлося купіць прашута. Вельмі цяжка».

«На нармальны сыр не хапіла, прыйшлося з цвіллю браць — бры і гарганзолу нейкую. «Савецкага шампанскага» няма, даводзіцца купляць французскае. Яшчэ і не паўсалодкае, а брут! Жах, карацей».

«Страшна жыць у Польшчы, страшна… голадна і холадна. Чэснае слова! Ладна, пайду бутэрброд з ласосем зраблю, а то больш ні на што грошай не хапіла».

«А мы з такімі цэнамі нават стол накрываць на Новы год не будзем, ідзём на бясплатны канцэрт. Нейкі Стынг будзе спяваць. Думаю, ад немагчымасці накрыць стол прыйдзе шмат людзей — скучкуемся, хоць на ацяпленні сэканомім».

Аўтар допісу запосціў таксама карцінку багата накрытага стала і падпісаў — «калядны стол сярэднестатыстычнага завадчаніна ў Беларусі».

«Гэта ўсё на заводзе выдалі?» — пытаюцца.

«Не. Усё ў кадр не змясцілася, што выдалі. Прыйшлося прафсаюзам яшчэ і па дадатковым халадзільніку падарыць кожнаму».

Чаму палякі не ведаюць «праўды»?

Беларусы пажартавалі і з таго, чаму самі жыхары Польшчы не ў курсе свайго «гаротнага» становішча.

«А палякі ведаюць пра гэта?» — спытаў нехта.

«Вядома, не! Вы бачылі, колькі ў іх электрычнасць каштуе? Далёка не кожны можа дазволіць сабе ўключыць тэлевізар, каб даведацца праўду», — іранізуюць у адказ.

Некаторыя ідуць далей і з гумарам развіваюць наратыў беларускай прапаганды:

«Польшча адкрыла яшчэ два пераходы, каб палякі маглі закупіцца якаснымі таннымі прадуктамі да святаў у Беларусі».

«Чакаю на Новы год пасылку ад бацькоў: кілаграм грэчкі і пуд солі…»

«Беларусь ужо рыхтуе армію дронаў з грэчкай і карпамі замест баявой часткі».

«Няўжо нехта ў гэта верыць?»

Аднак за жартамі хаваецца і стома ад пастаяннай хлусні. Многія карыстальнікі заўважаюць, што пакуль дзяржТБ шукае праблемы ў суседзяў, сітуацыя ў самой Беларусі далёкая ад ідэалу.

«Няўжо нехта ў гэта верыць? Вельмі кампетэнтныя, калі гаворка ідзе пра эканоміку іншай краіны. Свае надоі і сенакосы ўжо ўсе абмеркавалі?» — абураецца адзін з каментатараў.

«Толькі не забудзьцеся расказаць, што тут перад святамі мора акцый. Бяры — не хачу, зніжак вельмі шмат. А ў нас у РБ як заўсёды ўсё вырасце ў цане, усе хочуць стаць багатымі за адзін дзень», — дадае іншы.

«Так люблю беларускія СМІ… То палякі бягуць да нас па грэчку, то мерзнуць… Цяпер сталі беднымі да Новага года. А ў нас нібыта ўсё гуд?! Цэны паляцелі ў космас, заробкі, мякка кажучы, не як па тэлевізары. Але за мяжой, відаць, відней…»

Каментары24

  • Я паляк і хачу есці
    31.12.2025
    Ехаў па Катавіцы - усё замерзлі з голаду без тэлевізара. Нікога няма.
  • Абу
    31.12.2025
    А што ў дзявахі з пысай твару? Так спачувае палякам?
  • Грэчкін
    31.12.2025
    Шалею з галадухі ў Польшчы, солі няма, грэчкі няма, зефір - толькі прывазны.

Цяпер чытаюць

У цэнтры Мінска таямніча знікла дачка дырэктара буйнага агракомплексу

У цэнтры Мінска таямніча знікла дачка дырэктара буйнага агракомплексу

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка: Мы не можам усё прапісаць у законах12

Схаладае да мінус 20°С

Трамп: У наступныя 30 дзён выбары ў Венесуэле немагчымыя — «спачатку мы павінны навесці парадак у краіне»6

Трагічная смерць мужа і выпрабаванне медыцынай: гісторыя беларускі ў Польшчы5

У Мінску амаль тысяча хрушчовак — імі хутка зоймуцца2

У пратэстах у Іране загінулі 35 чалавек, больш за 1200 арыштаваныя

«Галоўны я»: Трамп назваў групу чыноўнікаў ЗША, якія будуць кіраваць Венесуэлай18

«Усе песні выдаленыя». Папулярная блогерка Анджыліша пасварылася з кампаніяй, звязанай з нявесткай Лукашэнкі14

Пасол Беларусі ў Расіі расказаў пра дамоўленасці з газам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У цэнтры Мінска таямніча знікла дачка дырэктара буйнага агракомплексу

У цэнтры Мінска таямніча знікла дачка дырэктара буйнага агракомплексу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць