Грамадства1717

Украінская дзяўчына ў 2022 годзе пачала вучыць беларускую мову, а цяпер вядзе беларускамоўны блог

«Нядаўна я прачнулася з жаданнем весці старонку ў тыктоку па-беларуску. І чаму я павінна сабе адмаўляць?». Вікторыя распавяла «Нашай Ніве», калі зацікавілася беларускай мовай і як да яе захаплення ставяцца суайчыннікі і беларусы.

Вікторыя вядзе тыкток «Украінка па-беларуску». Фота з архіва гераіні

Вывучаць беларускую мову Вікторыя пачала ў 2022 годзе. На пытанне, чаму менавіта тады — бо калі пачалася вайна, шмат хто з украінцаў негатыўна ставіўся да беларусаў — дзяўчына адказвае:

— Я толькі ў 2022 годзе пачула беларускую мову ўпершыню. У гэты перыяд мне пачалі трапляцца відэа па-беларуску ў тыктоку. А час пачатку вывучэння ніяк не залежыць ад вайны. Я да беларусаў з адэкватнай пазіцыяй негатыўна ніколі не ставілася і беларуская мова не мае ніякага дачынення да таго, што адбываецца.

З хэйтам з боку суайчыннікаў праз сваю цікавасць Вікторыя амаль не сутыкаецца. Кажа, што нейкая крытыка, хутчэй, выключэнне з правіл, бо звычайна ўкраінцы добра ставяцца да беларускай мовы.

@viktoriia_nn ♥️♥️♥️ . #беларускіцікток#беларускітыкток#беларускаямова#белтыкток#белцікток ♬ оригінальний звук - Украінка па-беларуску

Беларусы ж у большасці падтрымліваюць і пішуць прыемныя словы ды падзякі ў каментарах. Але час ад часу прыходзяць і хэйтары — канечне, рускамоўныя.

За падручнікамі Вікторыя не сядзела — яна проста слухала кантэнт на беларускай: глядзела ролікі ў тыктоку, на ютубе, слухала музыку. Яе любімыя беларускія музыкі — гэта гурты «Няміга», Adarvirog, Sumarok і Relikt.

У адным з першых відэа ў тыктоку «Украінка па-беларуску» Вікторыя дзеліцца тым, што ж яе здзівіла, калі яна пачала вучыць беларускую.

— Здзівіла тое, што я амаль усё разумела. Канечне, шмат слоў адрозніваюцца ад украінскай мовы. Але, калі я вывучыла базавыя словы кшталту «шмат», «менавіта» і гэтак далей, 90% размоўнай мовы стала зразумелай.

А вось другі пункт — гэта адсутнасць суразмоўцаў.

— Зараз шмат беларускамоўных людзей нават тут, у тыктоку. Але калі я пачынала ў 2022 годзе, я шукала суразмоўцаў у такіх праграмах як «Тандэм» для моўнага абмену. На жаль, было шмат сітуацый, калі высвятлялася, што нават людзі, якія пазначылі беларускую як родную, яе не ведалі.

Крыху заблыталі дзяўчыну і розныя варыянты правапісу — наркамаўка і тарашкевіца.

— Спачатку я не магла зразумець, што, як і навошта. Але пазней стала ўсё зразумела. Цяпер я хачу перайсці на класічны правапіс. Але пакуль што больш карыстаюся наркамаўкай.

Наяўнасць некалькіх алфавітаў таксама стала сюрпрызам. Вікторыя вельмі здзівілася, калі пабачыла каментары ў сацсетках.

— Лацінку я яшчэ магу зразумець. Але арабіца?!

Спачатку Вікторыя спрабавала перакладаць словы ці нават цэлыя сказы з украінскай на беларускую. Але адзначае: некалькі гадоў таму гугл-перакладчык працаваў так жудасна, што ёй прыходзілася выцягваць з глыбіні памяці веды рускай мовы.

Праз паўгода рэгулярных размоў на беларускай (калі не кожны дзень, дык праз дзень дакладна), Вікторыя пачала ўжо размаўляць амаль свабодна.

@viktoriia_nn Так, для мяне гэта была вялікая падзея #беларускаямова#беларускіцікток#беларускітыкток#українськийтікток#білоруськамова ♬ growth - Gede Yudis

Ніякіх канспектаў не рабіла, нічога не занатоўвала. Дзяўчына запэўнівае: калі 10 разоў перакладзеш слова, на адзінаццаты ўжо згадаеш яго сама.

Часам у каментары прыходзяць людзі, якія пытаюцца, навошта ўкраінцы беларуская мова — тым больш, што яна не мае беларускіх каранёў. Вікторыю такое пытанне здзіўляе.

— Я лічу, што беларуская мова вартая таго, каб яе ведалі і на ёй размаўлялі. Не разумею, чаму людзі здзіўляюцца таму, што я вучу беларускую. У вас што, няма нейкіх захапленняў, чагосьці, што вам падабаецца? Дык а навошта вы гэта робіце? Ці лічу я, што беларуская мне непатрэбная? Не, бо я пазнаёмілася з цудоўнымі людзьмі, даведалася шмат цікавага.

Пры гэтым, Вікторыя прызнаецца, што не валодае свабодна рускай мовай — таму людзі, якія патрабуюць ад яе ў каментарах размаўляць на рускай, прыводзяць яе ў ступар.

— Чаму некаторыя людзі думаюць, што свет круціцца вакол рускай мовы? Я вырасла ў цалкам украінамоўным асяроддзі, ніколі не вывучала рускую. Таму што ў маім горадзе ў школах яе не вывучаюць як мінімум гадоў 20. Я нават не ўмею адэкватна ёй размаўляць. Можа, калі патрэніравацца, дык атрымаецца. Але навошта? Для мяне гэта замежная мова, якую я крыху ведаю, бо ў маім дзяцінстве было шмат фільмаў і серыялаў на ёй. Зараз ніякай карысці яна для мяне не нясе. Але чамусьці некаторыя людзі не могуць асэнсаваць, што руская мова патрэбна не ўсім.

Вікторыя вядзе тыкток «Украінка па-беларуску». Фота з архіва гераіні

Цяпер Вікторыя падпісана на шмат беларускамоўных людзей у тыктоку, розныя адукацыйныя старонкі.

— Часам магу паглядзець нешта на «Кінаканапе», часам чытаю беларускую літаратуру — але на чытанне ўсё ж звычайна часу не хапае.

Напрыканцы размовы Вікторыя дадае:

— Беларуская мова для мяне адна з найбольш прыгожых у свеце, і я хацела б падтрымаць беларусаў і беларускую мову ў гэты нялёгкі для вас і для нас час. Бо калі адныя людзі не разумеюць, навошта людзям беларуская, то іншыя робяць усё што могуць для яе развіцця. І я хацела б быць часткай гэтай вялікай справы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары17

  • ❤️
    23.01.2026
    Якая прыгажуня!
  • Беларус
    23.01.2026
    Дзякуй, Вікторыя ❤️
  • пачнём размаўляць на кухні па-беларуску
    23.01.2026
    3% у міня, Я пісаў тут шмат разоў: кожны беларус, які ведае мову, можа працаваць на роднай мове. Пытаньне — у маскоўскім (стакгольмскім) сындроме. Маскоўская мова і культура — не толькі імпэрскія, янa маюць у сабе элемэнт дамінацыі. Калі мы пераможам імпэрыю ў сабе і пачнём размаўляць на кухні па-беларуску, у нас будзе ўсё, як у суседзяў па ЭЗ: выбары, правы чалавека, сьцяг і г.д

Цяпер чытаюць

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны24

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Усе навіны →
Усе навіны

Выдавецтва «Папуры» анансуе дзясятак кніг для дзяцей і дарослых

У Мінску беларускія клубніцы прадаюцца ўжо ад 5 рублёў за кілаграм1

Сямейнай пары работнікаў дзіцячага садка далі за «здраду дзяржаве» і «кантрабанду зброі» 12 і 14 гадоў. Вось што кажуць сябры сям'і6

Упершыню за 23 гады на Краснай плошчы вырашылі не праводзіць святочны канцэрт да Дня Расіі9

21‑гадовы расійскі хакеіст выпадкова застрэліўся на вачах у дзеда. Пенсіянер не вытрымаў гора і забіў сябе5

«Зладзілі маленькі Кітай». Што вядома пра новую вытворчасць халадзільнікаў у Баранавічах3

«Галоўная крыніца выдаткаў — гэта часта адносіны». Айцішнік расказаў, як за тры гады купіў кватэру ў Тбілісі з заробку5

У Мінску на Партызанскім праспекце аўтамабіль збіў 21‑гадовага хлопца на самакаце4

Прызначаны новы міністр прыродных рэсурсаў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны24

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць