«Чаму беларусы не знялі Лукашэнку?» Украінская блогерка тлумачыць суайчыннікам, што адбываецца ў Беларусі
Украінская блогерка Хрысціна Кафка вядзе тыкток пад нікам Шановна. У сваіх відэа дзяўчына распавядае ўкраінцам пра беларускія рэаліі. Рабіць гэта яна пачала ў 2022 годзе пасля таго, як пачула ад знаёмых: «Як ты можаш вывучаць беларускую мову, калі з Беларусі на нас ляцяць ракеты?!»
Хрысціна распавяла «Нашай Ніве», што сачыць за беларускімі навінамі пачала ў 2020 годзе, а да гэтага часу ведала толькі базавыя рэчы.
«Не магу сказаць, што я разумела, што Лукашэнка дыктатар. Я проста бачыла ў навінах нейкага дзядусю, які часам робіць нейкую бязглуздзіцу. Не ўспрымала яго як сур’ёзную пагрозу. Але і пазітыўна да Лукашэнкі не ставілася.
Мабыць, трэба адзначыць, што ў маёй «бурбалцы» ніколі не было тых, каму падабаўся Лукашэнка. І мне здавалася, што ўсе ва Украіне ставяцца да яго так, як мая сям’я і сябры — негатыўна. Я сапраўды ніколі ад іх не чула, што Лукашэнка класны ці «Вось нам бы яго!». Таму для мяне было сапраўды вельмі дзіўна, калі я пабачыла даследаванне 2019 года, дзе Лукашэнка быў найпапулярнейшым замежным палітыкам ва Украіне (66% апытаных да яго ставіліся станоўча)».
Дзяўчына кажа, што рабіць кантэнт пра Беларусь пачала ў 2022 годзе:
«Тады я пачула ад знаёмых: «Як ты можаш вывучаць беларускую мову, калі з Беларусі на нас ляцяць ракеты?!» І сказалі яны гэта, канешне, на расійскай. Я стаяла і не разумела, як такі сюр увогуле можа адбывацца. Але я не хацела сварыцца з тымі людзьмі, бо мне трэба было амаль кожны дзень з імі бачыцца. І вось на такіх эмоцыях я запісала відэа для тыктоку. Таму што зразумела, што існуюць людзі, якія не разумеюць нават нейкія базавыя рэчы і не могуць пабудаваць прычынна-выніковыя сувязі. Здаецца, тое відэа набрала каля 200 тысяч праглядаў».
«Шаноўныя, хто напісаў [пра Лукашэнку] прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, не ганьбіцеся!» — каментуе блогерка дзяржаўны ўкраінскі партал «Війна і санкції».
Хрысціна адзначае: яна сапраўды запісвае шмат відэа на эмоцыях, можа, гэта ў чымсьці і перашкаджае. Але так ёй падказвае сэрца і рабіць інакш яна не можа.
«Разумею, што гэта патрэбна беларусам, якім важна адчуць падтрымку ад кагосьці яшчэ акрамя такіх самых беларусаў. І гэта патрэбна ўкраінцам, якія не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, а арыентуюцца на расійскую прапаганду».
Дарэчы, вучыць беларускую мову Хрысціна пачала пасля таго, як пачула ў аднаго блогера пра тое, што гэта мова ўваходзіць у спіс моў ЮНЭСКА, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
«Падумала, што мне вельмі шкада, бо беларуская мова сапраўды вельмі прыгожая. І калі я магу зрабіць так, каб на ёй размаўляла хаця б на аднаго чалавека болей, я гэта зраблю».
Хрысціна шкадуе, што цяпер вывучае беларускую не так актыўна, як хацелася б. Кажа, што пісаць у яе не вельмі добра атрымліваецца. Але ж яна імкнецца чытаць навіны пра Беларусь на беларускай, чытае таксама кнігі беларускіх аўтараў, спрабуе размаўляць з беларускімі сябрамі.
«Я вось толькі вярнулася ва Украіну з Нямеччыны. Думаю, што некаторы час мне спатрэбіцца, каб засвоіцца тут. А потым планую ўзяць сабе рэпетытара, каб ужо больш грунтоўна займацца».
Суайчыннікі Хрысціны па-рознаму ставяцца да яе відэа.
«Тыя ўкраінцы, якія разумеюць, што адбываецца і ва Украіне, і ў Беларусі, што такое агрэсія Расіі, рэагуюць нармальна. Бо нельга казаць пра тое, што гэта адзінкавая вайна, якую мы маем цяпер. Расія стагоддзямі імкнулася каланізаваць Украіну, Беларусь і іншыя краіны — і ўсе мы не ўпершыню змагаемся супраць, гэта вайна не толькі нашага пакалення.
Ёсць індывідуумы, якія пасля 2022 году зразумелі, што трэба пачаць чымсьці цікавіцца, але цікавіцца не пачалі. Яны што пачулі, то і сказалі. Яны паўтараюць нейкія тэзісы за аўтарытэтамі. І адпаведна калі яны бачаць мае відэа, яны пачынаюць пісаць тыя самыя тэзісы ў каментарыях».
Дзяўчына адзначае, што ёсць таксама катэгорыя каментатараў, якія спрабуюць у якасці аргументаў выкарыстоўваць нейкі асабісты досвед: «Вось я ў чаце перапісваўся з беларусам, ён падтрымлівае Лукашэнку», «Я жыў некалькі гадоў у Беларусі — і ўсе беларусы, якіх я сустракаў, хвалілі Лукашэнку».
«Суб’ектыўны досвед не можа адлюстроўваць рэальнасць у Беларусі, таму што незнаёмаму чалавеку наўрад ці хтосьці рызыкне зараз сказаць нешта супраць Лукашэнкі, бо гэта небяспечна. А ўкраінцы, якія раслі ў дэмакратычнай краіне (ва Украіне свабода слова і ты сапраўды можаш выказаць свае думкі), не разумеюць сітуацыю ў суседзяў. Яны думаюць, што маўчанне ці ціхі супраціў — гэта азначае згоду ды падтрымку».
Хрысціна мяркуе, што большасць з тых украінцаў, якія падтрымліваюць беларусаў, не выказваюцца публічна.
«Зрабіла для сябе адкрыццё, што мае знаёмыя, якія нешта робяць для падтрымкі беларусаў, не гавораць пра гэта. Нават я даведвалася пра іх дзейнасць выпадкова. Бачу, што ёсць украінскія вайскоўцы, іх жонкі разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Я размаўляла з імі і яны казалі: «Мы ведаем пра рэпрэсіі ў Беларусі і паважаем кожнага беларуса, які ваюе за Украіну ці які робіць супраціў у сваёй краіне».
Гэтыя людзі моўчкі паважаюць, моўчкі падтрымліваюць. Яны не крычаць так гучна, як робяць гэта тыя, хто лічыць беларусаў ворагамі. Бо людзі, у якіх мала ведаў (і яны гэта разумеюць), любяць галасіць. Вось таму іх больш бачна. І гэта праблема».
«Панічна баялася ехаць у Беларусь». Сястра ўкраінскага падлетка, якога вывезлі ў Расію, расказала, як вярнула брата на радзіму
«Альбо вялікі гонар, альбо вялікая ганьба». Што адбывалася на канферэнцыі палка Каліноўскага па стратэгіях вызвалення Беларусі
Беларускую палітыку ва Украіне фармуе дарадца без палітычнай адказнасці — украінскі палітолаг
Каментары