Грамадства3030

Кітаец вывучаў беларускую мову, паехаў у Мінск, але аказалася, што там на ёй не размаўляюць

Сюю Байлуну 29 гадоў. Ён нарадзіўся ў горадзе Куньмінь правінцыі Юньнань — на паўднёвым захадзе Кітая. З дзяцінства ён цікавіўся геаграфіяй і ведаў пра існаванне Беларусі. Затым вывучыў беларускую мову, але сутыкнуўся з праблемай: яна аказалася незапатрабаванай ні ў Кітаі, ні ў Беларусі. Тады ён паехаў у Кракаў, дзе нарэшце знайшоў беларускамоўных сяброў, піша Most.

Кітаец вывучаў беларускую мову, паехаў у Мінск, але аказалася, што там на ёй не размаўляюць. Урэшце ён знайшоў суразмоўцаў у Польшчы
Сюй Байлун. Фота з яго архіва

У школе Сюй вывучаў японскую мову і ў пэўны момант у яго з’явілася мара — займацца япаністыкай. Аднак кітайская сістэма вышэйшай адукацыі не прадугледжвае самастойны выбар кірунку — варыянты прапаноўвае дзяржава.

Звычайна на філалагічных напрамках абітурыентам прапаноўваюць в’етнамскую ці французскую мову. Аднак яму давялося выбіраць паміж іспанскай, хіндзі і рускай. Кітаец спыніў свой выбар на апошняй — і паехаў у Пекін на навучанне.

«Словы былі проста гукамі»

Вывучэнне славянскай мовы з нуля для Сюя аказалася сапраўдным выпрабаваннем.

«[На першых занятках] я ледзь не плакаў. Былі праблемы з фанетыкай: некаторыя гукі я не мог вымавіць, а шматлікія словы былі проста гукамі. Таксама цяжка было зразумець, чаму трэба казаць менавіта так, а не інакш, чаму так шмат склонаў, калі ў кітайскай мове іх папросту няма», — згадвае суразмоўца.

Аднак Сюй не думаў здавацца. Шмат практыкаваўся — і паступова ўсё пачало атрымлівацца.

«Кірыліцу змяшалі з лацініцай»

У Кітаі навучанне на бакалаўрыяце доўжыцца чатыры гады. Падчас вучобы Сюя ў краіне запусцілі праграму па вывучэнні моў розных краін свету. Так на апошнім курсе з’явіўся пробны факультатыўны прадмет — беларуская мова. Ён не быў абавязковым і не карыстаўся папулярнасцю — заняткі наведвалі ўсяго пяць чалавек, Сюй быў адным з іх.

«Я ведаў, што ёсць краіна Беларусь і што існуе беларуская мова, але ніколі не чуў, як яна гучыць. Мне было вельмі цікава, — тлумачыць кітаец. — Першае ўражанне было такое, нібы кірыліцу змяшалі з лацініцай: у беларускай ёсць адметная «і» з кропкай, а таксама «ў».

Заняткі праводзіла выкладчыца з Беларусі. Яна шмат расказвала пра Беларусь, яе гісторыю і культуру. Акрамя таго, напрыканцы кожнай лекцыі ў падручніку былі змешчаныя цікавыя факты — напрыклад, пра крыж Еўфрасінні Полацкай або пра слуцкія паясы. Нядаўна, як адзначае Сюй, яго выкладчыца выдала чарговы падручнік па беларускай мове для кітайскіх студэнтаў.

«Не было ніводнага замежніка, які б хацеў сістэматычна вывучаць беларускую»

У 2019 годзе Сюй скончыў навучанне, але спыняцца не збіраўся. Спачатку ён разглядаў магчымасць атрымаць ступень магістра па ўкраінскай філалогіі ва Украіне. Аднак выкладчыца беларускай мовы расказала, што ён можа паехаць у Мінск па праграме студэнцкага абмену і працягнуць вывучэнне беларускай. Так Сюй апынуўся ў Мінску — у Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Кітаец быў поўны рашучасці ўдасканальваць беларускую мову, але вучоба пайшла не па плане — яго накіравалі на рускую філалогію.

«Дагэтуль не было ніводнага замежніка, які б хацеў сістэматычна вывучаць беларускую мову, — сцвярджае Сюй. — У іх не было адаптаванай праграмы, таму беларуская мова выкладалася проста як факультатыў — да трох гадзін на тыдзень. Гэтага было недастаткова».

Сюю такі падыход катэгарычна не падабаўся, і ён неаднаразова звяртаўся да адміністрацыі ўніверсітэта, каб вырашыць гэта пытанне. Аднак усе спробы былі марнымі.

«Пачаў бунтаваць»

Тады Сюй вырашыў самастойна стварыць умовы, каб паляпшаць свае веды.

«Пачаў бунтаваць, — усміхаецца суразмоўца. — Выконваў заданні па-беларуску, перакладаў вялікую колькасць матэрыялаў з рускай мовы і нават здаваў экзамены па-беларуску. Некаторыя выкладчыкі казалі, што іх прадмет можна здаваць толькі па-руску. Я гэта ігнараваў».

А вось навуковая кіраўніца, якая каардынавала магістарскую працу, падтрымала свайго падапечнага. Яна звярнулася да адміністрацыі — і Сюю дадалі заняткі па беларускай філалогіі.

У выніку Сюй паспяхова абараніў дыпломную працу на беларускай мове і атрымаў ступень магістра беларускай філалогіі.

Беларускі фальклор
Канцэрт «Беларускі фальклор і танец». Фота з архіва Сюя

«Папрасіў каву — а дзяўчына засмяялася»

Да пераезду ў Беларусь Сюй ведаў, што ў краіне пераважае руская мова, але не меркаваў, што «ўсё настолькі сур’ёзна».

Як ва ўніверсітэце, так і па-за яго межамі хлопец свядома карыстаўся беларускай мовай у штодзённым жыцці. Сюй заўважыў, што ў Беларусі існуе сапраўдная дыскрымінацыя беларускай мовы: калі ён размаўляў па-беларуску ў Мінску, людзі часта глядзелі на яго са здзіўленнем, не заўсёды разумелі, што ён кажа, а часам нават пасміхаліся.

«Аднойчы ў гандлёвым цэнтры на Нямізе я замаўляў каву і сказаў: «Можна мне, калі ласка, адну вялікую каву?» Дзяўчына засмяялася, бо па-руску «вялікая кава» нібыта гучыць як нешта прышпільнае».

Тое ж здаралася і на занятках. Аднойчы выкладчыца папрасіла замежных студэнтаў назваць беларускія святы. Паводле слоў Сюя, прагучалі такія святы, як Дзень Перамогі, Дзень працы, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі і іншыя савецкія даты, а ён назваў Раство, Вялікдзень і іншыя традыцыйныя святы.

«Выкладчыца папрасіла адказваць толькі па-руску. Было крыўдна, — кажа Сюй. І дадае, перайначваючы Францішка Багушэвіча: — Вывучайма мову нашу беларускую, каб не ўмёрлі».

Сюй Байлун
Пратэст у Мінску. Фота з архіва Сюя

«У Кітаі мае веды былі ні да чаго»

Пасля навучання ў Беларусі Сюй вярнуўся ў Кітай, але хутка стаў планаваць вяртанне ў Еўропу.

«Заставацца ў Кітаі было [бессэнсоўна] — там мае веды былі ні да чаго», — кажа кітаец.

Сюй вырашыў вывучыць яшчэ адну славянскую мову — украінскую. І ўжо рыхтаваўся адправіцца ва Украіну, аднак планы праваліліся з-за вайны. Ад мары ён не адмовіўся, але спыніў свой выбар на факультэце ўкраінскай філалогіі Ягелонскага ўніверсітэта.

Цягам двух гадоў Сюй вывучаў польскую мову на «зэруўцы» — падрыхтоўчым курсе для замежнікаў. А ў мінулым годзе нарэшце паступіў у магістратуру.

«У Польшчы беларускамоўных беларусаў больш, чым у самой Беларусі»

У Польшчы Сюй амаль адразу пазнаёміўся з беларусамі — аднагрупнікамі з зэруўкі.

«Калі яны казалі, што з Беларусі, я адразу пераходзіў на беларускую мову. Яны былі ў шоку — і працягвалі адказваць па-руску, — кажа Сюй. — У выніку атрымалася, што я быў адзіным на цэлай зэруўцы, хто ведаў беларускую мову».

Пазней мужчына пачаў наведваць мерапрыемствы, арганізаваныя кракаўскай дыяспарай. Там ён пазнаёміўся з беларускамоўнымі беларусамі і знайшоў сяброў.

«У Беларусі ў мяне не было ніводнага [беларускамоўнага сябра ці знаёмага], а цяпер у мяне іх шмат. Аказалася, што ў Польшчы беларускамоўных беларусаў больш, чым у самой Беларусі», — усміхаецца кітаец.

Каментары30

  • Малажавы
    14.02.2026
    Які разумны хлопец, а некаторыя нават на 6,7 дзесятку год і дагэтуль не у стане вывучыць Беларускую Мову
  • Жыве Беларусь
    14.02.2026
    Вынік 31 года праклятага лукашызму, вынішчана мова, культура, гісторыя, арганізацыі
  • маскоўскі (стакгольмскі) сіндром
    14.02.2026
    імперскія казкі , усе ў РБ ведаюць мову, 99 % ведаюць. Чаму не жадаюць з кітайцам размаўляць ? Адказ просты - маскоўскі (стакгольмскі) сіндром . YouTube : Беларусь: Старажытная і сучасная. Новы погляд на гісторыю Цэнтральнай Еўропы. Лекцыя Тымаці Снайдэра

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

Германія рыхтуецца афіцыйна абвінаваціць Расію ў падрыхтоўцы атакі ў Лейпцыгу і ўвесці «маштабныя санкцыі»11

У ЗША маці застрэліла 11‑месячнага сына, каб бацька ніколі не атрымаў над ім апеку4

На Балі швейцарскі турыст напляваў на мясцовыя традыцыі. Наступны год ён правядзе ў турме10

Чаму ў Мінску ўсё часцей можна сустрэць дзікіх жывёл?1

КДБ затрымаў групу людзей, якіх вінавацяць у зборы закрытай інфармацыі пра абаронныя прадпрыемствы17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць