Грамадства11

Тэнісны корт, пляж і аранжарэя. Як пад Нясвіжам збіраюцца перарабіць старажытны парк сядзібы Рдултоўскіх

Сядзіба Рдултоўскіх у аграгарадку Сноў доўгія гады заставалася адной з самых закрытых сядзіб Нясвіжскага раёна. У палацава-паркавым комплексе XIX стагоддзя размяшчаўся вайсковы шпіталь, таму старонніх асоб на тэрыторыю не пускалі. Але пасля пераходу да прыватнага інвестара справа нарэшце дайшла і да маштабных перамен у навакольным парку. Выданне Domovita.by паглядзела, як зменіцца старажытны маёнтак.

На сайце Нясвіжскага райвыканкама з'явілася паведамленне пра грамадскія абмеркаванні плана кіравання гэтай зялёнай зонай на найбліжэйшыя 10 гадоў. Мяркуючы па схемах, замест зараснікаў вакол палаца з'явіцца прыгожая лакацыя для адпачынку з пляжам, тэнісным кортам і ўласнай аранжарэяй. 

Ад закрытай тэрыторыі да турыстычнага цэнтра

Палацава-паркавы ансамбль у Снове з'явіўся ў 20‑х гадах XIX стагоддзя дзякуючы ўладальніку тутэйшых земляў Казіміру Рдултоўскаму. Па праекце архітэктара Браніслава Тычэцкага тут узвялі адзін з найбуйнейшых класічных палацаў у Беларусі, а вакол разбілі прасторны пейзажны парк. Галоўным гонарам маёнтка была складаная водная сістэма на рацэ Сноўка: з сеткай каналаў, сажалкамі і двума штучнымі астравамі, куды вялі ажурныя пешаходныя мосцікі.

Крыніца: Poshyk Info

Пасля ўсіх узрушэнняў XX стагоддзя палац змяніў статус і на доўгія гады стаў закрытым вайсковым шпіталем. За глухім перыметрам і КПП старажытныя алеі з векавымі ясенямі і клёнамі паступова здзічэлі, хоць яшчэ ў 1987 годзе парк плошчай 10,52 гектара афіцыйна прызналі батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Сам комплекс уключылі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, але звычайныя падарожнікі ўбачыць палац маглі хіба што толькі здалёк.

Крыніца: LDD.by

Пераломны момант наступіў пасля таго, як запусцелы маёнтак выкупіў прыватны інвестар — «Першая кампанія Благадарава Я.А.» Напрыканцы 2025 года Нясвіжскі райвыканкам перадаў фірме кіраванне ўсім паркавым комплексам.

Каб прывесці зялёную зону ў парадак і адкрыць яе для турыстаў, спатрэбілася вызначыць рэгламент усіх будучых работ. Для гэтага навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падрыхтавалі падрабязны дзесяцігадовы план развіцця тэрыторыі, які днямі і выставілі на грамадскае абмеркаванне.

Корты, пляж і капітальная аранжарэя

Па разліках спецыялістаў, пад новыя пабудовы, пляцоўкі і дарожкі пойдзе каля 45 сотак. Гэта менш за пяць працэнтаў тэрыторыі, так што практычна ўвесь гістарычны парк застанецца ціхай зялёнай зонай для шпацырах. Работы разгорнуцца толькі на запусцелых палянах і каля берага сажалкі, дзе і абсталююць асноўныя месцы для адпачынку.

Крыніца: nesvizh.gov.by

На свабодных участках збіраюцца абсталяваць адразу некалькі новых лакацый:

  • капітальны будынак аранжарэі плошчай 300 квадратных метраў;
  • абгароджаны тэнісны корт на 500 квадратных метраў;
  • шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка на 500 квадратаў і дзіцячая гульнявая зона на 200 квадратаў;
  • упарадкаваны пясчаны пляж на беразе сажалкі плошчай 200 квадратных метраў;
  • аўтамабільная стаянка, разлічаная прыкладна на 20 машын.

Акрамя спартыўных пляцовак, на схемах упарадкавання размешчаныя зялёны лабірынт, альтанкі, ратонда, пешаходныя масткі і драўляныя пірсы. Старажытная водная сістэма сядзібы з двума насыпнымі астравамі і сеткай каналаў будзе захаваная: сажалкі паэтапна расчысцяць, а берагавую лінію ўмацуюць.

Крыніца: nesvizh.gov.by

Новыя алеі, падсветка і доступ праз КПП

Прагулачную частку парку плануюць цалкам адаптаваць для камфортнага адпачынку. Замест разбітых дарожак з'явіцца сетка алей з рознымі тыпамі брукавання:

  • частку цэнтральных і пейзажных маршрутаў адсыплюць гранітнай і цаглянай крошкай;
  • галоўныя пешаходныя зоны і праезды выкладуць брукам;
  • спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі забяспечаць гумавым покрывам і штучнай травой.

Уздоўж асноўных алей змантуюць ліхтары, а пад зямлю схаваюць неабходныя камунікацыі — вадаправод, каналізацыю, цеплатрасу і газазабеспячэнне.

Крыніца: «Планета Беларусь»

Стан старых ясеняў і ліп працягнуць кантраляваць, прыбіраючы толькі аварыйныя галіны і сухія ствалы. Партэр перад галоўным фасадам дапоўняць газонамі і жывымі агароджамі, а на свабодных участках закладуць новы пладовы сад.

Па разліках эколагаў, абноўлены парк зможа прымаць да 4080 чалавек у суткі. Доступ на тэрыторыю пакуль застаецца строга праз будынак кантрольна-прапускнога пункта. Пры гэтым кіраўнічая кампанія пакінула за сабой права часова абмяжоўваць уваход, калі нагрузка на навакольнае асяроддзе акажацца занадта высокай.

Каментары1

  • Ну
    09.09.2026
    Зразумела, што ночыць у адноўленай сядзібе будуць не простыя людзі. Але ж добра, што будзе хаця б магчымасць (спадзяюся) прыехаць і пахадзіць па парку. Напэўна, гэта лепш, чым далейшае занядбанне гэтага прыгожага сядзібнага ансамблю.

Цяпер чытаюць

«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам10

«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам

Усе навіны →
Усе навіны

Падчас сходу лавіны ў Кабардзіна-Балкарыі загінулі супрацоўнікі Расгвардыі, але не спецназаўцы3

Яраслаў Чарнагор павіншаваў беларусаў з гадавінай перамогі пад Оршай2

Наступленне УСУ на Ліманскім кірунку: што вядома пра аперацыю і чаму OSINT-аналітыкі называюць яе прарывам3

Выйшаў на свабоду 18‑гадовы блогер, якога судзілі за махінацыі з грашыма, сабранымі на лячэнне Вані Сцяцэнкі11

Капітан лонданскай футбольнай каманды стаў каралём ва Угандзе

Лісічкі ад 3 рублёў, рыжыкі — ад 8. Дзе выгадней за ўсё купляць грыбы ў Мінску

Рыба-гібрыд здзівіла навукоўцаў: яна ўмее рухацца бокам і назад

У Літве збіраюцца абмежаваць беларусам магчымасць куплі нерухомасці6

Пуцін і Трамп пагаварылі пра вайну ва Украіне1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам10

«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць