Літаратура1212

Ксёндз з Віцебска напісаў аповесць аб праведнасці, якая аказалася дэманізмам

«Крушня» — гэта сучасная версія прыпавесці пра фарысея і мытніка, мяркуе Сяргей Дубавец.

Казань сьвятара — тое, што пад час службы ён гаворыць «сваімі словамі» — заўсёды ўспрымаецца як адкрыцьцё, якое адбываецца з табой і ў якім нейкая дзіўная лёгіка прыводзіць да гармоніі зблытаныя неспарадкаваныя думкі. Часам падаецца, што гэта цуд, хоць усё лягічнае і няма ў словах нічога звышнатуральнага, але ўсе заміраюць, апанаваныя гэтым адкрыцьцём.

З падобным пачуцьцём я чытаў аповесьць ксяндза Сяргея Сурыновіча «Крушня». Толькі казань — своеасаблівы і пры тым вельмі «лёгкі», зусім не прыдуманы жанр. Мастацкая проза вымагае якраз іншага: слоўнае вобразнасьці, падбору герояў, фабулярнасьці, якраз таго, з чым мае справу Сурыновіч, ад якога «па вызначэньні» чакаеш казані, пасьля якой звычайна адчуваеш шкадаваньне таго, што бліскучая прамова — гэта вусная імправізацыя, якая нідзе не зафіксаваная.

Словам, з такой думкай я і пачаў чытаць, крыху насьцярожаны яшчэ і рэкамэндацыяй «вельмі добрай» мовы — што цяпер было б вялікай рэдкасьцю.

Зразумела, што я прачытаў артыкул пра аўтара ў вікіпэдыі, дзе зьвярнуў увагу на геаграфію яго жыцьця: служыў пробашчам у Віцебску, Слабодцы пад Браславам, у Друі. Але гэта не зьмяніла майго ўражаньня ад аповесьці ў цэлым: «ксяндзоўская проза» саступіла ў жанравым змаганьні казані сьвятара — пакліканьню аўтара.

Аўтар піша пра старых людзей, вяскоўцаў, якім за 70, як і галоўнай гераіні Станіславе — у якой замест хрыбта быццам выраблены з шомпала жалезны стрыжань, які павінен сьцьвярджаць яе першынство сярод іншых. Яна з пагардай глядзіць на суседзяў і на ўсіх увогуле. Калісьці, ратуючы малога хворага сына ад сьмяротнай хваробы, яна і з Богам не пагадзілася падзяліць сваю перамогу, стала «правільнай» ува ўсім. А ў выніку засталася зусім адна са сваім «жыцьцё выдуманай праведнасьці». Дзеці разьехаліся, абы ня мець зь ёю справаў.

«Цяжар брызэнтавых клункаў больш не вымяраўся вагой, яны набылі шчыльнасьць скальнай пароды, кожны крок клаўся каменем у асабістую крушню — манумэнт, які жанчына грувасьціла дзесяцігодзьдзямі нібы дзеля абароны ад бруднага сьвету».

— Лепш быць недасканалай, але жывой, чым стаць бездакорнай і мёртвай, — папракае яе аднавяскоўка-аднагодка.

Патроху робіцца зразумела, што гэта па сутнасьці тая самая казань, толькі паслабленая жанрава — да «ксяндзоўскае прозы». Гаворка ідзе пра «асаблівасьці веры», у розных людзей розныя — аж да ператварэньне веры ў дэманізм, тут жа спадарожнічаюць і асаблівасьці мовы, даволі аднастайнай пры апісаньні фізіялягічных ці прыроднах зьяваў.

І пачынаецца аповед пра Хрыстова нараджэньне: «Калі Творца вырашыў прыйсьці на зямлю, Ён чамусьці не запатрабаваў сабе вываранага ў содзе палатна. Дзевяць месяцаў прабыўшы ў цёмнай чэраўнай вадзе жанчыны, Хрыстос нарадзіўся на сене сярод гною, пасярод авечага смуроду і прэлай саломы… «

Тут жа і рэзюмэ пра хлопчыка, які радасна прынёс у хату рапуху, за што маці яго пакарала.

«Гэта была не навука ахайнасьці, а плянамернае выдзіраньне зь дзіцяці самой здольнасьці прывязвацца да таго, што можа пакінуць брудны сьлед».

Тут я б ня зьвязваў саму дзіцячую здольнасьць прывязвацца з замоцнымі словамі пра «брудны сьлед».

Словам, атрымалася спроба ператварэньня казані ў прозу, але проза як жанр — не ўзмацніла эфэкт.

У цэлым жа гэта пераказ эвангельскай прыпавесьці пра мытніка і фарысэя, які вельмі добра надаецца для цяперашніх абаронцаў парадку, якія ўзвышаюць сябе над іншымі.

У Эвангельлі паводле Лукі ёсьць такі эпізод:

«Расказаў (Ісус) таксама прыпавесьць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасьці, якія пагарджалі іншымі: «Два чалавекі зайшлі ў сьвятыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: «Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распусьнікі або як гэты мытнік. Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю». А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: «Божа, будзь міласьцівы да мяне, грэшнага». Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а ня той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».

У аповесьці Сяргея Сурыновіча адкрыты фінал. Станіслава нібыта ўсьвядоміла свой жыцьцёвы пралік, але што і як будзе зь ёй далей, — невядома. У «ксяндзоўскай прозе», у адрозьненьне ад казані, не прадугледжанае адкрыцьцё.

Каментары12

  • ррт178
    13.09.2026
    Калі ўжо хтось надрукуе на беларускай дапаможнікі для такарных і фрэзерных станкоў, распрацоўцы аперацыйных сістэм, хірургіі, мікраэлектроніцы, рольніцтву і г.д. А то ўсе гэтыя вершы, мастацкія аповеды ды міты - гэта добра, але замала. Трэба практычная і навуковая літаратура. Няўжо адныя летуценьнікі ў друкарнях ды за асадкаю сядзяць? Калі чалавек сутыкаецца з практычнымі паўсядзённымі праблемамі (напрыклад як акумулятар адрэмантаваць, ці дах перакрыць, паглядзець новыя методыкы кулінарыі, ці расьліну альбо грыб ідэнтыфікаваць) - то ў яго застаецца два выбары - альбо лезьці ў расейскую літаратуру, альбо ў ангельскую. А сваёй атрымліваецца проста няма, бо свая то дзесьці ў часах цмокаў ды рыцараў захрасла, то лётае дзесьці ў нябёсах з Езусам, то поўзае па старых турмах ды франтах. У выніку мова сапраўды паступова ператвараецца на мову бабулек бо не ствараецца і не ўжываецца сучасная тэхнічная, навуковая, кампутарная, медыцынская тэрміналёгія, а старая - паступова адыходзіць у мінулае.
  • Вожык
    13.09.2026
    Галоўнае гэта AI-слопная вокладка, пад вокладкай такая ж брыдота?)
  • Няблага
    13.09.2026
    Ух ты , juice і іх прыхільнікі вельмі стараюцца пра тое, каб вучыць усю планету як жыць па іх правілах

Цяпер чытаюць

Былога беларускага міліцыянера злавілі ў Бельгіі пры спробе рабавання крамы4

Былога беларускага міліцыянера злавілі ў Бельгіі пры спробе рабавання крамы

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскі таксіст распрацаваў хітрую схему, па якой амаль задарма завалодаў 12‑цю аўтамабілямі4

Беларускі стэндапер перамог у польскай «Бітве комікаў»2

Кіеў увечары зноў быў пад атакамі, знікалі святло і вада. За дзень ва Украіне загінулі як мінімум 25 чалавек

ЕС анансаваў самае маштабнае пашырэнне санкцыйнага спісу супраць Расіі1

У Ганцавіцкім раёне знайшлі баравік памерам з каску ФОТЫ

На пажарны пост у Хойніцкім раёне прыпоўз тарантул ФОТАФАКТ2

За квіткамі ў тэатр лялек зноў вядзецца сапраўднае паляванне. Так ужо трэці год1

Нацбанк выпускае залатую манету наміналам 100 рублёў4

Пурпуровае мора і трактары-амфібіі. Як на Палессі збіраюць журавіны3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога беларускага міліцыянера злавілі ў Бельгіі пры спробе рабавання крамы4

Былога беларускага міліцыянера злавілі ў Бельгіі пры спробе рабавання крамы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць