Усё менш беларускіх топ-чыноўнікаў родам з Расіі ці вучыліся там. Але многія суперброкеры ўсё яшчэ маюць «расійскі след»
Доля ўраджэнцаў Расіі і людзей, якія адвучыліся ў Расіі, у вярхах увесь час зніжалася. А вось у арміі і КДБ яны па-ранейшаму скрозь. Пра гэта гаворыцца ў новым даследаванні «Анатомія беларускай улады. Карта сувязяў кіраўнічай эліты».

Аўтары даследавання Юрый Дракахруст і Антон Раднянкоў прааналізавалі біяграфіі 271 прадстаўніка беларускай кіроўнай эліты. У базу трапілі дзейныя і нядаўнія высокапастаўленыя чыноўнікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і сілавых структур, абласной і мінскай вертыкалі, буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама асобныя людзі без фармальнай пасады, чый удзел у прыняцці рашэнняў зафіксаваны ў адкрытых крыніцах. Самога Аляксандра Лукашэнку ў выбарку не ўключалі: даследчыкаў цікавілі перадусім сувязі прадстаўнікоў эліты паміж сабой.
На падставе адкрытых біяграфій даследчыкі рэканструявалі 3457 сувязяў. Сувязь фіксавалася ў двух выпадках: калі два чалавекі адначасова працавалі ў адной установе або вучыліся ў адной навучальнай установе. Чым даўжэй яны перасякаліся па часе, тым большую вагу атрымлівала такая сувязь. У выніку выйшла сетка, якую аўтары аналізавалі метадамі тэорыі графаў.
Пры гэтым «сувязь» у даследаванні не азначае сяброўства, палітычнага саюза або цяперашніх кантактаў. Мадэль не ўлічвала сваяцтва, бізнэс-інтарэсаў і нефармальных знаёмстваў. Яна паказвае толькі супольны прафесійны і адукацыйны досвед, а не тое, наколькі блізкія гэтыя людзі цяпер.
Матэматычныя метады дазволілі паглядзець, якія групы ўтвараюцца ўнутры гэтай сеткі, хто звязвае паміж сабой яе розныя часткі і наколькі яна залежыць ад асобных людзей.

Алгарытм падзяліў вывучаную эліту на сем супольнасцяў. Галоўны падзел даследчыкі правялі між цывільнай адміністрацыйнай машынай і сілавым апаратам.
Асобна даследчыкі вылучылі найбольш шчыльна звязанае ядро сеткі — 65 чалавек, кожны з якіх меў не менш за 25 сувязяў з іншымі ўдзельнікамі гэтага ядра.
Расійскі след ёсць у кожнага пятага топ-чыноўніка і сілавіка
Сярод іншага, аўтары вымяралі «расійскі след». Яго фіксавалі, калі чалавек нарадзіўся ў Расіі ці РСФСР, вучыўся ў расійскай або савецкай навучальнай установе на тэрыторыі РСФСР ці працаваў у Расіі. Дастаткова было аднаго з гэтых крытэраў.
«Расійскі след» у даследаванні не азначае палітычнай арыентацыі чалавека або яго цяперашняй сувязі з Масквой. Гэта проста біяграфічны паказчык. Самі аўтары выкарыстоўваюць тэрмін «расійская сацыялізацыя». Патранажных, дзелавых і аператыўных кантактаў з Расіяй аўтары не шукалі.
У выніку «расійскае нараджэнне ці вучобу» знайшлі ў 55 з 271 чалавека, ці прыкладна ў кожнага пятага.
36 чалавек вучыліся ў Расіі, 20 там працавалі, 14 нарадзіліся на тэрыторыі Расіі. У 13 чалавек супалі два ці больш з гэтых крытэрыяў.
48 выпадкаў вучобы ў Расіі прыпадаюць на 33 розныя навучальныя ўстановы. Пяцёра вучыліся ў Акадэміі расійскага Генштаба, чацвёра — у МГІМО, гэта самыя частыя выпадкі.

Чым маладзейшае пакаленне, тым менш выхадцаў з Расіі
Як паказала даследаванне, апошнія дзесяцігоддзі «расійскі след» скарачаўся з кожным наступным пакаленнем беларускай наменклатуры.
Сярод прадстаўнікоў эліты, якія нарадзіліся ў 1950‑я гады, такі след маюць шэсць з дзесяці. Сярод народжаных у 1960‑я ўжо толькі каля траціны, у 1970‑я — пятая частка, у 1980‑я прыкладна адна восьмая.
Гэта не азначае, што канал цалкам знікае разам з савецкім пакаленнем. 23 чалавекі з даследаванай групы вучыліся ў Расіі ўжо пасля распаду СССР. Сярод адносна свежых прыкладаў аўтары называюць Вайсковую акадэмію Генштаба Расіі, МГІМО ў 2016‑м і Пагранічную акадэмію ФСБ. Таму даследчыкі называюць гэты канал не такім, які знікае, а «звужаным, але які падтрымліваецца».
Сілавікоў па-ранейшаму выхоўвае Расія
«Расійскі след» размяркоўваецца па розных частках дзяржаўнага апарата нераўнамерна. Сярод прадстаўнікоў арміі і МУС яго маюць 39%, у групе КДБ і іншых спецслужбаў 38%. Сярод дыпламатаў, суддзяў і прадстаўнікоў наглядных органаў — 24%, у прэзідэнцкай вертыкалі 17%, а ва ўрадзе і рэгіянальнай вертыкалі толькі 9%.
Гэтая розніца шмат у чым тлумачыцца адукацыяй. Значная частка сілавікоў прайшла праз расійскія навучальныя ўстановы — акадэміі Генштаба і Фрунзэ, Пагранічную акадэмію ФСБ, вучылішчы ўнутраных і паветрана-дэсантных войскаў. У цывільнай частцы сістэмы такую функцыю выконвае ўжо беларуская Акадэмія кіравання пры прэзідэнце, праз якую прайшлі 45% усяго даследаванага кіроўнага класа.
«Расійскі след» суперброкераў
«Расійскі след» значна часцей сустракаецца сярод людзей, якія займаюць ключавыя пазіцыі не паводле вышыні пасады, а паводле месца ў сетцы сувязяў.
Даследчыкі вылучылі 17 так званых «суперброкераў» — людзей, якія злучаюць паміж сабой розныя часткі дзяржаўнай сістэмы. Праз іх праходзіць 63% найкарацейшых шляхоў паміж астатнімі ўдзельнікамі сеткі.
Сярод гэтых 17 чалавек «расійскі след» маюць сямёра, ці 41%. У «другім эшалоне» такіх 22%, на перыферыі 15%. Такім чынам, чым вышэйшае месца чалавека ў гэтай сеткавай іерархіі, тым часцей у яго выяўляецца «расійскі след».
У ядры сеткі, да якога даследчыкі аднеслі 65 чалавек, «расійскі след» маюць 13, або 20%. Роўна столькі ж, колькі ва ўсёй вывучанай эліце ў цэлым.
Даследаванне чарговы раз пацвердзіла, што Беларусь застаецца краінай, дзе дзяржаўны і асабліва сілавы апарат насычаны людзьмі, якія выраслі і вучыліся ў Расіі. Мы адзіная такая краіна ў Еўропе. І хоць за перыяд незалежнасці пэўны бар'ер узнік, цывільныя кадры перасталі перацякаць вялікім патокам, сілавыя структуры застаюцца практычна працягам расійскіх.
Каментары