Іран плануе атакаваць Трампа і яго міністраў дронамі з выбухоўкай. Ізраільская разведка перадала ЗША звесткі пра падрыхтоўку нападаў на прэзідэнта і высокапастаўленых чыноўнікаў, піша Israel Hayom са спасылкай на амерыканскія і ізраільскія крыніцы. Некаторых міністраў ужо перасялілі на вайсковыя базы, а публічныя выступы Трампа істотна скарацілі.

Паводле выдання, амерыканскія спецслужбы самі папрасілі Масад праверыць інфармацыю пра пагрозы. Ізраільская разведка пацвердзіла яе, як і яшчэ адна заходняя спецслужба, якую газета не называе.
Адзін з суразмоўцаў расказаў, што Вашынгтон і раней ведаў пра іранскія пагрозы на адрас кіраўніцтва ЗША — асабліва пасля забойства вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі на пачатку сумеснай амерыкана-ізраільскай аперацыі. Аднак новыя звесткі ўказваюць на канкрэтныя і нядаўнія планы, у тым ліку выкарыстанне дронаў з выбухоўкай. Супраць такіх атак звычайных мер асабістай аховы можа быць недастаткова.
Паводле Fox News, міністра фінансаў Скота Бесента ўжо перасялілі з яго дома ў вашынгтонскім раёне Джорджтаўн на абароненую вайсковую базу. Менавіта ён курыруе санкцыі супраць Ірана і лічыцца адным з галоўных арганізатараў эканамічнага ціску на Тэгеран.
Дзяржсакратар Марка Рубіа таксама атрымаў абароненае жыллё на вайсковай базе. Міністр абароны Піт Хегсет знаходзіцца на ахоўным вайсковым аб’екце.
Чыноўнікі, якім пагражае небяспека, рэзка абмежавалі ўдзел у мерапрыемствах пад адкрытым небам. Такіх выступаў стала менш і ў Трампа. Калі яны ўсё ж адбываюцца, разам з узмоцненай аховай выкарыстоўваюць спецыяльныя сістэмы супраць дронаў.
Выданне таксама паведамляе пра візіт кіраўніка Масада Рамана Гофмана ў ЗША, дзе ён сустрэўся, сярод іншых, з дырэктарам ЦРУ Джонам Рэткліфам. Паводле газеты, пасля прызначэння Гофман часта наведвае ЗША і падтрымлівае цесную каардынацыю з амерыканскімі калегамі.
Крыніцы Israel Hayom сцвярджаюць, што звесткі пра пагрозы сталі адной з галоўных прычын змены пазіцыі Трампа адносна перамоў з Іранам.
Тэгеран, паводле суразмоўцаў газеты, прадэманстраваў пэўную гнуткасць у ядзерным пытанні. Але ён адмаўляецца ад прадметных перамоў да зняцця марской блакады, істотнай часткі санкцый і размарожвання іранскіх актываў.
Трамп тым часам адхіліў ад перамоў віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса, які выступаў за пагадненне. У заяве, апублікаванай у чацвер, прэзідэнт паведаміў, што папрасіў яго засяродзіць «поўную і абсалютную ўвагу» на карупцыі і злачыннасці ў амерыканскіх гарадах і штатах пад кіраваннем дэмакратаў.
«Нам не патрэбнае пагадненне з Іранам. Гэтыя часы даўно мінулі. У нас іх грошы, сотні мільярдаў даляраў, і ў нас іх праліў!» — напісаў Трамп, маючы на ўвазе Армузскі праліў.
Ён таксама заявіў, што барацьба Вэнса з карупцыяй зэканоміць краіне больш грошай, чым дамоўленасць з Тэгеранам. Гэта адбылося на наступны дзень пасля паведамленняў, што віцэ-прэзідэнт спрабаваў арганізаваць непасрэдную сустрэчу з высокапастаўленымі іранскімі чыноўнікамі дзеля спынення вайны.
Што Трамп вырашыць рабіць далей, пакуль незразумела. Паводле Israel Hayom, ЗША рыхтуюцца ўзмацніць эканамічны ціск, перакрываючы іранскія гандлёвыя маршруты праз сухапутныя межы, найперш з Іракам і Турцыяй. Магчымасць новых вайсковых удараў таксама застаецца: газета звязвае яе з іранскай ядзернай праграмай і аднаўленнем вытворчасці ракет, аб’екты якой Тэгеран пераносіць глыбока пад зямлю.
Каментары