У Лондане камеры распазналі больш за паўмільёна твараў. Вынік — адзін «злачынец». Ды і ён не той
Брытанская транспартная паліцыя паўгода тэставала на вакзалах Лондана сістэму распазнавання твараў у рэальным часе. За гэты перыяд яна прасканавала больш за паўмільёна чалавек. Гэта абышлося прыкладна ў $426 тысяч і ні разу не дапамагло затрымаць чалавека са спісу назірання. Адзінае спрацоўванне аказалася памылковым. Аднак, як піша The Guardian, эксперымент не спынілі, а пашырылі на станцыі лонданскага метро.

Пілотны праект брытанскай транспартнай паліцыі стартаваў у лютым 2026 года. На буйных лонданскіх вакзалах усталявалі камеры, якія ў рэальным часе параўноўвалі твары пасажыраў з паліцэйскімі спісамі. Такім чынам паліцыя хацела выяўляць людзей, якія знаходзяцца ў вышуку, а таксама тых, на каго суд наклаў пэўныя абмежаванні. Калі праграма знаходзіць падабенства, яна падае сігнал супрацоўніку паліцыі, але канчатковае рашэнне ўсё роўна павінен прымаць чалавек. Выявы людзей, якіх няма ў спісе, паводле паліцыі, павінны адразу выдаляцца.
На практыцы першыя шэсць месяцаў далі амаль нулявы вынік. З дакументаў, атрыманых Liberty Investigates ад паліцыі па запыце аб свабодзе інфармацыі, вынікае, што сістэму запускалі 18 разоў. За гэты час яна прасканавала больш за 500 тысяч твараў, а арэнда абсталявання і праца супрацоўнікаў каштавалі прыкладна 426 тысяч даляраў. Акрамя таго, паліцыя патраціла на гэтыя аперацыі амаль 100 працоўных гадзін.
За ўвесь перыяд алгарытм толькі адзін раз паведаміў, што нібыта знайшоў чалавека са спісу назірання. Аднак пасля ручной праверкі высветлілася, што гэта быў іншы чалавек.
Паліцыя ўсё роўна вырашыла працягнуць
Нягледзячы на такі вынік, транспартная паліцыя эксперымент не спыніла. У жніўні яго падоўжылі яшчэ на чатыры месяцы і пашырылі на станцыі лонданскага метро. У паліцыі тлумачаць, што першы этап быў патрэбны не толькі для таго, каб затрымліваць людзей, але і каб зразумець, як увогуле лепш выкарыстоўваць такую тэхналогію ў транспартнай сістэме. За час тэсту мянялі месцы ўстаноўкі камер, працэдуры працы, абсталяванне і самі спісы людзей, якіх сістэма павінна шукаць.
Пасля пашырэння праекта з’явіліся тры пацверджаныя супадзенні. Ва ўсіх выпадках сістэма правільна распазнала людзей, на якіх дзейнічалі судовыя абмежаванні. Аднак праверка паказала, што яны гэтыя ўмовы не парушалі, таму затрымліваць іх не было падстаў.
Пры гэтым у паліцыі падкрэсліваюць, што самі дзяжурствы каля камер не былі цалкам безвыніковымі. Супрацоўнікі затрымлівалі людзей за напад, крадзеж, нашэнне забароненай зброі і парушэнне грамадскага парадку. Аднак гэтыя затрыманні адбыліся не дзякуючы сістэме распазнавання твараў, таму ў яе статыстыку не ўключаліся.
Ці ёсць сэнс у такой сістэме
Былы брытанскі камісар па біяметрыі і камерах назірання Фрэйзер Сэмпсан (Fraser Sampson) звярнуў увагу на тое, што сама па сабе тэхнічная здольнасць сістэмы распазнаваць твары яшчэ не азначае, што яе выкарыстанне будзе эфектыўным. Шмат залежыць ад таго, дзе стаяць камеры, у які час іх уключаюць, каго ўнеслі ў спіс назірання і наколькі імаверна, што гэтыя людзі ўвогуле апынуцца ў канкрэтным месцы.
Сэмпсан параўнаў паліцэйскае выкарыстанне такой тэхналогіі з камерамі ў гандлёвых аб'ектах. Для крамы добрым вынікам можа лічыцца ўжо тое, што вядомы злодзей пабаяўся зайсці ўнутр. Але калі паліцыя ставіць камеры дзеля таго, каб знайсці канкрэтных людзей, вынік лагічна вымяраць колькасцю тых, каго сапраўды ўдалося выявіць. У гэтым сэнсе, адзначыў ён, першыя паўгода лонданскага выпрабавання цяжка назваць плённымі.
Аднак спрэчка вакол тэхналогіі ідзе не толькі пра яе эфектыўнасць. Сістэма ў рэальным часе апрацоўвае біяметрычныя даныя ўсіх людзей, якія трапляюць у поле камеры, таму праваабаронцы патрабуюць, каб паліцыя магла абгрунтаваць, навошта такое назіранне патрэбнае і ці адпавядае яго маштаб рэальнаму выніку.
Пытанне становіцца ўсё больш актуальным, бо падобныя сістэмы распаўсюджваюцца. Паводле аналізу Liberty Investigates, распазнаванне твараў на вуліцах ужо выкарыстоўвалі больш за палову паліцэйскіх службаў Англіі і Уэльса. У Лондане таксама плануюць усталяваць стацыянарныя камеры ў цэнтры горада, у тым ліку на Oxford Street, якую нядаўна зрабілі пешаходнай.
Цяпер чытаюць
«Калі б я быў следчым КДБ, я б падкрэсліў тое самае». Фядута — пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», увагу сілавікоў да свайго рукапісу і загадку з трэцяй часткай рамана Караткевіча
Каментары