Прадстаўнікі сямі латвійскіх і прыкладна 20 беларускіх прадпрыемстваў узялі ўдзел у кантактна-кааперацыйнай біржы. Арганізавалі мерапрыемства Мінскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Валміерскае аддзяленне Латвійскай гандлёва-прамысловай палаты.

Адкрываючы сустрэчу прадстаўнікоў дзелавых колаў дзвюх краін, генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Аляксандр Федарчук адзначыў важнасць Латвіі як знешнегандлёвага і інвестыцыйнага партнёра Беларусі.

Паводле яго слоў, летась, нягледзячы на 30-працэнтнае зніжэнне ўзаемнага тавараабароту пад уплывам рэзкага падзення цэн на энерганосьбіты на сусветным рынку, Латвія заняла пятае месца сярод усіх краін, з якімі Беларусь ажыццяўляе знешнегандлёвыя аперацыі. Аб`ём гандлю паміж дзвюма краінамі за 2009 год склаў больш за 1 млрд. 775 млн. долараў ЗША.

Як адзначыў Федарчук, асноўны акцэнт у развіцці беларуска-латвійскагагандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва зроблены на развіцці ўласнай тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў. Паводле яго слоў, добры вопыт прасоўвання беларускай прадукцыі на рынак Латвіі мае СП ТАА «МАЗ-Сэрвіс» (цяпер з`яўляецца дылерам 15 беларускіх прадпрыемстваў трактара- і машынабудаўнічага профілю). З 1999 года афіцыйным дылерам Мінскага аўтазавода з`яўляецца латвійская кампанія «Алкамтранс», на базе тэхнічнага цэнтра якой у 2005 годзе была створана зборачная вытворчасць аўтамабіляў «МАЗ» з машынакамплектаў, якія пастаўляюцца беларускім прадпрыемствам.

Федарчук лічыць, што ўстойлівыя пазіцыі на латвійскім рынку мае беларускі абутак з натуральнай скуры. Яго пастаўкі ажыццяўляюцца на аснове дылерскіх пагадненняў, заключаных абутковымі прадпрыемствамі «Белвест», «Нёман», «Сівельга», «Отыка» і інш.

Гендырэктар паведаміў, што Латвія ўстойліва ўтрымлівае пазіцыю сярод асноўных партнёраў-інвестараў, якія ўваходзяць у першую дзясятку краін пасля Расіі, Аўстрыі, Кіпра, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Швейцарыі і Германіі.

Візіт дэлегацыі дзелавых колаў Латвіі, якую ўзначальвае кіраўнік Валміерскага аддзялення Латвійскай ГПП, прадоўжыцца да 7 кастрычніка.

6 кастрычніка дэлегацыя наведае Барысаў, дзе запланаваныя сустрэча ў Барысаўскім райвыканкаме і перамовы з мясцовымі прадпрымальнікамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?