Не надта пульхная картонная тэчка на завязках. Надпіс алоўкам, абведзены светла-зялёным фламастэрам: «Рок-клюб „Цытадэль“». Тут газетныя артыкулы, службовая перапіска, тэксты песняў ды іншыя сведчанні таго, што ад 1997 да 2004 год ДК чыгуначнікаў Берасцейскага аддзялення беларускай чыгункі даваў прытулак моладзевай рок-тусоўцы. Намучыліся супрацоўнікі і з нефармаламі, і з гарадскімі ўладамі, і нават з нячыстай сілай. Але клуб не кідалі.

Праўда, даволі хутка лёс рок-канцэртаў перастаў ад іх залежаць.

Даведаліся мы пра тэчку пры паказальнай аказіі. На золку сёлетняй «чорнаспісавай» гісторыі, калі адмяніўся канцэрт Вайцюшкевіча ў Берасці, мы збіралі подпісы на імя міністра культуры Латушкі з хай наіўнай, але мэтай дамагчыся ўсё ж такі дазволу на правядзенне выступу, а разам з тым, каб выказаць пратэст супраць падобных з'яваў. Сярод падпісантаў быў рэжысёр моладзевага эксперыментальнага тэатру «Люстэрка», былы дырэктар Дома культуры чыгуначнікаў Уладзімір Яшчук, які пра Вайцюшкевіча не ведаў анічога, але, паслухаўшы гісторыю адмены канцэрта, не вагаючыся паставіў подпіс і сказаў:

«Подласць — спачатку дазволіць канцэрт, а пасля забараніць. Гэта тое ж самае, калі жанчына абяцае сэкс, а пасьля перадумвае».

Не прайшло шмат часу, як рэжысёр патэлефанваў і між іншым пацікавіўся:

«Іна, а што там за спявак, за якога я падпісаўся? Мяне тут гарадскі аддзел ідэалогіі ў поўным складзе пясочыў, што "ўсялякае гаўно" падпісваю. Вы ж ведаеце, што подпісы ўжо ў гарвыканкаме?»
Сказана было жартам — апальны рэжысёр ні на кроплю не сумняваўся ў слушнасці свайго ўчынку. Тады ж Яшчук і выдаў, што ўсе гэтыя забароны не цьмяна, а вельмі нават яўна нагадваюць яму гісторыю рок-клубу «Цытадэль».

— У 1997 годзе прыйшоў да мяне мой харошы знаёмы Пацям (вядомы саліст гурта Onegin Алег Сьцепанюк, цяпер прадусар рок-гурта D_tails. — ТГ) і прапанаваў правесці рок-канцэрт. Мы зрабілі адзін-другі і пасьля гэтага вырашылі стварыць пры ДК рок-клуб. Канцэрты сталі праходзіць рэгулярна, усе былі дабрачыннымі.

Гады два чыноўнікі намі не цікавіліся, нават тэксты песняў не патрабавалі. Так было недзе да 1999 года.

ТГ: Кантроль за рокерамі праяўляўся толькі ў гэтым?

Скажу шчыра… чаго мне ўжо баяцца? Праз паўтара года існавання клубу на мяне пачалі псіхалагічна ціснуць.

Былі званкі нібыта ад бацькоў, патрабаванні пакінуць іх дзяцей у спакоі. Нават маме маёй тэлефанавалі: «Скажыце свайму барану, каб не праяўляў ініцыятыву на працы».
Яна, бедная, прытомнасць ад гэтага траціла. Пагражалі вельмі шмат. Акрамя таго, менавіта ў гэты перыяд з майго кабінета разоў 12 кралі грошы. Нібы нячыстая сіла завялася. Заходжу ў кабінет — а там мая чорная канцэртная кашуля вузлом завязаная або чайнай лыжка на сцяне прыклееная вісіць. Я не ведаў, на каго думаць, таму не давяраў нікому. Гэта капітальна вымотвала.

І тут прыходзяць да мяне на прыём два чалавекі з маленькім чамаданчыкам, на якім гарыць чырвоны агеньчык. Я адразу вызначыў супрацоўнікаў НКВД (так спадар Уладзімір называе сучасных прадстаўнікоў спецслужбаў — ТГ).

Яны пачалі ласкава так гаварыць пра канцэрты і прасіць садзейнічання ў праслухоўванні.
Я сказаў: «Калі ласка, сачыце, мы ж нічога супрацьзаконнага не робім, толькі не перашкаджайце».
З гэтага часу ўсе тэлефанаванні і астатнія незразумелыя рэчы перапыніліся. Гэта дае падставы меркаваць, што цкаваньне было арганізаванае кэдэбэшнікамі, каб хутчэй схіліць мяне да супрацоўніцтва.
Але праўды я не ведаю дагэтуль.

ТГ: Якім чынам вялося праслухоўванне?

Я выдзяліў кэдэбэшнікам асобны пакой, дзе яны ўвесь час сядзелі. Трэба аддаць ім належнае, яны сапраўды ні ў што не ўмешваліся і не перашкаджалі. Па шчырасьці стукачом не пачуваўся. Я быў змучаны пастаяннымі паклёпамі, быццам у нас на канцэртах творыцца невядома што, а грошы мы не ў дзіцячыя дамы накіроўваем, а нібыта сабе забіраем. Надакучыла ўсё проста.

ТГ: Што такога было на канцэртах, што яны выклікалі такую пільную ўвагу ідэолагаў, КДБ і крытыку ў друку?

Публіка там збіралася вельмі неардынарная. Дзіўна апранутыя, часта выпіўшыя ці падколатыя маладыя людзі з адпаведнымі паводзінамі. Таму мы першапачаткова і баяліся брацца за гэтую справу. Шмат чаго было на пачатку: і безліч піва з сабой неслі, і блявалі ў зале, і безь білета намагаліся прайсьці, і шпрыцы мы знаходзілі, праўда ёсць верагоднасьць, што падкінутыя.

Адзін раз я нават па пысе атрымаў.

ТГ: Чаму ж вы ўпарта трымаліся за гэты праблемны рок-клуб?

Таму што я бачыў, што

гэтыя падлеткі паддаюцца выхаванню, калі ім давяраць. Таму што лічыў, што хай яны сваю негатыўную энергію лепш у матляньне галавой і скокі выкідваюць, чым у нешта іншае.
Напрыклад, той фраер, што мяне ўдарыў, на другі дзень прыйшоў выбачацца, а пасля яшчэ і за дысцыплінай у зале сачыў. Калі мы на пачатку выносілі з залы пад сотню бутэлек з-пад піва, то ў 2002 годзе не налічвалася і дзясятка. Гэта мяне вельмі радавала.
На маіх вачах праблемныя падлеткі станавіліся людзьмі — толькі таму, што ад іх у свой час не адвярнуліся.
І я гэтым ганаруся.
ТГ: Але клуб усё адно спыніў існаванне. Чаму?

Відаць, пачаў мяняцца час, але не толькі таму. У мясцовай газеце неяк быў надрукаваны ліст маёра міліцыі Сізова. У яго падчарка ці то на шызу захварэла, ці то ў блуд пайшла, я ўжо дакладна не памятаю. А паколькі яна наведвала нашыя канцэрты, то маёр абвінаваціў у гэтай сямейнай трагедыі выключна клуб і мяне. Тады паступова і перасталі дазваляць канцэрты. Апошні адбыўся ў траўні 2004 года. Яго спачатку дазволілі, а ўвечары напярэдадні канцэрту нечакана забаранілі. Я ня ведаў, што рабіць, бо запрошаныя з Польшчы музыкі ўжо выехалі. На сваю рызыку я вырашыў канцэрт усё ж правесці, але пачаць не ў шэсць гадзін, як па праграме, а на гадзіну раней. Патэлефанаваў Пацяму, ён хуценька перадаў астатнім.

Роўна а шостай гадзіне прыехалі мянты ў бобіках мяне арыштоўваць. Была яўная падстава, яны ведалі, што канцэрт адмяніць я не змагу. Кайданкі не апраналі, але трымалі нагатове, зачытвалі артыкул з закону «Пра масавыя мерапрыемствы», хацелі прышыць мне правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства. Але перадусім патрабавалі спыніць канцэрт.

ТГ: Чым закончылася справа?

Мяне выратавалі ад арышту тыя самыя кэдэбэшнікі, што праслухоўвалі канцэрты. Я выйшаў на сцэну і сказаў: «Тыя, хто мяне чуе, выйдзіце, калі ласка, патрэбная ваша дапамога». Яны выйшлі, я расказаў ім, што адбываецца, і яны хутка вырашылі пытанне. Праўда, адвялі ў бок пасля і сказалі: «Слухайце ўважліва: сёння нічога не было. У справаздачах напішаце, што канцэрт адмяніўся. Ясна?» Мянты з'ехалі ні з чым.

Я так зразумеў, што ў іх проста адвечная барацьба за сфэры ўплыву паміж ведамствамі.
Тым кэдэбэшнікам я буду ўдзячны вечна.

ТГ: А што канцэрт?

Канцэрт працягнуўся. Але ён, як я ўжо сказаў, быў апошнім.

ТГ: Куды ж перасяліліся рок-выканаўцы?

У парку гралі, пасля, здаецца, перайшлі ў клуб на Вульку. Але ўсё гэта было ўжо ў іншых маштабах.

Ад сябе дадам, што і сёння берасцейскія гурты не маюць нармалёвай пляцоўкі для выступленняў. Вынікі адной з апытанак, што праводзіліся сярод шараговай моладзі, паказваюць, што яна абсалютна незнаёмая з творчасцю мясцовых гуртоў. На закіды ў свой бок музыкі адказваюць «А дзе выступаць?» і, як сапраўдныя беларускія мужчыны па Хадановічу, маюць рацыю. Горад дагэтуль не ў стане запоўніць той прабел, што ўтварыўся з разгонам рок-клуба «Цытадэль», хоць пляцоўка ДК — гэта і далёка не верх мараў выступоўцаў.

Ужо на парозе падчас развітання Уладзімір Яшчук сказаў: «Няпростая гэтая справа з рок-клубам, ох, якая няпростая… Мы яшчэ шмат чаго з вамі не ведаем. Дзіўна, што з журналістаў толькі вы ёю зацікавіліся». Сапраўды дзіўна: як паказвае практыка, і няпростыя гісторыі паўтараюцца, абрастаючы хіба новымі пластамі абсурду.

І яшчэ дэталь. Уладзімір Яшчук, хоць і на іншай пасадзе, але дагэтуль працуе ў тым жа ДК. Пры гэтым размаўляць шчыра не баіцца. Як чалавек сапраўды свабодны духам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?