Некалькі крымінальных спраў па фактах крадзяжоў шляхам махлярства былі распачаты апошнім часам у Мінску па заявах пажылых людзей, у якіх выкрадалі пенсіі. А 16 лютага, як паведаміў БелаПАН прэс-афіцэр Ленінскага РУУС сталіцы Уладзімір Кухарчык, супрацоўнікі міліцыі затрымалі групу гэтак званых «катлетчыкаў», якія падазраюцца ва ўчыненні гэтых злачынстваў.

Паводле слоў Кухарчыка, два мінчаніны 1969 і 1990 гадоў нараджэння і расіянін 1975 года нараджэння злачыннай дзейнасцю займаліся на працягу некалькіх месяцаў. Ахвярамі, як правіла, станавіліся пажылыя людзі.

Сваіх ахвяраў затрыманыя адсочвалі каля аддзяленняў банкаў і паштовых аддзяленняў, дзе атрымліваюць пераводы і пенсіі. Калі выбраны аб’ект выходзіў на вуліцу, перад ім разыгрываўся спектакль.
Адзін са зламыснікаў ішоў побач з ахвярай, другі прабягаў міма і нібыта губляў «пачак купюр» (насамрэч — «лялька»). Пасля таго як першы прапаноўваў даверліваму сведку здарэння падзяліць знаходку, вяртаўся другі зламыснік і настойліва прасіў вярнуць згубленыя грошы. Першы да гэтага часу хаваў знаходку ў кішэню і рабіў выгляд, што ніхто грошай не бачыў. Тады другі патрабаваў паказаць змесціва кішэняў абодвух. Падчас прагляду і пераліку грошай ахвяры рабіўся залом і значная частка сумы скрытна забіралася. Пасля гэтага грошы зноў вярталіся, затым «згублены пачак» шчасліва знаходзіўся ў хаўрусніка. Кампанія разыходзілася, а пра сапраўдную прапажу пацярпелыя, як правіла, даведваліся толькі дома, пералічваючы прынесеную пенсію.

Зараз устаноўлена некалькі злачынных эпізодаў, да якіх датычныя падазроныя. Аднак міліцыянеры мяркуюць, што ведаюць яшчэ не пра ўсе «спектаклі», арганізаваныя затрыманымі. Таму ўсіх, хто пацярпеў ад дзеянняў зламыснікаў або валодае інфармацыяй пра іх датычнасць да іншых злачынстваў, супрацоўнікі Ленінскага РУУС просяць паведаміць ў раённае ўпраўленне ўнутраных спраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?