Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда на выязным пасяджэнні, якое праходзіла ў Баранавічах, 16 сакавіка вынесла прыгавор 17-гадоваму навучэнцу Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці за забойства чалавека з асаблівай жорсткасцю.

Як паведаміў пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Святаслаў Каліна, вечарам 26 верасня 2011 года ліцэіст, які пражывае ў Баранавічах, на адной з вуліц горада сустрэў наглядна знаёмага 53-гадовага мясцовага жыхара. Паміж імі завязалася гутарка, падчас якой узнікла сварка.

Юнак стаў збіваць мужчыну рукамі і нагамі, а таксама пластыкавай бутэлькай, напалову напоўненай вадкасцю. Пасля таго як мужчына ўпаў на зямлю, хлопец паскакаў на ім, у выніку чаго праламаў пацярпеламу грудную клетку. Пасля гэтага юнак уцёк.

Цела загінулага знайшла раніцай 27 верасня мясцовая жыхарка. «Устаноўлена, што ліцэіст нанёс сваёй ахвяры не менш як 29 траўматычных удараў.

Ад траўматычнага шоку пацярпелы памёр на месцы.
У момант учынення злачынства хлопец і яго ахвяра знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення», — дапоўніў Каліна.

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала маладога чалавека вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага п. 6 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю).

Юнак прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі. Прыгавор яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны. Раней ён не быў судзімы, на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх не знаходзіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?