Практычна насупраць адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, што ў пачатку праспекта Дзяржынскага, вядзецца будаўніцтва чатырохзоркавага бізнес-гатэля.

Будаўніцтва вядзе зарэгістраваная ў канцы мінулага года кампанія «Моспромстрой-Гатэль», якая з'яўляецца даччынай структурай аднаго з найбуйнейшых маскоўскіх дэвелапераў «Моспромстроя». Гэтая кампанія кантралюецца сям'ёй Гуцэрыевым.

Міхаілу Гуцэрыеву належаць актывы ў нафтавай галіне. Таксама ў мінулым годзе алігарх падпісаў з Лукашэнкам інвестыцыйнае пагадненне аб будаўніцтве ў Беларусі новага калійнага камбіната. У канцы мінулага года для гэтай мэты была створана кампанія «Слаўкалій».

У апошняй версіі Forbes топ-30 найбуйнейшых расійскіх дэвелапераў Міхаіл Гуцэрыеў займае 17-е месца. Як саўладальнік «Моспромстроя», кампаніі, якой належаць у ліку іншага сеткі гатэляў Holiday Inn і Marriott, мноства офісных цэнтраў, гандлёвых плошчаў і складоў, а таксама два асабнякі ў цэнтры Масквы, ён зарабіў на арэндзе ў 2011 годзе 85 мільёнаў даляраў.

У брата Міхаіла Гуцэрыева -- Саіта-Салама -- пазіцыя ў рэйтынгу каралёў нерухомасці яшчэ вышэй -- пятая. Уладальнік кампаніі «Чайка Плаза» (сетка бізнэс-цэнтраў у Маскве) зарабіў ў 2011 годзе 280 мільёнаў долараў. Саіт-Салам таксама з'яўляецца саўладальнікам «Моспромстроя».

Што тычыцца беларускага праекта братоў, то бізнэс-гатэль Гуцырыева, размешчаны ў самым пачатку праспекта Дзяржынскага, будзе мець 11 паверхаў і 264 нумары, на апошнім паверсе будуць знаходзіцца прэзідэнцкія і консульскія нумары. Асобная прыбудова, размешчаная на гэтай жа пляцоўцы, будзе аддадзена пад рэстаран і фітнес-цэнтр з басейнам і SPA-салонам. Пры комплексе будуць дзейнічаць падземная і наземная аўтастаянкі.

Нядаўна аб сваім выхадзе на мінскі рынак нерухомасці абвясціў яшчэ адзін вядомы расійскі дэвелапер Судхір Гупта, якому з сям'ёй належыць кампанія Amtel Properties. У прыватнасці, былы шынны кароль Еўропы вядзе перамовы аб куплі пляцоўкі і будаўніцтве трохзоркавага гасцінічна-офіснага комплексу на вуліцы Талстога. Планаваныя інвестыцыі ў гэты праект могуць скласці 15 мільёнаў долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?