Гаспадарчы суд Магілёўскай вобласці пагадзіўся з абласной выканаўчай уладай аб правамернасці яе прэтэнзій на 23.196 акцый бабруйскага ААТ «Чырвоны харчавік», раней выкупленых прыватнымі кампаніямі.

З 1 студзеня да сакавіка 2011 года работнікі «Чырвонага харчавіка» прадалі 23.196 акцый на суму 1 млрд. 850 млн. рублёў чатыром прадпрыемствам — ТАА «Белрэканструкцыя» (8.659 акцый), ПУП «Іван» (8.658 акцый), ЗАТ «Белцяжмаш» (5.860 акцый), УП «Саўмедыя» (304 акцыі) і адной фізічнай асобе (19 акцый), якая затым прадала іх ПУП «Іван». Гэта адбылося дзякуючы таму, што ў той час спыніў дзейнічаць мараторый на продаж акцый, набытых на льготных умовах.

Аднак 14 сакавіка 2011 года быў прыняты ўказ прэзідэнта № 107, які даў пераважнае права аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму на набыццё каштоўных папер адкрытых акцыянерных таварыстваў, уключаных у пералік гаспадарчых таварыстваў, што забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галінаў эканомікі і (або) іншыя важныя дзяржаўныя патрэбы. Прычым указ пачаў дзейнічаць 1 студзеня 2011 года.

Кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама ў такой сітуацыі прыйшло да высновы аб мэтазгоднасці набыцця акцый «Чырвонага харчавіка» шляхам пераводу правоў і абавязкаў набытчыка ад тых, каму яны былі прададзены са студзеня па сакавік 2011 года.

Аднак новыя трымальнікі каштоўных папер не пагадзіліся з такім падыходам і акцыі добраахвотна перадаваць не мелі намеру.
У выніку 1 жніўня 2011 года Бабруйскі гарвыканкам, якому аблвыканкам дэлегаваў правы на выкуп акцый, звярнуўся з іскам у гаспадарчы суд Магілёўскай вобласці.

Як паведаміла БелаПАН суддзя абласнога гаспадарчага суда Валянціна Гаравец, па кожным прадпрыемстве суды праходзілі асобна, аднак пазіцыі бакоў усюды былі падобныя. На думку адказчыкаў, выканкам прапусціў іскавую даўніну, вызначаную ўказам у 90 каляндарных дзён. Другім іх аргументам было тое, што яны добрасумленна набылі акцыі «Чырвонага харчавіка», купіўшы іх на валютна-фондавай біржы.

Прадстаўнікі Бабруйскага гарвыканкама не ставілі пад сумненне добрасумленнасць набыцця гэтых каштоўных папер, падкрэсліваючы, што ўказ дае ім пераважнае права набыцця акцый. Тэрміны звароту ў суд, на думку ісцоў, трэба разглядаць, зыходзячы з палажэнняў Грамадзянскага кодэкса. «Нормы Грамадзянскага кодэкса гавораць пра тое, што бок мае права звярнуцца па абарону парушаных правоў у вызначаны тэрмін, калі ён даведаўся ці павінен быў даведацца аб парушаных правах», — сказала Гаравец.

Паводле сцвярджэння істцоў, яны даведаліся аб перадачы акцый «Чырвонага харчавіка» новым уладальнікам толькі 6 ліпеня 2011 года, адпаведна, 90 дзён з таго часу да 1 жніўня 2011 года не прайшлі. Даведацца раней у выканкаме не маглі, таму што не мелі права атрымліваць інфармацыю ад біржы, хто і ў якім аб’ёме набыў акцыі прадпрыемства. «Біржа паведаміла толькі, што рэалізаваны акцыі „Чырвонага харчавіка“ ў такой вось колькасці на такую вось суму», — зазначыла Гаравец.

У выніку разгляду кожнай з пяці спраў 10 лютага, 1 і 2 сакавіка 2012 года гаспадарчы суд Магілёўскай вобласці вызначыў, што патрабаванні выканкама абгрунтаваныя і падлягаюць задавальненню.

Аднак адказчыкі не пагадзіліся з такімі рашэннямі і падалі апеляцыйныя скаргі. Дзве з іх ужо разгледжаны і не задаволены. Тры апеляцыйныя скаргі яшчэ знаходзяцца на разглядзе. У адказчыкаў застаецца права абскардзіць судовыя рашэнні ў касацыйную калегію Вышэйшага гаспадарчага суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?