Выканаўца абавязкаў старшыні прафкама 2-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Яўген Храмкоў абверг інфармацыю аб тым, што калектыў дактароў гэтай установы аховы здароўя мае намер абвясціць забастоўку, калі паводле вынікаў верасня не будуць выкананы іх патрабаванні аб павышэнні зарплаты.

Пра тое, што прыкладна 30 дактароў 2-й бальніцы абяцаюць звольніцца пасля 30 верасня, калі ім не павялічаць зарплату,
паведаміў 7 верасня інтэрнэт-рэсурс «Беларускі партызан». Электронны ліст з такой інфармацыяй перад тым прыходзіў і на адрас "Нашай Нівы", але публікацыі не было, бо нам не ўдалося здабыць пацвярджэння такіх звестак.

«Улады абяцалі падняць аклады медыкам, але лекары, якіх у краіне налічваецца больш як 100 тыс., патрабуюць адэкватнага павышэння зарплаты не менш як на 700 еўра, — гаварылася ў тым лісце (да ўзроўню заробку медыкаў ва ўсходніх краінах Еўрасаюза). — З медработнікамі ніхто не лічыцца на фоне росту цэн на прадукты і за камунальныя паслугі ў краіне. Прафсаюзы медработнікаў з’яўляюцца прадажнымі выканаўцамі ў руках улады. Аклад — гэта ацэнка дзяржавай працы работніка, узроўню яго кваліфікацыі, яго ведаў і намаганняў».

Салідарнасць з патрабаваннямі медыкаў выказаў незалежны прафсаюз РУВП «Граніт», адкрыты ліст якога было разасланы ў СМІ. «Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя, стварыўшы сабе раскошнае жыццё, зусім забыліся аб тых, хто працуе ў вельмі цяжкіх умовах, недасыпаючы і перапрацоўваючы, ратуючы здароўе і жыцці нашых грамадзян», — гаворыцца ў лісце. «Некаторыя скажуць, што лекары патрабуюць занадта высокую заработную плату. Але параўнайце патрабаванні ўрачоў з даходамі чыноўнікаў, уключаючы розныя надбаўкі і штомесячныя прэміяльныя, якія нярэдка дасягаюць 100%», — заяўляюць прадстаўнікі прафсаюза.

Незалежны прафсаюз РУВП «Граніт» таксама звярнуўся да працоўных калектываў Беларусі з прапановай падтрымаць патрабаванні дактароў 2-й бальніцы Мінска.

На пытанне, ці мае намер штосьці прымаць у такой сітуацыі прафсаюз 2-й бальніцы, выканаўца абавязкаў старшыні прафкама заявіў, што «ліст урачоў — проста хуліганства, і нічога падобнага не было».
Паводле яго слоў, прафкам даведаўся пра ліст са СМІ. Быў праведзены сход калектыву, на якім высветлілася, што ніхто пра запланаваную забастоўку не чуў. Ён таксама адзначыў: зарплаты ва ўстанове вышэй, чым указаныя ў лісце, а ўсе пытанні аплаты працы вырашаюцца медыкамі ў аператыўным парадку з адміністрацыяй.

Раней у прыёмнай бальніцы адмовіліся каментаваць інфармацыю пра магчымую забастоўку дактароў.

Паводле інфармацыі вядучага эканаміста планава-эканамічнага аддзела бальніцы Алены Ажгірэй, сярэдняя налічаная зарплата ўрачоў за жнівень склала прыкладна 5 млн. 500 тыс. рублёў, сярэдняга медперсаналу — 3 млн. 742 тыс., малодшага медперсаналу — 2 млн. 350 тыс. рублёў.
Врачу-тэрапеўту ў сярэднім у жніўні было налічана прыкладна 3,5 млн. рублёў, хірургу — прыкладна 6 млн., урачу-хірургу, які выконвае высокатэхналагічныя аперацыі, — 8–9 млн. рублёў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?