Беларусы Канады супраць саюзу з Расеяй

 

31 кастрычніка ў Таронта адбыўся чарговы зьезд Згуртаваньня беларусаў Канады. Абмяркоўвалі новы саюз Беларусі з Расеяй і прынялі наступную рэзалюцыю:

«У абліччы таго,

— што незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны — Рэспублікі Беларусі — знаходзіцца пад пагрозай, бо дыктатар Аляксандар Лукашэнка праводзіць працэсы «інтэграцыі» Беларусі ў суседнюю дзяржаву — Расею;

— што Аляксандар Лукашэнка імкнецца прысьпешыць працэс «інтэграцыі» Беларусі з Расеяй таму, што «старэйшае пакаленьне адыходзіць, а малодшае не падтрымоўвае ідэі злучэньня Беларусі з Расеяй». (Ягоная прамова з 14 кастрычніка 1999 году ў Калінінградзе);

— што тэкст дамовы злучэньня Беларусі з Расеяй, апублікаваны 8 кастрычніка 1999 году, прадбачвае сьпешную інкарпарацыю Беларусі ў Расею перад канцом 1999 году;

— што жыхары Беларусі, рызыкуючы сваім жыцьцём, награжаючыся на катаваньні, арышты, турмы й агромныя грашовыя штрафы, выйшлі масавай дэманстрацыяй 17 кастрычніка 1999 на вуліцы Менску пратэставаць супраць злучэньня Беларусі з Расеяй, супраць ламаньня Лукашэнкам правоў чалавека й вольнасьцяў у Беларусі;

— паводле апошніх неафіцыйных падлікаў, большасьць беларусаў ёсьць супраць злучэньня Беларусі з Расеяй;

— згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі, якой Лукашэнка пасьля выбараў прысягаў вернасьць, ягоны пяцігодні тэрмін прэзыдэнцтва Беларусі скончыўся 20 ліпеня 1999 году, і ён болей ня ёсьць рэпрэзэнтантам народу Беларусі,

мы, удзельнікі 37-га агульнага зьезду згуртаваньня беларусаў Канады

— пратэстуем супраць дыктатарскага рэжыму А.Лукашэнкі, супраць безагляднага ламаньня правоў чалавека, супраць дыскрымінацыі ды перасьледу беларускае мовы й культуры ў Беларусі;

— мы салідарызуемся з суродзічамі ў Беларусі ў іхным змаганьні супраць намераў былога Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ліківідаваць незалежнасьць Рэспублікі Беларусь, супраць улучэньня яе ў другую дзяржаву — Расею;

— мы заўсёды верныя Радзе і Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі ў Эгзылі на чале зь яе Прэзыдэнтам спадарыняй Івонкай Сурвіллай, якая ёсьць і сяброўкай Згуртаваньня беларусаў Канады. Мы салідарызуемся з Апазыцыяй у Беларусі ў абароне дзяржаўнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусі;

— мы падтрымоўваем Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву зь яе Першаерархам Праасьвяшчэнным Мітрапалітам Уладыкам Мікалаем;

— мы дзякуем тым народам сьвету, якія выказваюць дапамогу беларусам у цяжкіх часох іхнае гісторыі; мы дзякуем асабліва сябрам-канадыйцам, якія ад 1989 году выказваюць так патрэбную дапамогу ахвярам Чарнобылю ў Беларусі;

— мы просім Урад Канады ды ўсе ўрады вольнага сьвету дапамагаць Беларусі стацца вольнай, незалежнай дэмакратычнай дзяржавай Эўропы».

Ад імя зьезду Згуртаваньня беларусаў Канады — Аляксандар Кот


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0