Непатрэбны CНГ

 

Ёсьць палітыкі, якім заўжды няма калі. А часу ім бракуе таму, што карціць хутчэй захапіць чым болей улады і ўтрымліваць яе дольш. Дзеля гэтага яны гатовыя цярпець самыя агідныя рэчы, нават сустрэчы з сваімі калегамі.

Чытачы «НН», у большасьці ня схільныя атрымліваць асалоду ад кіраваньня масамі, могуць дазволіць сабе нясьпешны разгляд падзеяў ў рэтраспэктыве.

Здалёк відаць, як на прасторах Эўразіі амаль тысячу гадоў таму пачалася экспансія трох дзяржаваў: Вялікага Княства Літоўскага, Вялікага Княства Маскоўскага і Арды. Нарэшце звышдзяржавы Сярэднявечча займелі агульныя межы і пачалі барацьбу на сьмерць. Перамагла Масква.

Але аднойчы Маскоўская імпэрыя дасягнула ліміту росту. Пачаліся страты, і ўсё пакацілася ў адваротным парадку: у вайне зь японцамі страціла Сахалін, у першай сусьветнай — Фінляндыю і Польшчу. Ленін і Сталін ухапілі паў-Эўропы, але пераварыць ня здолелі і нарэшце лопнулі.

Адарваліся вонкавыя імпэрыі. Адыходзяць Украіна і Казахстан. Рвуцца і пырскаюць шалёнай крывёй старыя швы на Паўночным Каўказе. А ідэя незалежнасьці нашчадкаў ВКЛ і Арды — Беларусі і Татарстану — выклікае ў расейскіх палітыкаў ціхую гістэрыку. Як жа далей кіраваць, каго «мачыць у сарціры», няўжо наўгародзкіх сэпаратыстаў?

Каб захоўваць уладу над сёмай часткай сушы, тамтэйшым уладарам патрэбныя рашучасьць і перамогі. Таму і трымаецца многа гадоў нежывы СНГ, паўтараюцца штогадовыя інтэграцыйныя аргазмы зь біцьцём келіхаў і біцьцём у званы. Таму й не сьціхае лямант найманых брахуноў наконт развалу вялікага Саюзу.

Ах, якім смачным кавалкам для Расеі ёсьць наша Бацькаўшчына! Ах, што хочаш аддадуць беларускія эліты і супэрэліты, каб дажыць свой век на падмаскоўнай дачы ў Барвісе!

У 1990 г. наша Радзіма займала ў складзе СССР 0,9% тэрыторыі. 3,6% насельніцтва Саюзу былі нашы. Мы мелі 3,4% кошту асноўных вытворчых фондаў. Меўшы гэна, Беларусь стварыла ў тым годзе 4% саюзнага ВНП, 4,5% прадукцыі прамысловасьці і 5,6% — сельскай гаспадаркі. Тое сьведчыць, што галоўнае багацьце наша — людзі.

Таму па вытворчасьці мінэральных угнаеньняў, хімічных валокнаў і нітак, трактараў, тканіны, абутку, малака і мяса мы на душу насельніцтва мелі паказчыкі вышэйшыя, чым у Эўропе.

Мінула дзесяць гадоў. За гэткі кароткі час народы не дурнеюць. Таму нават пры выключна няўдалым кіраўніцтве краіны ўдалося захаваць ВНП на ўзроўні 80% да ўзроўню 1990 г., прадукцыю прамысловасьці — 90%, сельскай гаспадаркі — 70. Інвэстыцыі ў асноўны капітал скараціліся пры тым толькі напалову, а рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва на 1/10 частку. Гэта, тым ня менш, значна лепшыя паказчыкі, чым у асобных краінах СНГ і ўва ўсёй садружнасьці разам.

Са спазьненьнем, але ж набыла Айчына і свае грошы. «Зайчык» пачаў хадзіць з 1992 году, а праз два гады, пастановай Вярхоўнага Савету ад 19 кастрычніка 1994 г. №3326-XII «Аб плацёжным сродку Рэспублікі Беларусь» атрымаў афіцыйны статус нацыянальнай валюты. Здаецца, бяры, шануй і ўмацоўвай, як паляк — свой злоты, а латыш — лат. Не, бач ты іх, яны сёньня «гатовыя прыняць расейскі рубель». А можа лепей даляр ці літ? Хто вырашае, у каго пытаюцца, халера яго ведае!

Як набыў наш родны край незалежнасьць, дык пабольшала даходная база бюджэту, бо вызвалілася частка грошай, што ішла раней у агульнадзяржаўныя даходы СССР. Зараз зноў трэба нашыя грошы ў Саюз нейкі пёрці.

Кажуць, СНГ дапаможа ў стварэньні ФПГ (транснацыянальных расейскіх карпарацыяў). Эге ж, нашым гарбом за наш кошт дапаможа. Дарэчы, на Захадзе таксама карпарацыі ёсьць, але пры гэтым ніхто да Амэрыкі 53-м штатам ня просіцца.

Жыцьцё сваё бярэ. Мы мусім плаціць за газ. Было б лепей, каб плацілі грашыма, а не таварамі. Усе тое разумеюць, і паціху адбываецца паварот экспарту на Захад. Таму і наш начальнік адправіўся проста да самых вялізных расейскіх «ушывых блох», у карпарацыю «Ітэра».

Нешта падобнае адбываеца і з астатнімі сёстрамі-рэспублікамі, што не пасьпелі пад шумок перабудовы далёка ўцячы ад матухны-Расеі. Таму СНГ было, ёсьць і будзе есьці. Таму пад размовы пра дружбу-фройндшафт, агульную барацьбу з тэрарызмам і супрацьракетную абарону Ўкраіна, Грузія і Азэрбайджан спакайнюсенька ўдзельнічаюць у манэўрах страшнага NATO, што падпоўз пад бок сінявокай партызанкі. Таму перад агульнымі пасядзелкамі В.Пуцін угаворвае Н.Назарбаева наконт нафтавай трубы. Ды так добра, што той нават прапанаваў фонд падтрымкі расейскай мовы стварыць.

Таму пастанавілі штаб-кватэру СНГ пакінуць у Менску, каб правадыры садружных народаў маглі сустрэцца ў нашай аазе дэмакратыі ўвосені, пасьля таго, як у жніўні патусуюцца на цёплым крымскім беражку.

Карацей кажучы, Расея мае клопат пра 80% свайго замежнага таваразвароту і 20 000 000 расейцаў, раскіданых на прасторах былой імпэрыі, а таксама пра 10 000 000 тонаў збожжа, якога ёй цяпер не стае. Расея хоча быць моцнай, бо В.Пуцін любіць Расею і хоча кіраваць ёй доўга і сувора. Расея больш не жадае губляць. Ёй патрэбны СНГ.

А што нам, беларусам, з таго?

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0