З 5 ліпеня адзіная віцебская незалежная грамадска‑палітычная газета «Витебский курьер» перайшла на інтэрнэт‑вэрсію.

Выданне, якое больш за месяц таму з‑за недахопу сродкаў часова прыпыніла выхад у тыпаграфскім варыянце, гэткім чынам спрабуе захаваць сувязь са сталымі чытачамі.

Паводле дырэктаркі Закрытага акцыянэрнага таварыства Выдавецкі дом «Витебский курьер» Жаны Паповай, да распрацоўкі інтэрнэт‑версіі прымусілі тыя жорсткія ўмовы, у якіх апынулася выданне. Газеце адмовілі ў падпісцы і ў распаўсюдзе праз шапікі «Аблсаюздруку». Немагчымым стала супрацоўніцтва з абласной друкарняй. А друкаванне у Смаленску і перамяшчэнне накладу праз мяжу на тэрыторыю Беларусі прывядзе не толькі да значнага падвышэння сабекошту выдання, але і да тых праблемаў, з якімі ўжо неаднаразова сутыкаліся, напрыклад, недзяржаўныя «Народная воля» ці «Товарищ» (затрыманні накладу).

Сайт www.kurier.vitebsk.by існаваў і раней, але даваў адно PDF‑версію нумароў газеты і некалькі месяцаў не абнаўляўся. Зараз гэта будзе самастойнае выданне, са сваім рэдактарам і тэхнічнымі супрацоўнікамі. Калектыў журналістаў застанецца ў значнай ступені тым жа, як і ў газеце, і пашырацца будзе хіба што за кошт маладых талентаў ды аўтараў з розных куткоў Віцебшчыны.

Перыядычнасць абнаўлення пакуль захаваецца такая самая, як і ў папяровага выдання, — два разы на тыдзень. Крыху пазней плануецца перайсці да штодзённага асвятлення падзеяў.

Алена Грынявіцкая, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0