Першая чарнаскурая губэрнатарка ў гісторыі

27-м генэрал-губэрнатарам Канады стала чарнаскурая ўраджэнка Гаіці, экс-журналістка Мішэль Жан. Інаўгурацыя прайшла ў прысутнасьці ейнага мужа і шасьцігадовай прыёмнай дачкі. 48-гадовая М.Жан стала адной з самых маладых генэрал-губэрнатараў у гісторыі краіны й трэцяй жанчынай на гэтай пасадзе. Генэрал-губэрнатар — пасада збольшага намінальная — ёсьць прадстаўніком у Атаве брытанскай каралевы і прызначаецца ёй з рэкамэндацыі прэм’ер-міністра Канады.

Бясконцы сьпіс Караджыча

У Босьніі праведзена эксгумацыя целаў яшчэ ста ахвяраў масавай расправы над мусульманамі ў Срэбраніцы ў 1995 г. Усяго былі знойдзены целы васьмі тысячаў ахвяраў сэрбскага генацыду. Галоўныя вінаватыя ў гэтай трагедыі Радаван Караджыч і генэрал Радка Младзіч расшукваюцца Гааскім трыбуналам.

Нурсултан верны традыцыям

Кіраўнік Казахстану Нурсултан Назарбаеў, што балятуецца на чарговы прэзыдэнцкі тэрмін, адмовіўся ад удзелу ў тэледэбатах. Прэс-сакратар ягонага выбарчага штабу Арман Шураеў мяркуе, што тэледэбаты паспрыяюць рэкляме канкурэнтаў Назарбаева. Лідэры СНД любяць даказваць сваю перавагу над апанэнтамі завочна.

Вайны ня будзе

Якая-кольвечы вайсковая акцыя супраць Ірану не абмяркоўваецца, — заявіў у інтэрвію BBC кіраўнік брытанскага МЗС Джэк Стро. Гэтак ён пракамэнтаваў словы Джорджа Буша, які некалькі дзён таму заявіў пра магчымасьць ваеннага ціску на Іран. Стро спадзяецца, што крызіс, зьвязаны з іранскай ядзернай праграмай, удасца вырашыць дыпляматычным чынам.

Эўрапейскі дзень Волі

З наступнага году на кантынэнце будзе сьвяткавацца Дзень волі і салідарнасьці. Адначацца ён будзе 31 жніўня, ва ўгодкі польскай «Салідарнасьці». Адпаведнае рашэньне прыняў у сераду, 28 верасьня, Эўрапарлямэнт.

АГ; echo.msk.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0