27 лютага Гомельскі абласны суд пачаў разгляд рэзананснай крымінальнай справы аб забойстве з асаблівай жорсткасцю 19-гадовага студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (БелДУТ).
Злачынства было ўчыненае 20 ліпеня 2012 года, падазраваныя былі затрыманы праз некалькі дзён. Імі аказаліся 19-гадовы навучэнец Гомельскага медыцынскага каледжа і 17-гадовы навучэнец Гомельскага каледжа машынабудавання. Абодва раней не судзімыя.

Згодна з абвінавачваннем, маладыя людзі ўчынілі забойства з асаблівай жорсткасцю групай асоб (арт. 139 КК), разбой (арт. 207 КК), крадзеж асабістых дакументаў (арт. 378 КК), наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, учыненыя агульнанебяспечным спосабам (арт. 218 КК).

Абвінавачваныя, адзін з якіх быў раней знаёмы з ахвярай, позна вечарам папрасілі студэнта пусціць іх у кватэру прасохнуць, бо на вуліцы быў дождж, затым жорстка забілі яго з мэтай абрабавання.«Здабычай» злачынцаў сталі 1,3 мільёна рублёў, стары ноўтбук, мабільныя тэлефоны, ліхтарыкі, парасон, шкарпэткі, чаравікі.
Забойства яны спланавалі загадзя і падрыхтаваліся да яго: узялі нажы, набылі ў аптэцы пальчаткі, глюкозу (па тлумачэнні абвінавачваных, каб «паскорыць рэакцыю»), купілі ў магазіне перац (каб сабака не ўнюхаў след).
Пасля забойства абвінавачваныя спрабавалі схаваць сляды злачынства — працерлі паверхні ў кватэры ахвяры гарэлкай, пасыпалі ўсё перцам, а калі сыходзілі адкрылі ўсе канфоркі газавай пліты і духоўкі, выключылі ўсе электрапрыборы, каб, паводле слоў абвінавачваных, «загадзя не дэтаніравала».
Аднак суседзі загінулага адчулі пах газу і выклікалі аварыйную службу.

27 лютага на судзе пры допыце абвінавачваныя поўнасцю прызналі сваю віну. Паводле слоў 19-гадовага абвінавачванага, яго непаўналетні хаўруснік раней заклікаў яго ўчыніць забойства з мэтай абрабавання вядомага гомельскага дыджэя, калі таго не будзе дома.

Яны збіраліся забіць яго жонку і дзіця і завалодаць маёмасцю. Але жонка дыджэя не адчыніла ім дзверы, тады маладыя людзі адправіліся забіваць, паводле слоў непаўналетняга, яго бабулю і дзядулю. Там ім таксама не адчынілі дзверы.
Пасля гэтага, купіўшы ў аптэцы пальчаткі, глюкозу, узброіўшыся нажамі, яны пайшлі да знаёмага студэнта, каб забіць яго і завалодаць маёмасцю.

Старэйшы з абвінавачваных біў ахвяру нагамі, а малодшы перыядычна правяраў пульс, паведамляючы, ці жывы яшчэ хлопец. Затым 19-гадовы абвінавачваны душыў ручніком студэнта, пасля — ціснуў нагой на шыю, пакуль ён не памёр.

19-гадовы абвінавачваны вучыўся ў медыцынскім каледжы, паводле яго слоў, захапляўся псіхалогіяй, шмат чытаў, разбіраўся ў медыцыне, праходзіў практыку па спецыяльнасці «фельчар-акушэр», займаўся парусным спортам і турызмам.
На судзе ён сцвярджаў, што забойствы з мэтай абрабавання — гэта былі «фантазіі і казкі» яго непаўналетняга хаўрусніка, а ён толькі «падтрымліваў гэтыя фантазіі». Але, паводле яго ж паказанняў, менавіта ён наносіў удары і душыў ахвяру.

Допыт другога абвінавачванага пройдзе на наступным пасяджэнні суда.

Загінулы быў адзіным сынам выкладчыка адной з гімназій Гомеля, ён з залатым медалём скончыў гімназію, быў адным з лепшых студэнтаў першага курса БелДУТ.

Сваякі і сябры характарызуюць яго толькі са станоўчага боку.

Пры ўчыненні злачынства абвінавачваныя таксама выкралі медаль, атрыманы хлопцам за выдатнае заканчэнне школы.

«Я прынцыпова, як праваабаронца, супраць смяротнай кары, але калі гэтых хлопцаў расстраляюць, я асабліва засмучацца не буду», — пракаментаваў праваабаронца БХК Віктар Адзіночанка, які прысутнічаў на судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?