На пачатку сёлетняга году «Советская Белоруссия» надрукавала артыкул акадэміка Рубінава «Навука і грамадзтва». Артыкул выклікаў гучны розгалас ў незалежных СМІ і крыўду ў царкоўных колах. Так, мітрапаліт Філарэт выказаў абурэньне тым, што галоўны прэзыдэнцкі ідэоляг спрабуе абмежаваць месца праваслаўнай царквы «больніцай і турмой».

І вось нядаўна ў расейскім інтэрнэце зьявіўся адкрыты ліст дзесяці расейскіх акадэмікаў прэзыдэнту Пуціну пра пагрозу клерыкалізацыі грамадзтва. Найбольшае апасеньне навукоўцаў выклікала імкненне РПЦ увесьці ў сярэдніх школах, па сутнасьці, Закон Божы.

Хто падпісанты?

Рэакцыя з боку царквы і расейскай праваслаўнай грамадзкасьці была куды больш рэзкай, чымся ў выпадку з Рубінавым. Так, прадстаўнік Маскоўскай партыярхіі протаярэй Усевалад Чаплін назваў ліст акадэмікаў даносам і заклікаў «разьвянчаць хімэру так званага навуковага сьветапогляду». А праваслаўная арганізацыя «Народны сабор» падала ў суд на аднаго з акадэмікаў — Нобэлеўскага ляўрэата Віталя Гінзбурга за распальваньне рэлігійнай варожасьці. Падставаю стала фраза акадэміка ў адным з ранейшых інтэрвью, дзе той заявіў, што царкоўнікі, выкладаючы рэлігію, «хочуць завабіць душы дзяцей». Прытым ён назваў царкоўнікаў «сволачамі».

(Цікава, што цалкам ліст акадэмікаў знайсьці ў рунэце ня так проста — некалькі папулярных інфармацыйных сайтаў толькі цытаваў згаданы ліст, спасылаючыся пры гэтым адно на аднаго. Нарэшце мне ўдалося яго знайсьці на сайце atheism.ru, паводле якога і буду гэты дакумэнт цытаваць — В.Т.)

Між тым, і акадэмік Рубінаў пісаў пра небясьпеку пранікненьня рэлігіі ў сфэру дзяржаўнай адукацыі. Але ж на гэтым падабенства ягонага артыкулу з лістом акадэмікаў і сканчваецца. Занадта розны ўзровень дыскусіі зададзены. Расейскія навукоўцы не выступаюць супраць рэлігіі як такой, але супраць парушэньня прынцыпаў сьвецкай дзяржавы, замацаваных у канстытуцыі. «Верыць ці ня верыць у Бога — справа сумленьня і перакананьняў кожнага чалавека. Мы паважаем пачуцьці вернікаў і ня ставім на мэце барацьбу з рэлігіяй. Але мы ня можам заставацца абыякавымі, калі робяцца спробы паставіць пад сумнеў навуковыя Веды, вытравіць з адукацыі «матэрыялістычнае бачаньне сьвету», ‑‑ пішуць пры канцы свайго пасланьня расейскія акадэмікі. Ва ўсялякім выпадку яны не заклікаюць да замены рэлігійных догмаў на дзяржаўную ідэалёгію і ня ставяць на адну дошку, адрозна ад беларускага акадэміка, рэлігію і нацыяналізм.

Дый тое варта зазначыць, што імя акадэміка Рубінава ня надта вядомае ў шырокіх колах. У той час як імёны большасьці падпісантаў згаданага ліста вядомыя ва ўсім сьвеце. Дадатковую цікавасьць да яго, дарэчы, выклікае той факт, што пад ім стаіць подпіс ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па фізыцы за 2000 год Жарэса Алфёрава — нараджэнца Віцебску, ганаровага грамадзяніна Менску, віцэ‑прэзыдэнта РАН, які (рэдкі выпадак) ганарыцца тым, што паходзіць зь Беларусі. Савецкі навуковец Алфёраў вядомы яшчэ й сваімі досыць савецкімі поглядамі. Ён не аднойчы публічна выступаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Але ў дадзеным выпадку меркаваньне знакамітага нашага суайчыньніка дзяржаўныя СМІ, выглядае, не зацікавіла. Занадта высокую плянку для размовы, пэўна, задалі навукоўцы, занадта непрыемных для дзяржавы рэчаў тычыцца іх ліст.

Усе «падпісанты» — вядомыя навукоўцы ў галіне фізыкі, астрафізыкі, генэтыкі і г.д. І хоць пратаерэй Чаплін назваў іх «пэнсіянэрамі», праігнараваць іх думку не выпадае.

Можна пагадзіцца з тым, што сама форма — зварот да вышэйшай асобы дзяржавы — нагадвае савецкі час, калі акадэмікі, у іх ліку акадэмік Сахараў, да прыкладу, пісалі лісты на актуальныя тэмы асабіста генэральнаму сакратару ЦК КПСС Брэжневу. Але што зробіш, каля цяперашняя сыстэма ўлады ў Расеі, гэтак добра вядомая й беларусам «вэртыкаль улады» на вачох ператвараецца ў замкнёную, амаль што гэрмэтычную сыстэму, дзе ўсё трымаецца на «харызьме» аднаго вышэйшага начальніка. І пры якой зьвяртацца да чыноўнікаў альбо царкоўных ерархаў на якім заўгодна ўзроўні аднолькава ня мае сэнсу, бо не пачуюць. Не для дыскусіяў гэтая сыстэма стваралася.

Што дазволена РПЦ…

Варта нагадаць, між іншым, што Расейская акадэмія навук зь яе «пэнсіянэрамі» ды «рэтраградамі», засталася ці не апошняй выспай вальнадумства і дэмакратыі —як на яе ня цісьне крамлёўская адміністрацыя, а з прызначэньнем акадэмікаў, а таксама зьнешніх «куратараў», якім ня церпіцца дарвацца да ўласнасьці РАН, акадэмікі свой статут і высокі грамадзкі статус захавалі. (Які кантраст зь ведамствам Мясьніковіча, у якое ператварылася НАН РБ.)

І тут варта працытаваць той фрагмэнт, які ўпарта прапускаўся ў першых публікацыях ліста і які пралівае сьвятло на сутнасьць рэакцыі Праваслаўнае царквы: «Між іншым, каталіцкая царква практычна цалкам адмовілася ад умяшаньня ў справы навукі (у 1992 годзе яна нават прызнала сваю памылку ў справе Галілея і «рэабілітавала» яго). У гутарцы з акадэмікам Арнольдам (сакавік 1988 г.) Папа Ян Павал ІІ прызнаў, што навука адна здольная знайсці ісьціну, а рэлігія, паводле пантыфіка, лічыць сябе больш кампэтэнтнай у ацэнцы магчымага выкарыстаньня навуковых адкрыцьцяў. Наша РПЦ трымаецца іншага пункту погляду: «Неабходны дыялёг улады і грамадзтва для таго, каб манаполія матэрыялістычнага бачаньня сьвету, якая склалася за савецкім часам, нарэшце скончылася ў расейскай адукацыйнай сыстэме» (з рэзалюцыі Сабору).

І далей: «У эўрапейскай супольнасьці, дзе міжканфэсійная варажнеча ўжо выявілася ва ўсёй красе, пасьля працяглых абмеркаваньняў прыйшлі да высновы аб неабходнасьці ўвядзеньня ў школах курсу гісторыі асноўных манатэістычных рэлігіяў. Асноўны довад палягае на тым, што знаёмства зь гісторыяй і культурнай спадчынай іншых канфэсіяў будзе спрыяць паляпшэньню ўзаемаразуменьня паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасьцяў і рэлігійных перакананьняў. Нікому да галавы не прыйшло, да прыкладу, патрабаваць увядзеньня «Асноваў каталіцкай культуры».

Калі меркаваць па водгуках на шматлікіх форумах у расейскім сеціве, найбольшае абурэньне праваслаўнай грамадзкасьці выклікалі менавіта спасылкі на каталіцкі касьцёл і іншыя «манатэістычныя рэлігіі». Вось дзе сабака зарытая!, ‑‑ радуюцца адэпты праваслаўнае царквы. ‑‑ Нашая царква акадэміку Гінзбургу не падабаецца, а сынагога яму падабаецца! (І нават прыводзяць прыклады, калі акадэмік, ня будучы юдэем, ахвяраваў нешта на храмы ў Ізраілі. Так дыскусія, яшчэ як сьлед не пачаўшыся, скацілася да прымітыўнага антысмэмітызму.) Як жа пасьмелі акадэмікі параўнаць Рускую праваслаўную царкву і каталіцкі касьцёл і іх ролю ў жыцьці дзяржавы?

За адказам на гэтае рытарычнае пытаньне зьвернемся зноў да тэксту ліста: «…Сабор лічыць, што вывучэньне школьнікамі «Асноваў праваслаўнае культуры» неабходнае ў нашай дзяржаве, дзе праваслаўныя складаюць абсалютную большасьць насельніцтва». Калі лічыць атэістаў расейскай нацыянальнасьці пагалоўна праваслаўнымі, дык большасьць, напэўна, атрымаецца. А вось калі без атэістаў, дык, на жаль, праваслаўныя апынуцца ў меншасьці. Ну, ды справа ня ў гэтым. Хіба можна так грэбліва ставіцца да іншых канфэсіяў? Ці не нагадвае гэта праваслаўны шавінізм? Урэшце, няблага было б праваслаўным ярархам задумацца, куды вядзе такая палітыка: да кансалідацыі краіны ці дае яе развалу».

Вось такога «прыніжэньня» ролі праваслаўнай рэлігіі царква, зразумела, дараваць не магла. Як гэта нехта можа сумнявацца ў тым, што толькі яна, РПЦ, можа стаяць «ошую» самаўладцы, то бок прэзыдэнта, і вызначаць духоўнае жыцьцё яе падданых у Расеі?

Пры гэтым яе ярархі не задумваюцца ці робяць выгляд, што не заўважаюць адной акалічнасцьі. Калі дзяржаўныя чыноўнікі, у тым ліку першыя асобы ў дзяржаве, прыходзяць у царкву па вялікіх царкоўных сьвятах і стаяць там перад тэлекамэрамі са сьвечкамі альбо выступаюць у храме з трыбуны — гэта толькі дыскрэдытуе і царкву і дзяржаву.

Акадэмікі — не героі

У чымсьці акадэмікі, трэба прызнаць, падставіліся для крытыкі. Напрыклад, нежаданьне прызнаць тэалёгію навуковай дысцыплінай (пры тым што ўсе буйныя ўнівэрсытэты на Захадзе маюць тэалягічныя факультэты або аддзяленьні) гаворыць аб пэўнай вузкасьці мысьленьня навукоўцаў, чые матэрыялістычныя погляды сфармаваліся пераважна за савецкім часам. Настойваць на тым, як гэта робяць акадэмікі, што ўсе навуковыя дасягненьні сучаснасьці заснаваныя на матэрыялізьме, выглядаюць наіўнымі. Асабліва калі ўспомніць Ньютана ці Айнштайна, якія, кожны па‑свойму, глыбока верылі ў Бога. Апрача таго, увогуле падзел усіх разнастайных поглядаў і навуковых мэтадаў на «матэрыялізм» і «ідэалізм», з гледзішча сучаснай філязофіі выглядае, мякка кажучы, спрошчаным. Гэта, хутчэй, адпавядае Кароткаму курсу гісторыі ВКП(б).

Акрамя атэістаў, напрыклад, ёсьць жа яшчэ й агностыкі, а сярод вернікаў — сатаністы…

Павінен чалавек у нешта верыць, ці ён павінен, найперш, імкнуцца разумець, каб адказваць за свае ўчынкі — гэтае пытаньне выходзіць далёка за рамкі тэмы і абмяркоўваць яго тут няма сэнсу. Як няма сэнсу даводзіць каму‑небудзь, што ён верыць ня ў тое ці няправільна. Гэта нагадвае клясычную дыскусію, апісаную яшчэ Ільфам і Пятровым: «Бога няма, ‑‑ сказаў Астап. — Ёсьць‑ёсьць! ‑‑ адказалі ксяндзы».

Але пафас ліста акадэмікаў палягае на нежаданьні прыняць хрысьціянскую рэлігію, ды яшчэ ў яе спецыфічна праваслаўнай форме ў якасьці адзінай культурніцкай мадэлі, якая адсякае ўсе астатнія мадэлі як бездухоўныя і варожыя расейскаму грамадзтву. Такім чынам, расейская мадэль праваслаўнай культуры проціпастаўляецца заходняй мадэлі. Гэта добра ўпісваецца ў цяперашнюю ідэалёгію расейскай дзяржавы, якая «падымаецца з каленяў».

Але глыбокая супярэчнасьць палягае на тым, што моц вялікай ядравай дзяржавы, на спадчыне якой будуецца гэтая ідэалёгія, новы патрыятызм, стваралася савецкай інтэрнацыянальнай навукай — у тым ліку, акадэмікамі Сахаравым і Гінзбургам. Не Трафімам Лысенкам, з дапамогай якога была зьнішчаная школа генэтыкі, і ня Вольгай Лепяшынскай (зь яе практыкамі «саманараджэньня жыцьця» ў кепска прамытых прабірках), якія кляліся імем Сталіна і партыі, але Жэбракам, Зяльдовічам, Алфёравым і многімі‑многімі іншымі навукоўцамі, незалежна ад іх унутраных перакананьняў.

Магчыма, пагрозу клерыкалізацыі грамадзкага жыцьця ў Расеі акадэмікі ў сваім лісьце й перабольшваюць. Хутчэй, з дапамогай тэлебачаньня адбываецца яго дэбілізацыя. Як і ў гады сталінскага «рэнэсансу», пышным цьветам зноў квітнее ілжэнавука. Так спэцыялісты‑фізыкі лічаць славутую праграму нанатэхналёгіяў нічым іншым, як сучаснай лысенкаўшчынай. Тым часам на фундамэнтальную акадэмічную навуку вылучаюцца мізэрныя сродкі зь бюджэту. Яна ж не прыносіць тае імгненнай аддачы, як інвэстыцыі ў пампаваньне нафты й газу з радовішчаў, якія вычарпаюцца. Трэба пасьпець набіць кішэні грашыма, пакуль «Трэці Рым» зноў ня ляснуў. Каб атрымаць падтрымку на навуковыя дасьледаваньні, трэба зарабіць, як і за ранейшым часам, схільнасьць начальства, спадабацца яму лісьлівымі выказваньнямі пра «асобую духоўнасьць» расейскага народу, які Крэмль і РПЦ разам вядуць у сьветлую будучыню.

Прэзыдэнт Пуцін аддае перавагу не Віталію Гінзбургу, а іншаму Нобелеўскаму ляўрэату (па літаратуры) — Аляксандру Салжаніцыну, які з захапленьнем гаворыць пра адраджэньне праваслаўнай Расеі. Так што наўрад ці акадэмікі РАН дачакаюцца адказу на іх ліст зь вяршыняў іх дзяржаўнай улады.

Цікава, ці заўважаць яго ў Беларусі? І што гэтым разам напіша акадэмік Рубінаў?

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0