Шляхціц з-пад Пінска, «архітэктар для мільянераў», які абагаўляў Рэнесанс і ненавідзеў бальшавікоў. Кніга пра архітэктара, густы якога сфарміравалі мінскі праспект
Новая праца пра Івана Жалтоўскага адкрывае некалькі раней невядомых дэталяў, хоць біяграфія гэтага майстра яшчэ патрабуе ўвагі беларускага вока.
Илья Печенкин, Ольга Шурыгина. Иван Жолтовский. Опыт жизнеописания советского архитектора. Новое литературное обозрение, 2023
Паколькі я грунтоўна перапісваў артыкул пра Івана Жалтоўскага для беларускай Вікіпедыі, то, натуральна, цікава было зірнуць і новую яго біяграфію, да таго ж, заснаваную і на новых архіўных крыніцах, піша ў сябе ў фэйсбуку кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі. Тым больш, што з яе робіцца яшчэ больш зразумелай парадаксальная эвалюцыя сталінскага стылю ў архітэктуры, якая мела непасрэдным вынікам і стварэнне архітэктурнага ансамбля пасляваеннага Мінска.
Напачатку аўтары наганяюць туману, што Жалтоўскаму было ўласцівае памкненне ствараць містыфікацыі са свайго жыцця, але за гэтымі заманлівымі для чытачоў словамі хаваецца нейкая іншая рэчаіснасць.
Сапраўды, самым значным дасягненнем аўтараў можна лічыць тое, што яны аспрэчылі аўтарства перакладу трактата пра архітэктуру Паладыа, выдадзенага ў 1936 годзе як пераклад Івана Жалтоўскага. Архіўныя пошукі высветлілі, што пераклад быў зроблены яшчэ ў 1919 годзе Аленай Паўлаўнай Рабушынскай, якая таксама захаплялася гісторыяй мастацтва і была прыхільніцай і мецэнаткай Жалтоўскага.
Але пасля рэвалюцыі 1917 года іх ролі радыкальна змяніліся. У Рабушынскай была канфіскаваная ўся маёмасць, і ўжо Жалтоўскі ёй дапамагаў, у тым ліку з лабіраваннем замовы на пераклад. Аўтарку перакладу вымусілі выехаць з Савецкай Расіі, яна хутка памерла ў эміграцыі, і ясна, што пад яе іменем гэты пераклад не мог быць выдадзены.
Але тое, што Жалтоўскі хаваў сваё паходжанне, то гэта цалкам было зразумела ў савецкай дзяржаве, дзе такая мімікрыя была пытаннем жыцця і смерці. Шляхціц, «архітэктар для мільянераў» — гэтыя біяграфічныя моманты яўна трэба было рэтушаваць.
Спрэчным застаецца пытанне яго ўласнай ідэнтычнасці, бо гэта таксама было важным для далейшай яго кар'еры.
Мы добра ведаем, што ён нарадзіўся ў шляхецкім маёнтку пад Пінскам, што дазволіла яго зафіксаваць як беларускага савецкага архітэктара, але аўтары прыводзяць яшчэ цікавае сведчанне, што ў дакументах яго нацыянальнасць падаецца як «беларус» (спасылка ідзе на архіў Расійскага нацыянальнага музея музыкі: Ф. 318, ед. хр. 1034, л. 5).
Я думаю, што Сяргей Харэўскі тут, вядома, узрадуецца, гэта раней было невядома, але падазраю, што тут магла быць і мімікрыя: яўна ў сталінскія часы бяспечней было мець у пашпарце нацыянальнасць «беларус», чым «паляк».
У дарэвалюцыйнай Маскве Жалтоўскага безумоўна ўспрымалі як паляка. Не магу ўстрымацца, каб не працытаваць характарыстыку, якую яму даў князь Сяргей Шчарбатаў: «Жолтовский, поляк, ненавидящий Россию, хотя ею кормился, пользовался в Москве заслуженной репутацией тонкого знатока итальянской классики».
Дадам, што персанальныя нататкі, зробленыя на выставе дызайну ў Турыне 1902 года, Жалтоўскі робіць на польскай мове.
Яшчэ з цікавых адкрыццяў ранняй біяграфіі можна згадаць, што пасля вучобы ў пінскай і астраханскай гімназіях ён год вучыўся ў Рызе, што згадвалася ў неапублікаванай працы Сухарэвіча, але аўтары знайшлі і дакументальнае пацверджанне побыту Жалтоўскага ў Рызе 1886—1887 гадоў, толькі дакладна невядома, у якой вучэльні ён там атрымліваў адукацыю.
Кніга дае магчымасці і адчуць біяграфічныя развілкі, якія мы постфактум адчуваем як дадзенасць. Так, Жалтоўскі не імкнуўся быць архітэктарам, нават у Акадэмію мастацтваў ён падаваўся на аддзяленне жывапісу, а на аддзяленне архітэктуры перавёўся, бо там быў меншы конкурс.
І паладыянцам ён адразу не стаў, першыя яго архітэктурныя працы былі досыць эклектычныя, але мы можам амаль дакладна рэканструяваць, як адбыўся гэты паварот, які паўплываў на ўсю савецкую архітэктуру.
У 1902 годзе Жалтоўскі едзе ў Турын, каб агледзець выставу сучаснага дызайну (цікавіў яго тады мадэрн, як можам здагадацца), але ў цягніку з Мілана да Венецыі ён узяўся чытаць апісанні падарожжаў па Італіі Гётэ і натыкнуўся на натхнёнае апісанне там прац Паладыа, і злазіць з цягніка ў Вічэнцы.
Далей Жалтоўскі дзясяткі разоў быў у Італіі, даследаваў паладыянскія вілы і перадаў гэта захапленне маскоўскай архітэктурнай супольнасці, нават выношваў ужо пры бальшавіках амбіцыйны план стварэння ў Віле Ратонда расійскай культурнай фундацыі.
І тут цікава, як гэта эстэтычная праграма, арыентаваная на архітэктурную традыцыю Рэнесансу і Антычнасці, дазваляла Жалтоўскаму выжываць у неспрыяльным асяроддзі. Пры тым, што і бальшавікоў ён не любіў, хаця зрабіў пры іх бліскучую кар'еру, аўтары раскапалі перапіску Рабушынскага, аднаго з багатых кліентаў архітэктара да рэвалюцыі, з якім ён сустракаўся ўжо падчас выездаў за мяжу, і там цытуецца вельмі рэзкае і негатыўнае стаўленне Жалтоўскага да бальшавікоў.
І разам з тым менавіта арыентацыя Жалтоўскага на класіку перамагла ў змаганнях з канструктывістамі і стала асновай для сталінскага архітэктурнага стылю. Гэта можа прагучыць як парадокс, але погляды чалавека, які ненавідзеў бальшавікоў, вызначылі сталінскі ампір.
І мы тут ужо паціху падбіраемся да Мінска. На познім этапе свайго жыцця Жалтоўскі, які шмат выкладаў і карыстаўся вялікім аўтарытэтам, працаваў пераважна як кіраўнік вялікіх творчых калектываў, уласнай архітэктурнай майстэрні, што дазваляла выконваць вялікія і складаныя будаўнічыя замовы.
Ужо ў часы вайны Жалтоўскі актыўна пераключаецца на задачу «аднаўленчай архітэктуры», з мэтамі аднаўлення акупаваных гарадоў, і 23 лютага 1944 года ён атрымлівае прызначэнне кіраўніком майстэрні «дзеля праектаванння аднаўленчага будаўніцтва ў Беларускай ССР».
У снежні 1944 года гэтую майстэрню ўмацавалі дасведчанымі архітэктарамі, якія былі вучнямі Жалтоўскага. Фактычна, тады і была створаная школа-майстэрня, унікальная інстытуцыя, якую ўзначальваў жывы класік.
На жаль, аўтараў зусім не цікавілі працы гэтай майстэрні ў Беларусі, але мы ведаем, што пры разбудове праспекта ў Мінску Баршчом і Паруснікавым выкарыстоўвалася эстэтычная праграма іх настаўніка — Івана Жалтоўскага, шляхціца з-пад Пінска, які дэклараваў сябе ў савецкіх дакументах як «беларуса», «архітэктара для мільянераў», які любіў рэнесансную Італію і ненавідзеў бальшавікоў.
І нагадаем, што нядаўна ў «Нашай Ніве» выйшаў вялікі артыкул пра Івана Жалтоўскага: Іван Жалтоўскі — беларускі шляхціц, які стварыў «сталінскі ампір»
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары