«12 красавіка 2013 года Рэспубліка Беларусь у мэтах выканання сваіх абавязацельстваў па крэдыце стэнд-бай МВФ ажыццявіла чарговае пагашэнне асноўнага доўгу ў памеры 64,7 млн. СДР (эквівалентна 97,4 млн. даляраў ЗША)», — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства фінансаў.

Гэта пяты плацеж па крэдыце МВФ з пачатку года. Так, 14 студзеня Беларусь выплаціла 99 млн. долараў, 23 студзеня — 84,1 млн., 22 сакавіка — 82,2 млн, 1 красавіка — 82 млн. У цэлым у 2013 годзе Беларусь павінна вярнуць МВФ 1,63 млрд даляраў.

Як вынікае з графіка плацяжоў, апублікаванага на афіцыйным сайце МВФ, найбольшыя выплаты ў 2013 годзе прыпадуць на красавік, чэрвень і кастрычнік — у гэтыя месяцы Беларусь павінна выплаціць па 175 млн. СДР (каля 270 млн даляраў па бягучым курсе).

Пяць траншаў крэдыту ў межах праграмы стэнд-бай на 3,46 млрд. даляраў Беларусь атрымала ад МВФ у 2009—2010 гадах. Асноўны пік выплат прыпадае на 2013—2014 гады, калі Беларусі давядзецца вярнуць большую частку пазыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?