Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», прычынай смерці 23-гадовай Юліі Кубаравай пасля пластычнай аперацыі на носе ў цэнтры «Экамедсэрвіс» магла стаць няспраўнасць абсталявання.
У часе аперацыі дзяўчына ўпала ў кому, з якой не выйшла.
Вось што расказаў «НН» спецыяліст, знаёмы з ходам праверкі.

«У «Экамедсэрвісе» дзяўчыне далі ўнутрывенны наркоз — там толькі такі і робяць. Аднак пры гэтым яе падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх з закрытым контурам, г.зн. у якім паветра цыркулюе па коле. Хоць звычайна ШВЛ з закрытым контурам ужываюць пры газавым наркозе: каб дарагі наркоз не выходзіў у паветра і каб ім не дыхалі лекары.

У апараце ШВЛ з закрытым контурам ёсць абсорбер — простымі словамі, фільтр, які выдаляе лішак вуглякіслага газу з паветра, якім дыхае чалавек. У экамедсэрвісаўскім апараце ШВЛ гэты абсорбер быў ужо ні на што не прыдатны, яго мусілі замяніць яшчэ ў 2010 годзе. І не было ў іх газавага манітора, які паказвае канцэнтрацыю газаў і каштуе зусім танна. Таму падчас аперацыі дзяўчына папросту атруцілася СО2 і ўпала ў кому, з якой так і не выйшла — для смерці мозгу шмат часу не трэба.
Дзіўна чытаць каментары людзей, якія не ведаюць, як выглядае скальпель, а вінавацяць ва ўсім хірурга. Ён рабіў сваю справу і без манітора, толькі па выглядзе пацыенткі, не мог заўважыць нейкай паталогіі.
У здарэнні віна ўласніка абсталявання і анастэзіёлага», — лічыць спецыяліст.

«Наша Ніва» запыталася ў некалькіх дактароў, ці імаверная такая прычына трагедыі.

«Гэтая сітуацыя нагадвае смерць дзвюх рожаніц у Гомелі, — кажа анастэзіёлаг-рэаніматолаг Зміцер Салошкін, — калі паблыталі балоны і пусцілі ў сістэму вуглякіслы газ.
Тут, магчыма, таксама не сачылі за станам абсарбента ў апараце ШВЛ. Відаць, падчас Юлінай аперацыі ён перастаў выконваць сваю функцыю канчаткова, і ў контуры накопліваўся дыяксід вугляроду. У выніку — гіперкапнічная кома.
Пры гэтым без газавага манітора можна і не заўважыць змяненні стану. Нават наадварот, вуглякіслы газ можа выклікаць парэз — расшырэнне — дробных сасудаў, і пацыент не сінее, як пры гіпаксіі, а застаецца ружовым.
Кіслароду магло быць досыць, але манітор мог не паказваць утрыманне СО2», — патлумачыў Салошкін.
«Аднак самае цікавае ў гэтай сітуацыі, што лячэбна-кантрольная рада Міністэрства аховы здароўя, якая сабралася з гэтай нагоды, замест таго, каб узяцца за «Экамедсэрвіс», замест пазбаўлення клінікі ліцэнзіі на пэўны від дзейнасці, прыняла рашэнне праверыць усе анестэзіялагічныя службы краіны.
І зараз пачнуцца перакрыжаваныя праверкі: спецыялісты аднаго цэнтра будуць правяраць другі, тыя — трэці і г.д. Уявіце, колькі чалавек будзе адцягнута ад працы з-за хібаў у канкрэтным месцы.

А любы анастэзіёлаг, нават не ведаючы пра канкрэтна гэты выпадак, скажа, што праблемы першых сутак пасля аперацыі, калі пацыент не прачнуўся пасля аперацыі, калі пацыента ў беспрытомным стане завезлі ў рэанімацыю, ёсць праблемамі анестэзіялогіі».

Алег Стасевіч, пластычны хірург і сакратар Таварыства пластычнай хірургіі, не наважваецца каментаваць сітуацыю, пакуль няма канчатковых вывадаў камісіі.

«Пры такіх сітуацыях, няважна дзе здараецца такое, у дзяржаўнай ці камерцыйнай лякарні, ствараецца камісія. Потым склікаецца канферэнцыя, аналізуецца сітуацыя: што за пацыент, як ён рыхтаваўся да аперацыі, што рабілі на аперацыі – менавіта так, пакрокава. Потым робіцца нейкая выснова, а пакуль што ёсць толькі эмоцыі. Вядома, шкада сваякоў», — дадае Стасевіч.

На ягоную думку, смерць магла быць звязана і з рэакцыяй на лекі, якія ўводзяцца з мэтай наркозу.

Паводле звестак Таварыства пластычнай хірургіі, у Беларусі выконваецца да 5 тысяч пластычных аперацый штогод, і іх папулярнасць расце. Прыблізна кожны сёмы кліент клінік эстэтычнай хірургіі жадае змяніць форму носа. Кошт рынапластыкі (аперацыі на носе) — 7—8 мільёнаў рублёў.

Паводле некаторых звестак, аперацыя Кубаравай магла каштаваць каля 17 мільёнаў рублёў. Ёй адначасова правілі пярэгарадку і паляпшалі форму носа.

Смяротныя зыходы ў пластычнай хірургіі – з’ява рэдкая, аднак выключыць яе цалкам немагчыма.
За апошнія дзесяць год у Беларусі вядома ўсяго пра некалькі такіх выпадкаў.

Імавернасць памерці пасля пластычнай хірургіі такая ж, як захварэць на рак лёгкіх пасля адной спаленай цыгарэты. «Але калі ў выпадку з цыгарэтай мы маем справу з выпадковасцю ў чыстым выглядзе, то калі мы гаворым пра хірургію — любую — ёсць яшчэ чалавечы фактар», — дадае хірург.

Перад тым, як легчы пад нож хірурга, пацыент падпісвае дамову, гэта значыць, дае так званую «інфармаваную згоду» на аперацыю. У дамове прапісваюцца магчымыя наступствы, у тым ліку і самыя трагічныя.

У Беларусі каля паловы кліентаў клінік эстэтычнай хірургіі — замежнікі.
А значыць, нашым спецыялістам давяраюць, дый цэны ў нас ніжэйшыя, чым, напрыклад, у суседзяў, кажа Стасевіч.
У выпадку калі версія з няспраўнасцю апарата, што адпрацаваў свой рэсурс, пацвердзіцца, гэта можа пацягнуць самыя непрыемныя наступствы для клінікі.
У самім «Экамедсэрвісе» пакуль не даюць ніякіх каментароў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?