У Беларусі дыскрымінацыя па прыкмеце полу існуе не толькі ў дачыненні да жанчын, але і мужчын, заявіла загадчыца кафедры тэхналогій камунікацыі Інстытута журналістыкі БДУ, член савета ГА «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» Ірына Сідорская.

Паводле яе слоў, вынікам дыскрымінацыі ў дачыненні да мужчын з'яўляецца розніца ў працягласці жыцця жанчын і мужчын, якія ў Беларусі жывуць у сярэднім на 11 гадоў менш. У краінах Заходняй Еўропы гэтая розніца не перавышае пяці гадоў. Смяротнасць мужчын у працаздольным узросце ў Беларусі ў чатыры разы большая, чым жанчын. Мужчыны ў шэсць разоў часцей за жанчын учыняюць самагубства.

Сярод прычын гэтых з'яў Сідорская назвала алкагалізацыю мужчынскага насельніцтва, а таксама распаўсюджанасць іншых шкодных прывычак. Акрамя таго, менавіта мужчыны часцей за ўсё выконваюць шкодную, небяспечную для здароўя працу.

Эксперт адзначыла, што ў Беларусі 252 віды работ вызначаны як шкодныя, на якіх жанчыны не могуць быць задзейнічаны. Паводле слоў спецыяліста, праяўленне гендарнай роўнасці заключалася б не ў тым, каб дапусціць жанчын да гэтых відаў работ, а ў тым, каб дзяржава зрабіла гэтыя вытворчасці менш небяспечнымі для здароўя. У якасці прыкладу Сідорская расказала, што калі ў Заходняй Еўропе жанчыны пачалі працаваць вадзіцелямі-дальнабойшчыкамі, стаў развівацца прыдарожны сэрвіс і інфраструктура, а да ўмоў працы вадзіцеляў сталі выстаўляцца больш жорсткія патрабаванні па бяспецы.

Сярод іншых фактаў дыскрымінацыі мужчын Сідорская назвала абавязак службы ў арміі, які распаўсюджваецца толькі на мужчын, а таксама розны падыход да пакарання за правапарушэнні.

У прыватнасці яна адзначыла, што ў Беларусі вышэйшая мера пакарання (смяротная кара) у дачыненні да жанчын не прымяняецца.

У цэлым, як заўважыла Сідорская, ад дыскрымінацыі церпяць і жанчыны, і мужчыны ў сям'і, на працы, у палітыцы. А паколькі ў беларускім заканадаўстве не вызначана паняцце дыскрымінацыі па прыкмеце полу, няма выпадкаў судовых разбораў з такой нагоды. Сярод мужчын і жанчын таксама назіраецца недахоп гендарнай адчувальнасці. «Грамадскія ўстаноўкі ў дачыненні да мужчын і жанчын часта абмяжоўваюць іх у рэалізацыі, адводзячы ім адзіны правільна алгарытм паводзінаў. Для змены сітуацыі неабходна прыняць закон аб гендарнай роўнасці», — адзначыла Сідорская.

Групай экспертаў-юрыстаў распрацоўваецца законапраект «Аб роўных правах і розных магчымасцях мужчын і жанчын». Праводзяцца кансультацыі і грамадскае абмеркаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?