З вечара нядзелі некаторыя карыстальнікі папулярнай гульні World of Tanks пачалі паведамляць у сацсетках аб тым, што сутыкнуліся з блакаваннем сваіх акаўнтаў

з вывадам паведамлення: « Ваш рахунак заблакаваны. Прычына: у мэтах бяспекі».

«На форуме кожныя 10 хвілін ствараюць тэмы, сутнасць якіх зводзіцца да таго, што людзі не могуць залагініцца ў гульню, бо «Ваш рахунак заблакаваны. Прычына: у мэтах бяспекі». Чаму няма тлумачэння сітуацыі, якая склалася на галоўнай старонцы сайта?

Чаму няма выбачэнняў з боку кампаніі Варгеймінг, паколькі мы, гульцы, нічога са сваімі акаўнтамі новага не рабілі, што магло прывесці да блакавання і праблема відавочна на вашым баку?

Дзе павага да карыстальнікаў вашага праекта?» - піша карыстальнік donateMaster на афіцыйным форуме гульні.

Прадстаўнікі кампаніі Wargaming пацвердзілі ўцечку базы дадзеных часткі акаўнтаў на пабочным рэсурсе, які не мае дачынення да праекта World of Tanks.

«Наша сістэма бяспекі прэвентыўна абараніла некаторую частку карыстальнікаў. Мы папрасілі іх змяніць пароль і прывязаць іх рахунак да тэлефона. Акаўнты заблакаваныя часова і доступ да іх будзе адноўлены, як толькі карыстальнікі зменяць пароль. У выпадку, калі ў гэтых карыстальнікаў быў прэміум -акаўнт, час блакавання ў залік не пойдзе», - распавялі прадстаўнікі кампаніі.

Як адзначылі прадстаўнікі кампаніі Wargaming, праблема не мае масавага характару. « Акаўнты былі заблакаваныя у невялікай часткі гульцоў з-за таго, што былі падазрэнні на магчымасць іх узлому», - дадалі ў кампаніі.

World of Tanks - масавая шматкарыстальніцкая online - гульня, прысвечаная браняваным машынам XX стагоддзя. Яна належыць кампаніі — распрацоўніку камп'ютэрных гульняў Wargaming.net, якая была заснавана ў 1998 годзе беларусам Віктарам Кіслым. Гульні належаць некалькі сусветных рэкордаў па адначасовым знаходжанні гульцоў на адным серверы, а таксама яна была двойчы прызнаная найлепшай анлайн-гульнёй на Golden Joystick Awards. Асноўны цэнтр распрацоўкі знаходзіцца ў Мінску, два іншыя размешчаны ў Кіеве і Санкт-Пецярбургу. Офісы кампаніі адчыненыя ў многіх краінах свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?