Па ініцыятыве парафіян і пры падтрымцы пробашча парафіі Нараджэння Божай Маці, а таксама па благаслаўленні дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца ў гомельскім касцёле праходзіць беспрэцэдэнтная акцыя: католікі падпісваюць добраахвотную згоду на выкарыстанне пасля смерці сваіх унутраных органаў у транспланталогіі.

«Дарэнне сваіх органаў медыцыне - гэта таксама справа любові да бліжняга», — адзначыў у сувязі з гэтым пробашч парафіі кс. Славамір Ласкоўскі.

«Каталіцкі Касцёл заклікае вернікаў завяшчаць свае органы пасля смерці бальніцам для трансплантацыі. Таму што так чалавек дае жыццё іншым людзям.

Аднак на гэта павінна быць асабістая згода кожнага чалавека. Закон Божы, у адрозненне ад закона дзяржавы, загадвае выкарыстоўваць органы для перасадкі толькі тых людзей, якія папярэдне далі сваю згоду на гэта. Мы дэкларуем гэтую згоду для чысціні свайго сумлення», - дадаў вікарый парафіі кс. Дамінік Шыманскі.

Акцыю вітае кіраўнік РНПЦ «Трансплантацыі органаў і тканак», галоўны пазаштатны трансплантолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алег Румо:»Нам вельмі прыемна, што вернікі нас падтрымліваюць.

Так, з юрыдычнага пункту гледжання, такія заявы не маюць сілы, паколькі па беларускіх законах медыкі кіруюцца прэзумпцыяй згоды. Гэта значыць, урачы выкарыстоўваюць органы памерлых людзей без яго завяшчання або згоды сваякоў.

Калі ж чалавек прынцыпова не хоча, каб яго органы ў выпадку смерці маглі перасадзіць іншаму, ён мае права напісаць заяву па месцы жыхарства,яго дадзеныя занясуць у агульны рэестр. Але акцыя, якую вы праводзіце, паказвае, што не нам, медыкам, патрэбныя органы, а цяжка хворым людзям, якіх можна выратаваць толькі дзякуючы трансплантацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?