Віктар Зубкоў

19 кастрычніка ў Мінск для ўдзелу ў пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі прыбудзе прэм’ер‑міністр Расійскай Федэрацыі Віктар Зубкоў.

Паводле інфармацыі беларускага МЗС, плануецца, што самалёт з кіраўніком расійскага ўраду прыбудзе ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск» у 11.00. На 12.45 запланавана сустрэча В.Зубкова з прэм’ер‑міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім у вузкім фармаце, затым адбудзецца пасяджэнне Саўміна Саюзнай дзяржавы ў пашыраным складзе. Вечарам 19 кастрычніка В.Зубкоў плануе вярнуцца ў Маскву.

На пасяджэнні саюзнага ўраду будзе разгледжаны праект бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2008 год, заслуханы справаздачы аб выкананні бюджэту ў першым паўгоддзі 2007 года, аб выніках гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі за гэты перыяд. Прызначана разгледзець саюзныя праграмы ў галіне барацьбы са злачыннасцю, утрымання аб’ектаў ваеннай інфраструктуры, вытворчасці і ўзаемных паставак лекавых сродкаў, рэалізацыі навукова‑тэхнічнай праграмы «Космас‑НТ» і шэраг іншых пытанняў. На пасяджэнні таксама плануецца абмеркаваць ход выканання праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі Беларусі і Расіі на 2006—2007 гады.

Гэта першы візіт у Беларусь В.Зубкова на пасадзе старшыні ўраду Расіі. Нагадаем, на пасаду прэм’ер‑міністра ён быў прызначаны 12 верасня ўказам прэзідэнта Пуціна.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0