У Брэсце 9 сакавіка адзначылі 200-годдзе з дня нараджэння вялікага ўкраінскага паэта, пісьменніка, мастака Тараса Шаўчэнкі. У святкаванні ўзялі ўдзел каля 100 чалавек, паведамляюць удзельнікі. 

У цырымоніі ўскладання кветак да помніка Шаўчэнку, які ўстаноўлены на аднайменным бульвары, узялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, акрэдытаваных ў Брэсце дыпламатычных місій, грамадскіх украінскіх арганізацый рэгіёну, Брэсцкай абласной структуры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». 

«Лёс і творчасць Тараса Шаўчэнкі аб'ядноўвае многія нацыі, нібыта падштурхоўваючы ўсіх нас да ідэі братэрства народаў, выказанай членамі Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва, удзельнікам якога быў паэт», — зазначыў у сваім выступленні намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык. «Гэтая ідэя менавіта ў нашы дні, калі перажывае няпросты час наша суседка Украіна, вымагае напаўнення рэальным сэнсам», — падкрэсліў Цупрык. 

У сваю чаргу генеральны консул Украіны ў Брэсце Алег Мысык заявіў, што ўкраінскі народ называе Тараса Шаўчэнку прарокам, бо ён прадбачыў долю Украіны, ход яе гісторыі і незалежнасці. «Сёння, у дні новага выпрабавання для нашай краіны, пацвярджаючы барацьбу за сваю незалежнасць, мы трымаемся палымяных слоў Шаўчэнкі», — сказаў дыпламат. Ён працытаваў радкі з верша «Каўказ»: «Слава вам, лицарi великi, Богом не забутi. Борiтеся — поборете, Вам Бог помагае. За вас правда, за вас слава i воля святая».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?