Бірманскія вайскоўцы прымусова набіраюць у войска дзяцей ад 10 гадоў веку, гаворыцца ў апублікаваным у аўторак дакладзе праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

У дакумэнце, якія мае назву «Прададзеныя ў салдаты: прызыў і выкарыстаньне непаўнагадовых вайскоўцаў у Бірме» гаворыцца, што вайсковыя й грамадзянскія рэкрутэры, якія атрымліваюць за гэта грошы, хапаюць падлеткаў на вуліцы, гвалтам цягнуць на вярбовачныя пункты, б’юць іх, запужваюць, пазначаюць у дакумэнтах хлусьлівыя зьвесткі пра іхні век.

«Калі я сказаў, што мне 16 гадоў, то атрымаў поўху, — цытуе даклад словы адной з ахвяр. — Я прасіў, каб мяне адпусьцілі дахаты, але мне адмовілі».

Афіцыйна ва ўзброеных сілах Бірмы служаць з 18 гадоў. Войска фармуецца на кантрактнай аснове і адчувае недахоп добраахвотнікаў, які, на думку праваабаронцаў, узмацніўся пасьля таго, як салдат кінулі на расправу над будыскімі манахамі і бяззбройнымі дэманстрантамі пры канцы верасьня.

Пасьля 18‑тыднёвай вайсковай падрыхтоўкі навабранцаў адпраўляюць у часткі, у тым ліку на барацьбу з паўстанцамі ў аддаленыя раёны краіны.

Паводле зьвестак Human Rights Watch, колькасьць непаўналетніх жаўнераў у Бірме сягае некалькіх тысяч. Пасьля 18‑тыднёвай вайсковай падрыхтоўкі навабранцаў адпраўляюць у часткі, у тым ліку на барацьбу з паўстанцамі ў аддаленыя раёны краіны.

Бірманскі вайсковы рэжым прызнае наяўнасьць праблемы і нават заснаваў спэцыяльны камітэт для ейнага вывучэньня, аднак, паводле словаў юрысткі Human Rights Watch, адно імітуе барацьбу з парушэньнямі закону пры наборы ў войска.

«Вышэйшыя генэралы не зважаюць на барбарскае выкарыстаньне дзяцей, і не караюць вінаватых. Вайсковым рэкрутэрам цалкам разьвязаныя рукі», — дадала яна.

Рада Бясьпекі ААН неўзабаве вернецца да сытуацыі з правамі чалавека ў Бірме, дзе застаюцца ў вязьніцах тысячы ўдзельнікаў верасьнёўскіх акцый пратэсту.

Human Rights Watch патрабуе ад Рады бясьпекі зьвярнуць увагу таксама на праблему непаўнагадовых салдат і ўзмацніць санкцыі супраць бірманскага рэжыму.

Паводле BBC Russian

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0