Будзем спадзявацца, што самае страшнае – уварванне расійскіх войскаў ва ўсходнія вобласці Украіны – не адбудзецца. Пуцін можа не ўсё, што хоча. Будзем спадзявацца, што палітычныя тэрарысты і крымінальнікі не навяжуць сваю волю Украіне.

Будзем спадзявацца, што 25 траўня ці ў другім туры галасавання ўкраінкі і ўкраінцы выберуць на пасаду прэзідэнта разважлівага палітыка, які будзе працягваць справу, пачатую Пуціным: справу кансалідацыі ўкраінскай палітычнай нацыі з яе шматмоўем і шматканфесійнасцю. Будзем спадзявацца, што Украіна, якая ў палітычным аспекце ўжо стала асацыяваным членам Еўрапейскага Саюза, стане асацыяваным сябрам гэтай супольнасці і ва ўсіх астатніх аспектах.

Расійская анексія Крымскага паўвострава, падзеі ва Украіне вядуць да таго, што на мапе Еўропы вымалёўваецца новы паўвостраў – Беларусь. Геапалітычнае і геаэканамічнае становішча Беларусі можа ў бліжэйшы час кардынальна памяняцца.

Асацыяванае сяброўства Украіны ў Еўрапейскім Саюзе азначае адкрыццё заходніх межаў гэтае краіны і перадысклакацыю памежнікаў на ўсход і поўнач – дзеля ўмацавання межаў з краінамі, якія ў ЕС не ўваходзяць: з Беларуссю і Расіяй. Яшчэ адным наступствам будзе ўвядзенне візавага рэжыму для грамадзян Беларусі. Гэта патрэбна дзеля бяспекі ўсяго Еўрасаюза, але гэта патрэбна перш-наперш дзеля бяспекі самой Украіны. Ведама, пры ўвядзенні візавага рэжыму Украіне і Беларусі неабходна ўлічыць такі чыннік, як памежны рух.

Якая будзе зона бязвізавага рэжыму – 30 ці 50 кіламетраў, – іншая справа. Важна тое, што Беларусь становіцца паўвостравам, з якім на захадзе і поўначы суседзяць паўнапраўныя члены Еўрапейскага Саюза і НАТО, а на поўдні – асацыяваны сябар ЕС, краіна, якая наладжвае асаблівыя адносіны з НАТО. (Пуцін, зноў-такі, вельмі паспрыяў таму, што цяпер большасць ўкраінак і ўкраінцаў выказваюцца за ўступленне іх краіны ў гэты абарончы альянс.)

Пры новай канфігурацыі кожны можа пераканацца, што Беларусь – гэта высунутая на захад частка расійскага мацерыка, а ў ваенна-палітычным аспекце – пратэктарат Расіі, яе перадавы рубеж процістаяння з дэмакратычным светам.

Калі звяртацца да гісторыі, то можна згадаць, што расійскім паўвостравам (балконам, як казалі тады) паміж прускімі і аўстрыйскімі ўладаннямі з 1814 года было Царства (Каралеўства) Польскае. Аналогія, вядома, не зусім карэктная, бо значныя часткі этнічнай Польшчы ўваходзілі тады ў склад Аўстрыі і Прусіі і мелі там, асабліва ў Аўстрыі, больш спрыяльныя ўмовы для арганічнай нацыянальнай працы, чым у Царстве Польскім.

Расійскі «балкон» быў непрымальны як для палякаў, так і для Аўстра-Венгерскай ды Германскай імперый. У 1914 годзе ён перастаў існаваць.

Можна было б згадаць тут і беластоцкі «балкон» 1939-1941 гг., калі савецкая тэрыторыя (Беластоцкая вобласць БССР) укліньвалася ў нямецкія ўладанні. Як вядома, гэты «балкон» скончыўся для саветаў Беластоцкім катлом 1941-га, у якім былі акружаныя і знішчаныя тры арміі.

«Балконы» нагадваюць стрэмку ў целе чалавека, якую абавязкова трэба выдаліць. Яны раней ці пазней знікаюць. Знікне і беларускі «балкон».

Хоць бы ў сілу агульнагістарычнага закона свабоды (рух ад несвабоды да свабоды, ад свабоды меншай, да свабоды большай) і закона і гістарычнай карэляцыі, у сілу якога адсталыя краіны мусяць у рэшце рэшт падладжвацца пад парадкі, што ўсталяваліся ў больш перадавых краінах. (Спадзяюся, ніхто не будзе сцвярджаць, што Беларусь – перадавая краіна.)

Пытанне ў тым, як адбудзецца ліквідацыя ці то знікненне беларускага «балкона». Ваенны шлях вырашэння гэтай праблемы выключаны. Не толькі таму, што мы жывем у век атамнай бомбы. І не таму, што Расія будзе адстойваць свае пазіцыі ў Беларусі. Вайна непрымальная для дэмакратычнага свету з шэрагу іншых прычын.

Супрацьстаянне дзвюх сістэм (назавем іх дэмакратычнай і антыдэмакратычнай) вымушае палітыкаў з абодвух лагераў даставаць сродкі з арсеналу халоднай вайны. Іншага шляху няма.

Трэба ўзяць пад увагу, што мы жывем у век глабалізацыі і новых інфармацыйных тэхналогій.

Я абмінаю тут тэму ідэалагічнага супрацьстаяння сілаў дэмакратыяі і прагрэсу і сілаў рэакцыі. Адзначу толькі, што мы з’яўляемся відавочцамі новага вітка інфармацыйнай вайны.

Афіцыйнаму расійска-беларускаму патоку хлусні і голай прапаганды трэба па-ранейшаму супрацьпастаўляць праўдзівую інфармацыю у спалучэнні з асветніцтвам ды прапагандай дэмакратычных і гуманістычных каштоўнасцяў.

Мабыць, тут больш важна зацеміць, што ў век глабалізацыі і вяртання Расіі ды Беларусі «да старога карыта» – да ўзнаўлення капіталізму» (Антон Луцкевіч) эканоміка і Расіі, і Беларусі ўпісана ў светаэканоміку больш цесна, чым народная гаспадарка СССР. У век глабалізацыі перыферыі светагаспадаркі цяжка існаваць самастойна, ізалявана ад яе цэнтру. Інакш яе чакае лёс Зімбабвэ ці Паўночнай Карэі з нармаваннем рысу і траваядзеннем. Тым больш перыферыя светагаспадаркі, нават калі яна мае атамную бомбу, не можа дыктаваць свае ўмовы цэнтру. Таму ў век глабалізацыі агульнапрынятую формулу Готліба фон Клаўзевіца «Вайна ёсць працяг палітыкі іншымі спосабамі» можна памяняць на «Санкцыі – гэта вайна іншымі спосабамі».

Санкцыі бываюць яўныя і няяўныя. З аднаго боку, гэта увядзенне эмбарага на пастаўкі ў Расію і Беларусь пэўных гатункаў сучаснай тэхнікі і перадавых тэхналогій, асабліва тых, якія могуць выкарыстоўваецца і ў ваеннай прамысловасці, гэта кропкавыя абмежаванні і забароны ў дачыненні да пэўных суб’ектаў эканамічнай дзейнасці, асобных палітыкаў і бізнесмэнаў, цэлых галін народнай гаспадаркі. З другога боку, гэта клопат цэнтру светагаспадаркі пра незалежнасць ад перыферыі.

Існаванне цяперашняга беларускага рэжыму залежыць ад таго, як доўга еўрапейскі сектар цэнтру светагаспадаркі будзе залежаць ад расійскіх энерганосьбітаў.

Па меры аслаблення гэтай залежнасці ўплыў сыравіннай імперыі на сусветную эканоміку і сусветную палітыку будзе падаць. «Вялікая сямёрка» на сваёй апошняй сустрэчы ўлічыла гэтыя ўзаемазалежнасці і выпрацавала даволі перспектыўную лінію паводзін.

Яшчэ адзін чыннік, які нельга не ўлічваць, – кошт нафты і газу на сусветным рынку. Заходні палітычны клас у гэтыя дні ўспомніў добра вядомае: СССР абваліўся яшчэ і таму, што ў сярэдзіне 1980-х энерганосьбіты значна патаннелі, і валютныя паступленні, дзякуючы якім трымаўся адносны дарабыт савецкіх грамадзян, істотна зменшыліся. Агрэсіўная палітыка Расіі зноў скіроўвае думку заходняга палітычнага класа ў гэтым кірунку.

Усе гэтыя захады і самазабойчая палітыка расійскай клікі лёсавызначальныя для Расіі. Мы можам стаць сведкамі новага геапалітычнага зруху, адным з наступстваў якога стане знікненне беларускага «балкона». 

А што самі беларусы? Падобна на тое, што паўтараецца сітуацыя, апісаная Янкам Купалам у ягоным шэдэўры «Перад будучынай»:

«Стаім мы перад будучынай нашай, І ўсё варожым сочым ейны ход…» У канцы верша наш прарок пытаецца: «Няўжо нас не аб’ясніць розум ясны І не пакінем біцца з кута ў кут? Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны – Кліч бураломны: вызваленне з пут?!».

Думаецца, бураломны кліч (вызваленне з пут) дэмакратычна-патрыятычнай супольнасцю Беларусі ўсвядомлены добра. Але яшчэ не ўсвядомлена як след новая геапалітычная і геаэканамічная сітуацыя, у якую трапляе Беларусь. З гэтай новай сітуацыі для дэмакратычных сілаў Беларусі вынікаюць новыя выклікі і патрабуецца выпрацоўка новай тактыкі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?