Так называецца культавая для ірландцаў песня, напісаная Бобі Сэндсам - героем Ірландыі, які памёр ва ўзросце 27 гадоў пасля 65 дзён пачатай ім жа агульнай галадоўкі ваеннапалонных Ірландскай Рэспубліканскай Арміі (ІРА) ў турме Мэйз 1981 года.

Падчас знаходжання ў зняволенні ён быў абраны ў Брытанскі парламент ад Паўночнай Ірландыі. У Дэры ж знаходзіцца адзін з самых знакавых манументаў ірландскага супраціву – сцяна дома, на якой размешчаны гістарычны надпіс: «Вы перасякаеце тэрыторыю Вольнага Дэры». Гэты самы Вольны Дэры – частка горада, якую кантралявала ІРА з 1969 па 1972 гады. Там жа маецца шыльда памяці ўсіх загінулых падчас згаданай галадоўкі.

Дэры – адзін з вялікіх цэнтраў ірландскага нацыяналізму, важнае месца для кожнага ірландца. Гэты горад – своеасаблівы сімвал барацьбы ірландцаў супраць акупацыі Братынскай імперыяй, з’яўляеца другім па памерах у Паўночнай Ірландыі і чацвёртым у Ірландыі ўвогуле (237 тысяч чалавек разам з прыгарадам).

Хоць горад пасля вайны за незалежнасць Ірландыі і застаўся ў складзе Вялікабрытаніі, пратэстанты і брытанскія лаялісты цяпер складаюць тут значную меншасць насельніцтва (менш за 20%). Афіцыйна горад называецца Ландандэры, але паўсюль ужываецца арыгінальная ірландская назва – Дэры. Прыстаўку «Ландан» да назвы горада дадаў англійскі кароль Якаў І у 1613 годзе. І цяпер ірландцам лепей пра яе не нагадваць. Нават гарадское кіраўніцтва афіцыйна прыняла назву «гарадскі савет горада Дэры».

Футбольны клуб «Дэры Сіці» – важная частка жыцця і гісторыі горада, своеасаблівы індыкатар яго незалежнасці. Справа ў тым, што гэта адзіны клуб з Паўночнай Ірландыі, які выступае ў лізе іншай дзяржавы – Рэспублікі Ірландыя.

Яго заўзятары любяць падкрэсліваць, што заўжды былі і застаюцца ірландскім, а не брытанскім клубам. Але гэта не адзіная цікавая рэч аб гэтай бясспрэчна спецыфічнай камандзе, якая супрацьстаіць салігорскаму «Шахцёру» ў другім раундзе адборачнага турніра Лігі Еўропы 2014/15. Давайце пра ўсё па парадку.

Карамелькі і дыскрымінацыя

«Дэры Сіці» быў заснаваны ў 1928 годзе. У назву было вырашана не ўключаць афіцыйную назву горада Ландандэры, і ў той жа момант не пераймаць назву «Дэры Сэлцік», якую раней выкарыстоўвала першая камандая горада, згінуўшая ў 1913 годзе.

У 1929 годзе новая каманда ўпершыню прыняла ўдзел у спаборніцтвах Паўночнаірландскай футбольнай лігі. Свой першы трафей – Кубак Гарадоў Паўночнай Ірландыі, «Дэры Сіці» здабыў у 1935 годзе. Наступнага буйнога поспеху – перамогі ў Кубку Паўночнай Ірландыі, давялося чакаць 14 гадоў. Пасля гэтае ж дасягненне чырвона-белыя (паласатыя футболкі менавіта такіх колераў носяць гульцы клуба з Дэры) паўтарылі ў 1954 і 1964 гадах. У 1964 годзе яны таксама выйгралі Залаты Кубак Паўночнай Ірландыі.

Што датычыцца клубных колераў, то першапачаткова футбалісты «Дэры Сіці» гулялі ў футболках, падобных да англійскай «Астан Вілы» – фіялетава-барвяных. Пасля былі проста белыя. І толькі ў 1954 годзе быў уведзены цяперашні ўзор формы: чырвона-белыя футболкі і чорныя шорты.

Прычынай змены колеру паслужыў прыезд у каманду знакамітага ірландца Білі Гілеспі, які да таго моманту быў капітанам «Шэфілд Юнайтэд» і правёў у складзе англійскай каманды аж 21 год. У ягоны гонар кіраўніцтва клуба змяніла форму на тую, у якой як раз і выступала папярэдняя каманда легенды ірландскага футбола. З таго часу каманда з Дэры носіць мянушку «candystripes» (даслоўна – «палоскі на цукерках»), бо смактальныя карамелькі часта маюць менавіта такую расфарбоўку.

Вельмі важны ў гісторыі клуба выпадак адбыўся ў сезоне 1965/66, калі «Дэры Сіці», пасля таго, як упершыню перамог у чэмпіянаце Паўночнай Ірландыі ў 1965 годзе, атрымаў магчымасць прыняць удзел у Кубку Еўрапейскіх чэмпіёнаў, дзе змог дайсці да другога раунду. У першай сустрэчы на выездзе ірландцы былі проста ўшчэнт разгромленыя бельгійскім «Андэрлехтам» – 9:0. А другога матча не адбылося зусім. Футбольная асацыяцыя Паўночнай Ірландыі забараніла «Дэры Сіці» праводзіць гульню на сваім стадыёне, паколькі, па іх ацэнках, ён не адпавядаў належным стандартам, з-за чаго каманда не змагла працягнуць удзел у спаборніцтве. Справа ў тым, што на той момант кіруючыя пасады ў асацыяцыі займалі пераважна пратэстанты, таму поспех нацыяналістычна-каталіцкага клуба быў яўна не ў іх планах. Пасля гэтага інцыдэнта адносіны клуба і асацыяцыі канчаткова пагоршыліся.

Падзенне і ўзлёт у Вольным Дэры

І далей сітуацыя лепей ніяк не зрабілася – прыйшлі «дзікія гады», як іх завуць мясцовыя аматары спорту нумар адзін. «Дзікія гады» - гэта перыяд паміж 1972 і 1985 гадамі, калі горад Дэры зусім застаўся без вялікага футболу.

Справа ў тым, што ў 1969 годзе пачалася знакамітая на ўвесь свет барацьба ірландцаў за грамадзянскія правы, наступствамі якой былі «Крывавая нядзеля» 1972 года і амаль трыццаць год канфрантацыі, што носяць агульную назву «The Troubles». У гэты час ірландцы-каталікі, якія былі аб’ектам шматгадовай дыскрымінацыі з боку пратэстантаў на сваёй зямлі, пачалі змаганне за свае правы, а таксама за аб’яднанне сваёй дзяржавы. Дэры, як горад з вельмі моцнай каталіцкай нацыяналістычнай супольнасцю, быў адным з цэнтраў гэтай барацьбы. Аб гэтым сведчыць у тым ліку і існаванне раёна «Вольны Дэры», аб якім ужо ўзгадвалася.

«Дэры Сіці» стаў ахвярай гэтага сумназнакамітага смутнага часу ў Паўночнай Ірландыі. У 1971 годзе мясцовая паліцыя і Паўночнаірландская футбольная ліга забаранілі клубу праводзіць хатнія матчы на іх стадыёне Брэндзіўэл па прычынах небяспекі для прыезжых заўзятараў.

Стадыён знаходзіцца ў тым самым «Вольным Дэры», таму канфлікты з заўзятарамі «пратэстанцкіх» клубаў, якія былі настолькі смелымі, каб наведаць гэтую арэну, былі вельмі жорсткімі. З-за гэтага клуб быў вымушаны падарожнічаць у мястэчка Колрэйн, што знаходзіцца ў 48 кіламетрах ад Дэры, каб гуляць свае хатнія гульні там.

Так працягвалася з верасня 1971 да кастрычніка 1972 года, калі «Дэры Сіці» ўрэшце падаў прашэнне аб магчымасці вяртання на родны стадыён. Па-першае, праводзіць дамашнія матчы не на сваёй арэне было проста фінансава невыгадна, па-другое, для заўзятараў кожная такая паездка такасама не дадавала камфорту, улічваючы тагачасную сітуацыю ў краіне. Але футбольная асацыяцыя Паўночнай Ірландыі гэтае прашэнне не задаволіла, хоць на той момант паліцыя змагла ў рэшце рэшт зрабіць тэрыторыю стадыёна і побач з ім досыць бяспечнай для наведвання заўзятараў іншых каманд. Гэта была акцыя, накіраваная на ізаляцыю і знішчэнне клуба, які меў яскрава выражаную нацыяналістычную пазіцыю, бо быў заснаваны і падтрымліваўся ірландскімі каталікамі-рэспубліканцамі. У выніку, у 1972 годзе «Дэры Сіці» выйшаў з Паўночнаірландскай лігі, бо працягваць такое існаванне там было проста немэтазгодна.

Пачаліся цёмныя для каманды часы. 13 гадоў «Дэры Сіці» існаваў як моладзевы клуб, які прымаў удзел у лакальных спаборніцтвах і займаўся выхаваннем маладых футбалістаў.

Так працягвалася аж да 1985 года, калі напружанасць у Паўночнай Ірландыі ўвогуле і ў Дэры ў прыватнасці паступова пайшла на спад. Тады клуб заявіўся для ўдзелу ў новаствораны Першы дывізіён футбольнай Лігі Рэспублікі Ірландыя. Заяўка была прынятая, і клуб, нягледзячы на сваё знаходжанне ў Паўночнай Ірландыі (на тэрыторыі іншай дзяржавы – Велікабрытаніі), пачаў выступаць у Лізе Рэспублікі Ірландыя з сезона 1985/86 як паўпрафесійны клуб.

Фінансавыя махінацыі і Нобелеўская прэмія

У свой другі сезон у новай лізе «Дэры Сіці» здолеў заняць першае месца і падняцца ў вышэйшы дывізіён Ірландыі. А ў сезоне 1988/89 чырвона-белыя спазналі самы вялікі поспех у сваёй гісторыі, выйграўшы «трэбл» – чэмпіянат Ірландыі, Кубак краіны і Кубак Лігі. Да сённяшняга дня пералік перамог клуба таксама змясціў у сабе шэсць Кубкаў Ірландскай Лігі, адно чэмпіёнства (сезон 1996/97) і тры Кубкі краіны (1995, 2002, 2006).

У 2009 годзе клуб, праўда, быў выключаны з вышэйшай лігі Ірландыі з-за фінансавых махінацый – высветлілася, што гульцы атрымлівалі частку зарплаты «ў канверціках». Але ў гэтым жа сезоне «Дэры Сіці» быў рэарганізаваны і ў другі раз у сваёй гісторыі заявіўся ў першую лігу, якую адразу ж і выйграў, здабыўшы магчымасць зноў выступаць у эліце Ірландскага футбола. На сённяшні момант каманда, як і 50 гадоў таму, з’яўляецца паўпрафесійнай – акрамя выступу за клуб, гульцы таксама працуюць у іншых сферах. Але гэта не перашкаджае чырвона-белым займаць высокія пазіцыі ў мясцовым чэмпіянаце і часам прымаць удзел у еўракубках. Дарэчы, прэзідэнтам клуба з’яўляецца лаўрэат нобелеўскай прэміі міра 1998 года Джон Х’юм, які таксама з’яўляецца адным з заснавальнікаў ірландскай Сацыял-дэмакратычный і лейбарысцкай партыі.

Яшчэ варта адзначыць, што заўзятары – неад’емная частка гісторыі клуба, якая ўплывала на ягонае развіццё рознымі шляхамі. Калі з-за вялікіх запазычанасцяў клубу пагражала нават спыненне існавання, мясцовая супольнасць пачала масавыя акцыі, накіраваныя на тое, каб выратаваць клуб. Ужо пасля, у паспяховым для «Дэры Сіці» сезоне 2006 года, тагачасны капітан каманды, а таксама яе цяперашні галоўны трэнер Пітэр Хатан скажа: «Футбольны клуб «Дэры Сіці» не належыць нікому, акрамя людзей Дэры. Пяць ці шэсць гадоў таму клуб быў на каленях, на мяжы выхаду з бізнэсу. У нас не было ні цукровага татачкі, ні мільянера, ні Рамана Абрамовіча, каб захаваць клуб. Менавіта людзі і горад выратавалі каманду. Народ, фанаты, звычайныя людзі; яны выйшлі і стукалі ў дзвяры, каб сабраць грошы. Яны пайшлі па пабах са крынямі для ахвяраванняў, яны зрабілі ўсё магчымае, каб захаваць клуб у жывых. Дэры – гэта невялікая і вельмі моцна звязаная супольнасць, якая клапоціцца аб сваім клубе, і менавіта таму ў нас яшчэ ёсць клуб. І кожны наш поспех, які мы можам здабыць у гэтым сезоне, адбываецца дзякуючы ім».

Цікава, што на хатніх сустрэчах «Дэры Сіці» вы ніколі не пабачыце паліцыі. Справа ў тым, што яшчэ ў 1985 годзе, калі УЕФА давала клубу дазвол на выступ у футбольнай лізе іншай дзяржавы, была пастаўленая ўмова адсутнасці Каралеўскай паліцыі Ольстэра на матчах каманды ў Дэры.

Гэта было зроблена спецыяльна, каб не правакаваць заўзятараў каманды – каталікоў-нацыяналістаў. Менавіта таму ўсе гульні ахоўваюцца сцюардамі, якіх наймае сам клуб. Але гэта, нажаль, чамусь не спрыяе запаўненню трыбун – сярэдняя наведвальнасць хатніх матчаў «Дэры Сіці» ў мінулым сезоне склала каля 1500 чалавек, хоць стадыён Брэндзіўэл можа прыняць больш за сем тысяч гледачоў.

Вось такога праціўніка выбраў лёс для салігорскага «Шахцёра». Як складзецца ў падначаленых Сяргея Бароўскага, мы даведаемся 24 ліпеня, пасля другой сустрэчы гэтых дзвюх каманд, якая адбудзецца ў Салігорску на стадыёне «Будаўнік». Але ў любым выпадку будзе цікава паглядзець, як ганарлівыя ірландскія паўаматары выступяць супраць нашых прафесійных майстроў скуранога мяча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?