Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ) скончыў адбор асноўнага выкладчыцкага складу, гаворыцца ў распаўсюджаным 29 ліпеня паведамленні адміністрацыі ВНУ.

На першым этапе быў праведзены адкрыты конкурс на замяшчэнне 17 выкладчыцкіх пасад па прынцыпу поўнай занятасці з заключэннем працоўных дамоваў на пяць гадоў. На другім — працоўныя дамовы тэрмінам на год будуць заключаныя з 61 выкладчыкам.

Адміністрацыя ВНУ адзначае, што універсітэту неабходна будзе штогод укладваць дадатковыя сродкі, каля 900.000 еўра, пры налічэнні заробкаў выкладчыцкаму складу.

На канец навучальнага года ў ЕГУ налічвалася 240 выкладчыкаў, з якіх каля 40 — грамадзяне Літвы.

Раней многія выкладчыкі працавалі згодна з дамовамі аб аказанні паслуг, што з'яўлялася часовай мерай, абумоўленай «чаканнем хуткага вяртання ЕГУ на радзіму ў Мінск, а таксама жаданнем многіх выкладчыкаў пражываць у Беларусі», гаворыцца ў паведамленні.

«Перамены ніколі не бываюць лёгкімі… Нягледзячы на цяжкасці, я ўпэўнены, што вынікі працэсу адбору ставяць ЕГУ на новую, больш трывалую аснову і рыхтуюць яго да наступнай задачы: прадастаўлення нашым студэнтам якаснай адукацыі ў сферы гуманітарных навук», — сказаў рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў.

Канфлікт у ЕГУ паміж адміністрацыяй і сенатам ВНУ, які ўзнік з прычыны правядзення рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу універсітэта, абвастрыўся ў сярэдзіне студзеня 2014 года. 5 лютага з ЕГУ звольнілі старшыню сената прафесара Паўла Церашковіча, датэрмінова перапыніўшы з ім кантракт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?