“Беларусь зробіць усё, што будзе патрэбна, для забесьпячэньня сувэрэнітэту і бясьпекі Вэнэсуэлы”, — гэткую шматзначную заяву зрабіў Аляксандар Лукашэнка ў Каракасе.

Ці азначае гэта, што Беларусь будзе ангажавацца ў справы заакіянскай краіны ў такой жа ступені, як у свой час Куба ў Анголе, а ГДР – у Эфіёпіі?

Аляксандар Лукашэнка зрабіў такую далёкасяжную заяву пасьля афіцыйнага адкрыцьця сумеснага беларуска-вэнэсуэльскага прадпрыемства па здабычы нафты, якое адбылося 8 сьнежня ў вэнэсуэльскім штаце Ансаатэгі.

«Ад імя добрага і талерантнага беларускага народу хачу сказаць, што мы зробім для тваёй краіны ўсё, што ты [Уга Чавэс] скажаш, каб абараніць яе сувэрэнітэт, бясьпеку і незалежнасьць», — цытуе А. Лукашэнку вэнэсуэльскае інфармацыйнае агенцтва ABN.

Як зазначыў А. Лукашэнка, «для нас няма закрытых тэмаў у супрацы». «Мы дамовіліся ўмацоўваць узаемадзеяньне для пабудовы шматпалярнага сьвету і супрацьдзеяньня замежным сілам», — сказаў ён.

А. Лукашэнка заклікаў вэнэсуэльскі народ быць удзячным свайму прэзыдэнту Чавэсу за «адданасьць і самаахвярныя высілкі ў ажыцьцяўленьні сацыяльных праграм, ва ўмацаваньні міжнароднага супрацоўніцтва на карысьць сваёй краіны».

Пры гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы паабяцаў стварыць у Вэнэсуэле прадпрыемствы зь перадавымі тэхналёгіямі. «Не пазьней як за тры гады, у Вэнэсуэле будуць створаныя высокатэхналягічныя прадпрыемствы зь беларускімі тэхналёгіямі, задачай якіх будзе паглыбленьне каапэрацыі між дзьвюма краінамі», — сказаў А. Лукашэнка.

Беларусы хочуць зрабіць з Вэнэсуэлы новы гіганцкі рынак для сваёй прадукцыі. МТЗ, МАЗ, БЕЛАЗ, будаўнічыя трэсты, праектныя бюро — усе яны мараць знайсьці сабе новы рынак за акіянам. Прыкладна тое самае адбывалася ў савецкі час, калі тысячы спэцыялістаў працавалі ў Альжыры, Мазамбіку, на Кубе і іншых саюзьніках савецкай імпэрыі. Знаўцы гішпанскай мовы будуць запатрабаваныя.

Але як надоўга?

Параза Чавэса на рэфэрэндуме 3 сьнежня ўраз паставіла пад сумнеў ягоную ўладу і адначасова ягоныя замежнапалітычныя праекты, кшталту супрацы зь Беларусьсю. Апазыцыя адкрыта называе іх вар’яцтвам, задавальненьнем уласных амбіцыяў.

Шырокая грамадзкая кааліцыя — касьцёл, апазыцыйныя партыі, бізнэс, студэнцтва — здолела дабіцца немагчымага, праваліць чавэсаўскі плян канстытуцыйных зьменаў.

Правал Чавэса можа мець тыя самыя наступствы, што і параза Піначэта на такім жа нібыта заведама пэўным рэфэрэндуме 1988 году.

За Чавэсам гаспадарка Вэнэсуэлы дайшла да дурнога стану, калі ў пэрыяд завоблачных цэнаў на нафту, галоўную крыніцу багацьця і адзіны артыкул экспарту, эканамічны рост апусьціўся да сьціплых парупрацэнтавых паказчыкаў, а ў краіне пачаўся дэфіцыт асноўных прадуктаў, напрыклад, малака.

Эксцэнтрычны Чавэс у эканамічных пытаньнях кіруецца палітычнымі мэтамі: ён фінансуе рэжым Кастра на Кубе, выганяе адных інвэстараў і запрашае іншых. Яму заманулася замяніць заходнія тэхналёгіі братнімі кітайскімі і беларускімі.

Натхнёная перамогай вэнэсуэльская апазыцыя напэўна паспрабуе разьвіць посьпех. Можна чакаць у бліжэйшыя тыдні магутных маніфэстацый.

У выпадку падзеньня Чавэса Беларусі няма чаго разьлічваць на дармовую здабычу нафты.

Словы Лукашэнкі могуць азначаць, што Беларусь паспрабуе ўплываць на хаду падзеяў у Каракасе.

Дагэтуль гаворка ішла толькі пра пастаўку ўзбраеньняў. А ну ж на помач прыйдуць яшчэ вайсковыя дарадцы, разьведка і АМОН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?