Актывіст моладзевага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў 9 кастрычніка асуджаны судом Маскоўскага раёна Менска на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, Вінаградаў прызнаны вінаватым у дробным хуліганстве: нібыта 8 кастрычніка, калі ён прыйшоў у РУУС адзначацца, брыдкасловіў у прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі.

Акрамя таго, у гэтым жа судзе, але на асобным грамадзянскім працэсе вырашаецца пытанне аб працягу прэвентыўнага нагляду над Вінаградавым яшчэ на год.

Вінаградаў неаднаразова, у тым ліку ў апошні час, атрымліваў адміністрацыйныя арышты і штрафы.

2 кастрычніка актывіст, за якім устаноўлены прэвентыўны нагляд, пайшоў адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага раёна і не вярнуўся дадому. Пазней яго жонка паведаміла, што актывіст затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэнне.

З РУУС Вінаградаў быў адпушчаны 3 кастрычніка. У дачыненні да яго быў складзены пратакол па арт. 17.3 КаАП (распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ці на працы ў стане ап'янення) і накладзены штраф у восем базавых велічынь (1,2 млн рублёў).

12 верасня Вінаградаў быў асуджаны да 15 сутак арышту і аштрафаваны на 1 млн 950 тыс. рублёў за тое, што ён нібыта лаяўся матам і распіваў спіртныя напоі.

26-гадовы Павел Вінаградаў — адзін з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, быў асуджаны на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні. Як мінімум да 25 кастрычніка будзе знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?