Вялебная Лібі Лэйн была прызначаная першай жанчынай-біскупам у англіканскай царкве, усяго праз месяц пасля гістарычнай змены кананічнага права, паведамляе сайт stpetershale.org.uk.
Яна стане новым біскупам Стокпорта – гэты пост заставаўся вакантным з мая гэтага году. Спадарыня Лэйн была вікарыем у царкве Saint Peter’s Hale, а таксама ў Saint Elizabeth’s Ashley, што знаходзіцца ў епархіі Чэстэр, пачынаючы з 2007 года.
Генеральны Сінод прагаласаваў за права жанчын быць прызначанымі на пасаду біскупаў у ліпені, а афіцыйна закон быў прыняты 17 лістапада. Дадзенае прызначэнне скончыла выключна мужчынскую гісторыю пасады біскупа ў англіканскай царкве і адбылося праз 20 гадоў пасля таго, як жанчыны атрымалі магчымасць станавіцца там святарамі.
Лібі Лейн была пасвечаны ў сан дыякана ў 1993 годзе, а святаром стала ў 1994 годзе і пачала служыць у Блэкбэрне, графства Ланкашыр.
Выступаючы ў ратушы Стокпорта, дзе яна была абвешчаная ў якасці новага біскупа горада, Лібі Лэйн сказала: «Я ўдзячная за давер, аказаны мне епархіяй Чэстэра, хоць і трошкі напужаная. Гэта нечакана і вельмі цікава. У гэты гістарычны дзень, калі англіканская царква ўпершыню прызначае жанчыну біскупам, я вельмі ўдзячная ўсім тым, хто пайшоў раней за мяне, жанчынам і людзям, якія на працягу дзесяцігоддзяў чакалі гэтага моманту. Але больш за ўсё я ўдзячная Богу».
«Царква зараз мае выдатную магчымасць, каб абвясціць зноўку, у гэтым пакаленні, Добрую Вестку Ісуса і пабудаваць Яго царства. Англіканская царква прызваная служыць людзям гэтай краіны, і, будучы прысутнай у кожнай супольнасці, мы можам перадаваць нашу веру лепш за ўсё, калі наша жыццё дапаўняе жыццё іншых людзей, асабліва найбольш уразлівых. Я вельмі рада магчымасцям і задачам, якія чакаюць мяне наперадзе», – дзеліцца сваімі ўражаннямі спадарыня Лэйн.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран павіншаваў спадарыню Лэйн і сказаў: «Гэта гістарычнае прызначэнне і важны крок наперад для англіканскай царквы ў адносінах да большай роўнасці на сваіх кіруючых пасадах».
Лібі Лейн будзе асвячоная як восьмы біскуп горада Стокпарта на цырымоніі ў Кафедральным саборы Ёрка 26 студзеня 2015 году.
Першыя жанчыны-святары ў англіканскай царкве з’явіліся ў 1994 годзе, але да сённяшняга дня жанчыны не маглі займаць там вышэйшыя пасады.