А.А. Мілн. Віня-Пых. Пераклад з анг. В.Воранаў. Познань, 2007. — 128 c. |
Што, не даяце мне веры? Вось як цяперашні час сапсаваў людзей. Скажы ім, што мядзьведзіка клічуць Пых, і што імя гэтае паходзіць ад таго, што ён часьцяком пыхкаў, і пры тым ня меў ніякага дачыненьня да раста‑ і іншых манаў — табе не павераць. А дарэмна, бо так яно і было. Вунь, спытайцеся ў Давераных Асобаў Важнага Пу — яны пацьвердзяць!
Мне, нажаль, не пашэньціла чытаць Віню Пыха на яго роднай мове — ангельскай. Гаманілі мы зь ім дагэтуль толькі праз расейскамоўнага перакладчыка. І хоць гэты перакладчык быў вельмі добры, але ж ведаем мы іх… Там прыдумаюць ад сябе, там прыўкрасяць, там змоўчаць… Няма ім веры. Але ж варта Пыху было стрэцца з тымі‑сімі беларускамі (вой, абмыліўся, замест беларусамі як напісалася, але ж праўда заўжды вылезе), дык ён падвучыў нашую мову — ды пачаў размаўляць на ёй, як на роднай. Вось дык кемлівае мадзьведзянятка (а Крыштусь Родзька казаў, што ня вельмі)!
Чакайце. Вы што, ня ведаеце, хто такі Крыштусь Родзька? А Кенга, а Сваякі і Знаёмцы Трусу? Вой, то вы толькі мульцік глядзелі. І на кніжку вам наракаць няма чаго. Бо нават таленавіты савецкі мульцік ня здолее перадаць увесь яе цудоўны досьціп. Таму, каб брацца за яе пераклад, трэба быць вельмі дасьціпным (а да таго ж вельмі апантаным) чалавекам. І трэба вельмі добра разумець, што Маленькае Някемлівае Мядзьведзянятка можа, забыўшыся, ужываць некаторыя словы зь яго роднай ангельскай мовы, а таксама казаць так, як казалі ягоныя прамядзьведзі з Гарадзеншчыны ці Берасьцейшчыны, дзе якраз нямала сто і нават болей адсоткавых лясоў. Відавочна, адгэтуль вядуцца й прапарсюкі Маленькага Парасяткі, у тым ліку ягоны прапарсюк Уваходзік Неўпаўнаважаным (расейская мянушка Парасятка «Лыч» у нашай кніжцы не прыжылася). Вы не паверыце, але й нават у Восьліка Іа могуць быць ліцьвінскія альбо крывіцкія карані — чаму ж начай ён сьпявае «Го‑го‑го, каза, го‑го, шэрая»?
Цікава, што ў гэтым годзе Віня‑Пых завітаў і ва Ўкраіну, дзе ён немаведама чаму назваўся «Віні‑Пух і всі‑всі‑всі». У дадатак там ён чамусьці абраў сабе тоўстую чырвоную вокладку. Беларускі Пых мае шмат лепшы густ — і вокладка, і кніжка зроблены шляхетна і прыгожа, нават у чымсьці пяшчотна. Дрэнна толькі, што выдавацца ён мусіў у Варшаве — але колькі нам да тое Варшавы?! Галоўнае, што Віня цьвёрда вырашыў, што беларускі — народ найлепшы ў сьвеце (вой, ізноў абмылка — ня там працяжнік паставіў!).
Яшчэ колькі гадоў таму быць бацькамі беларускамоўнага дзіцяняткі было, мусіць, трошкі цяжэй, чым цяпер. Бо толькі нядаўна мы пабачылі Карлсана‑З‑Даху (мне, праўда, гэты карлсан не падабаецца — шкоднік ён!), Ферду‑Мураша ды Віню‑Пыха, а да таго ж яшчэ шмат цудоўных кніжак для дзетак — «Мах і Шэбестава вандруюць па сьвеце», «Жабка і чужынец» і, нарэшце, «Добрыя вершы: побач з намі на зямлі». Прабачце, калі не прыгадаў што. А вось калі да гэтай шаноўнай Кумпаніі далучыцца сям’я Мумі‑Троляў, то можна навогул не турбавацца наконт сучасных беларускамоўных дзіцянятак.
Прыватна для мяне Віня‑Пых — галоўная падзея ў беларускамоўнай дзіцячай (і, вядома, дарослай) літаратуры мінулага году. Я ня згодны, што гэтая кніжка — для калекцыянераў. Я згодны, што яе трэ было б трошкі дапрацаваць. Некаторыя вершы ў Барыса Заходэра мне спадабаліся больш, чым у Віталя Воранава, іншыя ў Віталя атрымаліся бліскуча (У завею ці пад градам / Суну лапу ў мёд — і рады!). Але ж ні гэта, ні некаторыя вычварэнствы з мовай (бо як без іх у Віні‑Пыху?) ні ў якім разе не сапсавалі кніжку. Як на мой ўласны густ, то й другая частка мусіць быць не менш ласым кавалачкам. А яна быць мусіць, бо Віня паабяцаў ужо больш не зьнікаць — надта ж тутака пчолы працавітыя вядуцца!