Васьміног Рэмба з акіянарыума ў Оклендзе (Новая Зеландыя) засвоіў фотарамяство. Зроблены яго рукамі (дакладней, мацальцамі) здымак каштуе турыстам два новазеландскія даляры, распавядае Cult of Mac.

Рэбма навучыўся карыстацца адмысловым фотаздымачом, што спускаюць у яго акварыум, з трэцяй спробы. «Хутчэй за сабаку, — заўважае яго трэнер Марк Ветэ. — Насамрэч, і хутчэй за чалавека ў некаторых выпадках».

Падводны фатограф карыстаецца кампактнай камерай Sony TX30. Пакуль ён умее толькі здымаць у аўтарэжыме — васьміног толькі націскае на чырвоную кнопку спуску, калі перад ім пачынаюць пазіраваць.

Застаецца невядомым, ці захоўвае Рэмба аўтарскія правы на свае здымкі паводле новазеландскіх законаў, адзначае Engadget. Грошы, заробленыя на яго фота, збіраюцца накіраваць на праграму па захаванні марскога жыцця.

Васьміногі і раней цягнуліся да фотатэхнікі — у мінулым месяцы васьміног скраў камеру GoPro ў даследчыкаў Мідлбэры-каледжа ў ЗША. Стаць фатографам ці аператарам на поўную стаўку яму не далі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?